viasna on patreon

У Гомелі судзяць старшыню рэлігійнай суполкі

2009 2009-08-11T16:35:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida.jpg

Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Рашэтнікава — старшыні рэлігійнай суполкі Сьведкі Іеговы. Яго абвінавачваюць у “арганізацыі рэлігійнага масавага мерапрыемства” з парушэньнем устаноўленага парадку.

Сьведкамі выступалі супрацоўнікі ідэалягічнага й жыльлёва-камунальнага аддзелаў ЖКГ адміністрацыі Чыгуначнага раёну.

 

Спадар Рашэтнікаў віны не прызнаў. Ён патлумачыў, што гэта была сустрэча аднадумцаў, у тым ліку й чальцоў суполкі Сьведкі Іеговы. Арганізатарам яе ён не зьяўляўся, а прысутнічаў як адзін з удзельнікаў сустрэчы. Размовы вяліся на самыя розныя тэмы, у тым ліку й пра Біблію. Удзельнік сустрэчы ўдакладніў у судзе адну з тэмаў гутаркі: “Чаму прымяненьне біблейскіх прынцыпаў карыснае для шлюбу?”

 

Нагадаем, што 21 ліпеня міліцыя гвалтам абшукала прыватны дом, дзе сабраліся вернікі й прыхільнікі нэапратэстанцкай рэлігійнай суполкі Сьведкі Іеговы. Міліцыянты пералезьлі праз плот, адчынілі браму й зайшлі на панадворак. Кіраваў апэрацыяй маёр міліцыі Дзьмітры Бондараў. Дазвол на дагляд выдала пракуратура Чыгуначнага раёну.

 

Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пускаць міліцыянтаў у прыватны дом безь ягонага ўладальніка. Але міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і з дапамогай наждачнай пілы “баўгаркі” расьпілавалі замок і ўвайшлі ў дом. Яны забралі музыкальную апаратуру й склалі супраць Юрыя Рашэтнікава пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

 

Заўтра, 12 жніўня, судзьдзя Віталь Козыраў абвесьціць рашэньне па адміністрацыйнай справе супраць спадара Рашэтнікава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства