Сьледзтва ў справе Аўтуховіча плянуюць завяршыць да 8 кастрычніка
Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімеру Асіпенку і Юрыю Лявонаву падоўжылі тэрмін сьледзтва яшчэ на два месяцы.
Пра гэта паведаміла “Свабодзе” адвакатка Ўладзімера Асіпенкі Тамара Сідарэнка пасьля спатканьня са сваім падабаронным.
18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам Аўтуховічу, Асіпенку і Лявонаву прад’явілі абвінавачаньне ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці.
23 чэрвеня супраць Мікалая Аўтуховіча распачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.
8 жніўня Юры Лявонаў пакінуў сьледчы ізалятар. Яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд, але крымінальная справа супраць яго ня спыненая:
"Я па-ранейшаму зьяўляюся абвінавачаным па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). Як мне сказалі сьледчыя, 8 кастрычніка папярэдняе сьледзтва павінна быць завершанае. Потым нам трэба будзе азнаёміцца са справай, і яе перададуць у суд. Я чакаю, што працэс пачнецца ў лістападзе," -- сказаў Лявонаў у інтэрвію БелаПАН.