Справу па нерэгістрацыі “Берасцейскай Вясны” разгледзіць Вярхоўны Суд
Грамадзянская справа па скарзе заснавальнікаў “Берасцейскай Вясны” на адмову Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання разам з касацыйнай скаргай на рашэнне абласнога суду накіраваныя ў Вярхоўны Суд. Разгляд справы прызначаны на 3 верасня.
Нагадаем, што 4 чэрвеня праваабаронцы даведаліся, што Брэсцкі аблвыканкам у чарговы раз адмовіў ім у рэгістрацыі аб’яднання.
Галоўнай падставай для адмовы стаў факт адозву гарантыйнага ліста на прадстаўленне юрыдычнага адрасу яго ўладальнікам. Насамрэч, уласніку памяшкання патэлефанавалі з аблвыканкаму і параілі адазваць гарантыйны ліст. Зразумела, ніхто і не думаў інфармаваць пра гэта заяўнікоў, хаця час для пошуку новага юрыдычнага адрасу заставаўся.
21 ліпеня Брэсцкі абласны суд сваім рашэннем падтрымаў адмову аблвыканкама.