Рэжысёр «экстрэмісцкага» фільма: «Я разлічваў хіба што на ацэнку журы, але ніяк не суда»
Рэжысёр польскага дакументальнага фільма «Lekcja Bialoruskiego» («Урок беларускай мовы») Міраслаў Дэмбіньскі быў агаломшаны весткай пра тое, што яго твор у Беларусі быў прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і зараз падлягае знішчэнню.
«Калі я даведаўся пра тое, што мой фільм прызнаны экстрэмісцкім, я быў проста ў шоку. Я рабіў яго для публічных паказаў і спадзяваўся хіба што на рэцэнзіі ад журналістаў, ад журы якіх-небудзь кінафестываляў, але ніяк не на ацэнку ў судах», — прызнаўся Міраслаў Дэмбіньскі ў гутарцы з прэс-службай БАЖ.
«Наколькі я разумею, зараз усе асобнікі фільма, якія будуць знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, падлягаюць знішчэнню. Калі шчыра, гэта больш нагадвае не часы дэмакратыі, а падзеі ля Рэйхстагу ў фашысцкай Германіі, калі палілі кнігі. Тым больш, я так разумею, мой фільм – не адзіны інфармацыйны матэрыял, які прызнаны экстрэмісцкім…»
Міраслаў Дэмбіньскі дадаў, што фільм «Lekcja Bialoruskiego» атрымаў 17 узнагарод на разнастайных еўрапейскіх кінафестывалях. У аснове фільма ляжыць расповед пра жыццё вучняў закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, іх удзел у палітычным жыцці краіны, пікам якога сталі выбары прэзідэнта 2006 года і паслявыбарчыя пратэсты.
Нагадаем:
Днямі стала вядома, што 6 дыскаў з запісам польскага дакументальнага фільма «Lekcja Bialoruskiego», а таксама тры дыскі з запісам варшаўскага канцэрта 2006 г. «Салідарныя з Беларуссю», і 7 дыскаў з фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы ў дзень выбараў 2006 года прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Паведамленне пра гэта надрукавала 2 кастрычніка газета «Звязда». Паводле выдання, рашэнне аб прызнанні згаданых дыскаў экстрэмісцкімі прымаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна, і яно ўжо ўступіла ў законную сілу з 16 верасня 2008 года.
Крыху раней, 9 верасня, суд Іўеўскага раёна (Гродзенская вобл.) прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванай газеты «Свабода» (№ 127 за 14–27.08.2008) экстрэміcцкім і пастанавіў знішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску. Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасня начальнік Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка. УКДБ падалася падазронай публікацыя «Вайна ў Грузіі», змешчаная ў нумары выдання.
Той жа І. Сяргеенка ініцыяваў грамадзянскі працэс у г. Гродна аб прызнанні экстрэмісцкімі шэрагу іншых матэрыялаў, якія беларускія мытнікі вымалі ў грамадзян на працягу апошніх трох гадоў: асобнік газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», выданне «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе», аўдыёзапіс праграм польскага радыё, «Асновы стратэгіі АДС» і «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл», бюлетэнь «Свабодная думка», кнігі «Лісты з лесу» (аўтар — Павел Севярынец) і «Выпадковы прэзідэнт» (аўтары — журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет) і іншыя матэрыялы. Слуханні па справе пачнуцца ў Кастрычніцкім раённым судзе ў гэтым месяцы.