Есьман будзе судзіць Баразенку
Былым намесьніку генэральнага пракурора і пракурору Менскай вобласьці пагражае зьняволеньне да шасьці гадоў. 14 лістапада пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, іх звольнілі і распачалі ў дачыненьні да былых ужо пракурораў крымінальную справу за злоўжываньне службовым становішчам. Кіраўнік дзяржавы называў таксама прозьвішчы трох судзьдзяў Цэнтральнага суду і патрабаваў іх звальненьня. Але судзьдзі дагэтуль выконваюць свае абавязкі.
Супраць былога намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава і былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра заведзеная крымінальная справа паводле 424 артыкула Крымінальнага кодэксу (злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненае з карысьлівай ці іншай зацікаўленасьці). Калі справа дойдзе да суду, то былых пракурораў могуць пакараць штрафам альбо пазбавіць права займаць пэўныя пасады. Артыкул прадугледжвае таксама пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да шасьці гадоў.
Кіраўнік аддзелу інфармацыі Генэральнай пракуратуры Генадзь Вярцінскі паведаміў “Свабодзе”:
“Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь была распачатая крымінальная справа паводле факту злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі службовымі асобамі органаў пракуратуры.
У іхных дзеяньнях назіраюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжаныя часткай другой артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.
Сьледчыя адмовіліся даць інфармацыю наконт меры стрыманьня, выкарыстанай у дачыненьні да былых пракурораў.
Нагадаем: 13 лістапада Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, заявіў, што Міхаіл Сьнягір набыў у бізнэсоўца за 75 000 даляраў кватэру, якая насамрэч каштуе каля паўмільёна даляраў. Паводле кіраўніка дзяржавы, намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў гэта ведаў і нават спрыяў абласному пракурору.
Аляксандар Лукашэнка назваў таксама прозьвішчы трох судзьдзяў Цэнтральнага суду Менску — Тацьцяны Паўлючук, Алены Ільіной і Валерыя Есьмана, добра вядомых па палітычных справах.
Калі ў дачыненьні да супрацоўнікаў пракуратуры ў той жа дзень было пададзенае прадстаўленьне аб вызваленьні іх з займаных пасадаў і распачаўся крымінальны перасьлед, то судзьдзі выконваюць свае абавязкі дагэтуль.
Валеры Есьман быў прызначаны разглядаць справу Аляксандра Баразенкі, апошняга фігуранта ў “справе 14-ці”. У канцылярыі суду крымінальных справаў “Свабодзе” паведамілі, што ён будзе судзіць апазыцыянэра, але пакуль яшчэ ня вызначыўся з датай працэсу.
Сакратар: “Есьман будзе разглядаць. Яшчэ дату не прызначыў”.
Судзьдзі Ільіна і Паўлючук таксама пакуль выконваюць свае абавязкі ў судзе Цэнтральнага раёну.
Кіраўнік дзяржавы абвінаваціў таксама намесьнікаў міністра ўнутраных спраў, галоўнага ўрача шпіталя МУС і яшчэ некалькі асобаў у тым, што яны незаконна завалодалі зямельнымі ўчасткамі на тэрыторыі дзіцячага садку на беразе Заслаўскага вадасховішча.
Да канца лістапада камісія будзе правяраць гэтую інфармацыю. Пакуль вынікі праверкі ня будуць абвешчаныя, чыноўнікі застануцца на сваіх пасадах.