Аштрафаваныя журналісты газэты «Згода»
Рэдактар недзяржаўнай газэты "Згода" Аляксей Кароль і ягоны намесьнік Аляксандар Сьдзьвіжкоў аштрафаваныя на 100 базавых велічыняў кожны (прыблізна па 1200 даляраў ЗША). Адпаведнае рашэньне вынес суд Першамайскага раёну Менску. Суд пакараў кіраўнікоў незалежнага выданьня за "пашырэньне наўмысна непраўдзівых зьвестак".
Як паведаміў 26 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Кароль, падставай для такога рашэньня суду, сталі каляжы, якія друкаваліся ў некалькіх нумарах "Згоды". Журналісты выкарыстоўвалі вядомыя карціны, прыкладам, Сальвадора Далі, на якіх замест твараў з арыгіналаў зьмяшчалі выявы шэрагу беларускіх палітыкаў, прычым, як падкрэсьліў спадар Кароль, гэта былі ня толькі прадстаўнікі ўлады.
Аляксей Кароль, які зьяўляецца прафэсійным гісторыкам, гаворыць, што рашэньне суду нагадала яму 1937-ы год:
"Гэта традыцыя 1937-га году. Сьведчу, як гісторык, які адшукаў дакумэнты 1930-х гадоў. Мы выглядаем як амаль што ворагі народу. І падтэкст разглядаецца як ужо нейкае правапарушэньне", -- паведаміў журналіст для “Радыё Свабода”.
Яшчэ 24 сакавіка ў офісе "Згоды" правялі ператрус, а ўсю аргтэхніку, якая належала выданьню, канфіскавалі. Яе да гэтага часу, паводле словаў Караля, рэдакцыі не вярнулі.