За акцыю каля помніка 1000-годдзю Брэста суд аштрафаваў на 500 долараў
Суд Ленінскага раёна Брэста пакараў краязнаўца Дзяніса Турчаняка штрафам у памеры 1 млн 400 тыс. рублёў нібыта за ўмяшанне ў дзеянні міліцыі.
Дзяніс Турчаняк распавёў, што ўчора ён падыйшоў да двух людзей у цывільным, якія цягнулі актывіста Міхася Ільіна, і спытаў, што адбываецца. Тады да яго падыйшоў міліцыянт Валковіч і з ужыццём болевага прыёма павёў да спецназаўскай аўтамашыны. Пратакол парушэння грунтаваўся толькі на паказаннях міліцыянта Валковіча.
Суд не прыняў да ўвагі хадайніцтва Турчаняка ад допыце ў якасці сведкі другога міліцыянта. Міліцыянт Валковіч сказаў, што яго памагаты быў проста жыхаром Брэста. "Гэты "просты" жыхар трымаў Ільіна за валасы і забраў у яго флэш-карту фотаапарата", — распавёў Еўрарадыё Дзяніс Турчаняк. Ён мае намер апратэставаць рашэнне суда.
Турчаняк быў адпушчаны з Ленінскага РАУС учора ўвечары. А вось Міхась Ільін правёў ноч у ізалятары. Раніцай ён запатрабаваў адваката. Суд над Ільіным адбудзецца на наступным тыдні.
Нагадаем, 17 жніўня каля помніка 1000-годдзю Брэста адбылася раздача ўлётак з прапановай да ўладаў вярнуць людзям грошы, ахвяраваныя на помнік. Падстава: зроблены помнік у канцэпцыі моцна адрозніваецца ад праектнага, на які людзі часта “ў прымусова-дабраахвотным парадку” здавалі грошы. Агульны каштарыс помніка склаў каля 1,8 мільярда рублёў.