Удзельнікаў акцыі ў Ваўкавыску пакаралі штрафамі
У Ваўкавыску скончыўся суд над удзельнікамі акцыі, якая адбылася 16 траўня. Тады сябры АГП з Гародні і Ваўкавыску, пры падтрымцы сяброў Грамадзянскага Форуму выйшлі на вуліцы гораду з павялічанымі здымкамі Аўтуховіча, каб прыцягнуць увагу грамадзкасці да яго справы і галадоўкі, якую той трымае ў турме.
Сёння суддзя Ваўкавыскага раённага суду Святлана Ланцэвіч пакарала ўдзельнікаў акцыі штрафамі. Кіраўнік абласной структуры АГП Юры Істомін быў аштрафаваны па артыкуле 23.34 частка 3 на 20 базавых велічынь. Іншыя сябры АГП, Зміцер Бандарчук, Аляксандра Васілевіч, Алег Калінкоў, Міхась Ладушка і Андрэй Ігнацюк атрымалі па артыкулу 23.34 частцы 1 па 2 базавых велічыні. Столькі ж атрымаў кіраўнік Грамадзянскага Форуму Павел Драчоў. Суд над Віталём Гуляком перанесены, па прычыне адсутнасці Віталя.
Трэба азначыць, што супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі актывістаў, у суд нават не выклікалі. Прысутнічалі толькі два прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнік аддзела моладзі Аляксей Купта і чалавек, які здымаў актывістаў на відэакамеру Алег Курылік. Гэтыя чыноўнікі выступалі як сведкі, хоць самыя на судзе прызналі, што міліцэйскія пратаколы яны падпісвалі не ў дзень затрымання актывістаў, а пазней.