Валеры Леванеўскі дамагаецца адкрыцьця ў Івацэвіцкай калоніі пакоя для вернікаў, а таксама прапануе наладзіць для асуджаных кампутарныя курсы
Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калоніі, просіць адміністрацыю адкрыць пакой для вернікаў розных канфэсіяў. Пра гэтую ініцыятыву Валера Леванеўскага распавёў Радыё Свабода сын вязьня Ўладзімір Леванеўскі.
Паводле Валера Леванеўскага, у Івацэвіцкай калоніі сярод вязьняў большасьць складаюць атэісты, а сярод вернікаў пераважна праваслаўныя . Аднак шмат і каталікоў, пратэстантаў, прадстаўнікоў іншых канфесіяў. Сам Валер Леванеўскі – каталік. Сын вязьня згадаў, што бацька на волі ня быў заўзятым вернікам, але касьцёл наведваў шмат разоў. У іх сям'і адзначаліся асноўныя рэлігійныя сьвяты. У калёніі цікаўнасьць да рэлігіі ў Валера Леванеўскага, як і ў іншых вязьняў, падвысілася, але там няма месца, дзе вязень без перашкод можа выканаць свой рэлігійны абавязак.
Як паставіліся да ініцыятывы Валера Леванеўскага ў адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі? Па словах начальніка калоніі Івана Лукшы, вернікаў наведвае праваслаўны бацюшка, а па нядзелях таксама прадстаўнік пратэстанцкай канфэсіі. На гэта ёсьць дазвол Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. А для асобнага пакою няма памяшканьня.
Дарэчы, спасылка на адсутнасьць памяшканьня гучала і раней, калі Валеры Леванеўскі дамагаўся адкрыцьця ў Івацэвіцкай калоніі бібліятэкі. Вязень напісаў шмат скаргаў кіраўніцтву турэмнай сістэмы, а калі памяшканьне было выдзеленае, спрыяў забесьпячэньню кнігамі бібліятэчнага фонду. Паводле дадзеных Валера Леванеўскага, цяпер у турэмнай бібліятэцы больш за тысячу кніг.
Валер Леванеўскі прапанаваў адміністрацыі наладзіць у калёніі кампутарныя курсы для асуджаных. Сабраць кампутар бярэцца сам. Сам можа быць і выкладчыкам. Але гэтая ініцыятыва вядомага вязьня падтрымкі ў кіраўніцтва калёніі пакуль не знайшла.