Яўгена Скрабца выпусцілі са шпіталя
Актывіста Берасьцейскай філіі Маладога Фронту Яўгена Скрабца выпусьцілі са шпіталя.
У пятніцу ўвечары берасьцейскага маладафронтаўца Яўгена Скрабца адпусьцілі са шпіталю. Нагадаем, некалькі дзён назад міліцыянты і супрацоўнікі ваенкамата ля пад'езду затрымалі Яўгена Скрабца і гвалтам адвезьлі ў вабласны шпіталь на абсьледваньне.
Два дні маладафронтавец знаходзіўся ў шпіталі. Кругласуткава палату ахоўвалі міліцыянты і людзі ў цывільным, якія не пушчалі сябраў Яўгена да хлопца.
"Пасьля публікацыяў у СМІ паведамленьняў пра тое, што маіх паплечнікаў і берасьцейскага праваабаронцу Рамана Кісьляка не пускаюць да мяне, лекары правялі тэрміновую камісію. Зь лекарамі размаўлялі людзі ў цывільным, што ахоўвалі палату, і таму лекары адмовіліся паказваць вынікі абсьледваньня.
Пасьля міліцыянты адвезьлі мяне ў ваенкамат, далі позву на 9 чэрвеня і адпусьцілі", - распавядае Яўген Скрабец.
Нагадаем, падчас зімовага прызыву Яўгену Скрабцу далі адтэрміноўку на 6 месяцаў у сувязі з дыягназам “вертэбрагенная люмбаішалгія”.