Звальненьні за ўдзел у мітынгу ў Гарадку
Старшыню Віцебскай суполкі Моладзі БНФ Аляксандра Кузьняцова звальняюць з працы. Яшчэ адзін актывіст арганізацыі Сяргей Зьвёздачкін быў звольнены з працы ў сувязі з удзелам у акцыі 27 ліпеня ў Гарадку.
Як распавёў Сяргей, яго выклікаў да сябе дырэктар і паведаміў, што той звольнены за ўдзел у апазіцыйным мітынгу ў Гарадку. Ніякіх іншых тлумачэньняў дырэктар ня даў.
Аляксандра Кузьняцова наймальнік таксама выклікаў і сказаў, што калі маладзён не звольніцца сам, то ў фірмы будуць праблемы: адзавуць ліцэнзію і не працягнуць дамову-арэнды памяшканьня.
"Усё гэта зьвязанае з падзеямі ў Гарадку. Я вымушаны звольніцца, каб не падстаўляць сваіх калег", - распавёў Аляксандр Кузьняцоў.
Нагадаем, што 27 ліпеня 15 моладзевых актывістаў вышлі на цэнтральную плошчу горада з нацыянальнымі сцягамі і скандавалі лозунг «Жыве Беларусь!». У выніку супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Ірыну Пятрову і кіраўніка гарадоцкай арганізацыі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова, а таксама актывістаў «Моладзі БНФ» Валерыя Раманенку і Тараса Сургана.