Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line выказвае занепакоенасць у сувязі з крымінальным пераследам Леаніда Свеціка
Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line 8 красавіка накіравала ліст да прэзідэнта Беларусі ў сувязі з крымінальным пераследам праваабаронцы Леаніда Свеціка.
Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку
Дом Урада,
вул. Карла Маркса 38
220016,
Мінск, Беларусь
8 красавіка 2009
Судовае разбіральніцтва супраць праваабаронцы Леаніда Свеціка
Front Line занепакоеная паведамленнямі аб судовай справе супраць праваабаронцы Леаніда Свеціка. Леанід Свецік з’яўляецца сябрам Віцебскай філіі Праваабарончага Цэнтра “Вясна” і адным з заснавальнікаў грамадскай праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна”. Леанід Свецік аказвае юрыдычную дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы шматлікіх скаргаў, прынятых Камітэтам ААН па Правах Чалавека.
31 сакавіка 2009 Леаніду Свеціку паведамілі аб крымінальнай справе супраць яго. Ён абвіначваецца ў распальванні нацыянальнай і расавай варожасці, паводле Артыкула 130 Крымінальнага Кодэкса, і ў паклёпе на Прэзідэнта Рэспуьблікі Беларусь, паводле часткі 2 Артыкула 367 Крымінальнага Кодэкса.
У 2006 і 2007 гадах Леанід Свецік аказваў юрыдычную дапамогу віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад Віцебскай філіі рускай неанацысцкай арганізацыі “Русское Национальное Единство” (РНЕ). Спачатку міліцыя адмовілася ўзбуджаць справу, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што РНЕ з’яўляецца незарэгістраванай арганізацыяй. Крымінальнае расследванне гэтых пагрозаў РНЕ было распачатае толькі 20 траўня 2008 г. 23 траўня 2008 г. супрацоўнікі міліцыі правялі дзевяцігадзінны вобшук дома ў Леаніда Свеціка, падчас якога супрацоўнікі КДБ вынялі ў яго кампутар, офіснае абсталяванне і друкаваныя матэрыялы праваабарончай тэматыкі. Вобшук праводзіўся паводле пастановы, у якой Леанід Свецік узгадваўся ў якасці сведкі па справе супраць РНЕ. Пасля вобшука Леанід Свецік быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ ва ўправе КДБ, дзе яму было паведамлена, што ён падазраецца ў “распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці” паводле артыкула 130.1 Крымінальнага Кодэкса. Крымінальная справа супраць яго была прыпыненая ў верасні 2008 г.
Судовая справа была адноўленая 31 сакавіка 2009 г. Леаніду Свеціку былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні. Паводле Леаніда Свеціка, міліцыя не паведаміла прычынаў аднаўлення справы. Ён звязвае гэта з узрастаючым ціскам на праваабаронцаў у Беларусі і адмовай беларускіх уладаў зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю “Наша Вясна” ад 26 лютага 2009 г.
Front Line лічыць, што судовыя дзеянні супраць сп. Свеціка неабгрунтаваныя і звязаныя з яго легальнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю.
Front Line заклікае беларускія ўлады:
- Неадкладна зняць абвінавачванні з праваабаронцы Леаніда Свеціка;
- Гарантаваць фізічную і псіхалагічную цэласнасць;
- Забяспечыць усім праваабаронцам Беларусі, якія праводзяць законную працу па абароне правоў чалавека, права на свабоду выказвання і аб’яднання, а таксама свабодную дзейнасць без абмежаванняў і пераследу, уключаючы судовы пераслед.
Front Line з павагай нагадвае вам, што Дэкларацыя ААН аб праве й абавязку асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 г., прызнае легітымнасць дзейнасці праваабаронцаў, іх права на свабоду аб’яднанняў і ажыццяўленне дзейнасці без пагрозы рэпрэсіяў. Мы хацелі б асабліва звярнуць вашую ўвагу на Артыкул 5 (б і в): “Дзеля заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод, кожны мае права, як індывідуальна, так і ў аб’яднанні з іншымі, на нацыянальным і міжнародным узроўні: (б) ствараць, далучацца і ўдзельнічаць у недзяржаўных арганізацыях; (б) падтрымліваць адносіны з недзяржаўнымі і міжурадавымі арганізацыям”, на Артыкул 11: “Кожны мае права, індывідуальна і ў аб’яднанні з іншымі, на законнае карыстанне правам на прафесію (...)”, і на Артыкул 12 (2): “Дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры дзеля абароны кампетэнтнымі ўладамі кожнага, індывідуальна і ў аб’яднанні з іншымі, супраць жорсткасці, пагроз, помсты, дэ факта і дэ юрэ дыскрымінацыі, уціску або любых іншых адвольнах дзеянняў у якасці наступстваў за законнае карыстанне правамі, узгаданымі ў дадзенай Дэкларацыі”.
Мэры Лоўлар,
Дырэктар
Арганізацыя Front Line была заснаваная ў Дубліне ў 2001 годзе з мэтай абароны праваабаронцаў, якія займаюцца негвалтоўнай дзейнасцю па абароне любога з правоў, абвешчаных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.
Front Line адстойвае інтарэсы праваабаронцаў перад урадамі краінаў і міжнароднымі арганізацыямі з тым, каб удасканаліць механізмы абароны праваабаронцаў. Адна з мэтаў дзейнасці – пабудзіць палітыкаў агульнаеўрапейскага, нацыянальнага і міждзяржаўнага ўзроўняў да прыняцця неадкладных мераў і стварэння бяспечных умоваў для праваабаронцаў, якія ажыццяўляюць сваю законную, мірную дзейнасць на карысць людзей. Арганізацыя мае кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай радзе ААН.