Еўрапарламент выступіў за зніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Як паведамілі ў прэс-службе Еўрапарламента, за прыняцце дакумента прагаласавалі 597 парламентарыяў, 31 — супраць, 22 — устрымаліся.
У рэзалюцыі выказана шкадаванне з нагоды таго, што выбарчая кампанія ў Беларусі, "нягледзячы на вялікія надзеі і невялікія паляпшэнні", не была дэмакратычнай. Аўтары рэзалюцыі заклікалі беларускі ўрад унесці змены ў выбарчае заканадаўства для пацвярджэння заяў аб гатоўнасці палепшыць выбарчы працэс.
У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да афіцыйнага Мінска паважаць правы чалавека і адмяніць пакаранне смерцю. Еўрадэпутаты заклікалі еўрапейскія структуры працягнуць дыялог з Беларуссю, распрацаваўшы "дарожную карту" для пакрокавага ўзаемадзеяння, а таксама перагледзець абмежавальныя меры. У прыватнасці, прапаноўваецца на шэсць месяцаў прыпыніць дзеянне санкцый у адносінах да чыноўнікаў, якія не маюць дачынення да парушэння дэмакратычных стандартаў выбараў, з тым каб даць магчымасць беларускім уладам адмяніць новы закон аб СМІ, які пакуль не ўвайшоў у сілу.
Акрамя таго, у дакуменце прапаноўваецца аблегчыць працэдуры атрымання шэнгенскіх віз для беларусаў і знізіць іх кошт, а таксама пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і Еўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту, які знаходзіцца ў выгнанні (у Вільні).