viasna on patreon

Перадвыбарчая агітацыя. Вынікі маніторынгу і высновы

2008 2008-09-27T10:11:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах доўгатэрміновага маніторынгу выбараў праваабаронцы адсочвалі правядзенне этапа прадвыбарчай агітацыі.

У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемтваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання, перадвыбарчая агітацыя пачынаецца з моманту рэгістрацыі кандыдатаў і працягваецца да 27 верасня 2008 г. уключна. 

Заканадаўчае рэгуляванне

Парадак правядзення перадвыбарнай агітацыі рэгламентуецца главой 10 Выбарчага кодэкса.
Згодна з артыкулам 45 ВК, грамадзянам, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты, ініцыятыўным групам, што праводзяць агітацыю за абранне кандыдатаў у дэпутаты, даецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў у дэпутаты, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі.
Кандыдаты ў дэпутаты праводзяць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на сходах або ў іншай зручнай для выбаршчыкаў форме. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі акруговымі выбарчымі камісіямі вызначаюць памяшканні для правядзення сустрэчаў кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Інфармацыя пра гэта публікуецца ў мясцовым друку або іншым спосабам даводзіцца да ведама выбаршчыкаў.
Іншыя памяшканні для вызначаных мэтаў могуць выдавацца кіраўнікамі арганізацый па просьбе кандыдатаў у дэпутаты або іх давераных асобаў. Кандыдаты ў дэпутаты або іх давераныя асобы па пытаннях карыстання памяшканнямі для сустрэчаў з выбаршчыкамі звяртаюцца ў акруговыя выбарчыя камісіі. Памяшканні для правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі прадастаўляюцца кандыдатам у дэпутаты бясплатна на роўных умовах у парадку чарговасці паступлення зваротаў.
Сходы, што арганізуюцца не ў памяшканнях, мітынгі, дэманстрацыі і іншыя масавыя мерапрыемствы, мэтай якіх з’яўляецца ажыццяўленне перадвыбарнай агітацыі, праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах.
Пра дату, час і месца правядзення сустрэчаў кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыккамі акруговыя выбарчыя камісіі паведамляюць у мясцовым друку або інфармуюць выбаршчыкаў іншым спосабам.
Кандыдаты ў дэпутаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, лісткоў, фотаматэрыялаў. На аплату выдаткаў па вырабу плакатаў кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выдзяляюцца сродкі з бюджэту у памеры 50 базавых велічыняў. Не дапускаецца выкарыстанне на выраб прерадвыбарчых плакатаў кандыдатаў у дэпутаты сродкаў кандыдатаў у дэпутаты, давераных асобаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, грамадзянаў.
Пры правядзенні выбараў дэпутатаў адпаведная камісія вырабляе агульныя плакаты з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца ў адной выбарчай акрузе, для размяшчэння на ўчастках для галасавання і ў іншых устаноўленых месцах. Выдаткі на гэтыя мэты ажыццяўляюцца за кошт сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўку і правядзенне выбараў.
Пры правядзенні выбараў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі камісіямі выдзяляюць на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання месцы, якія грамадзяне найчасцей наведваюць, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Разам з тым, ВК прадугледжвае, што выканаўчыя і распарадчыя органы могуць забараняць размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не прызначаных для іх месцах.
На ўсіх участках для галасавання не пазней за 14 дзён да выбраў афармляюцца стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў. Стэнды з такімі інфармацыйнымі матэрыяламі захоўвюцца ў памяшканнях для галасавання і ў дзень выбараў.
Агітацыя (у тым ліку заклікі да байкатавання выбараў) у дзень галасавання не дапускаецца. Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, якія раней вывешваліся па-за памяшканнямі для галасавання, павінны захоўвацца на тых жа месцах.
Артыкул 26 ВК гарантуе роўныя правы ў карыстанні дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі для кандыдатаў у дэпутаты, палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі кандыдатаў, з моманту рэгістрацыі кандыдатаў.
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, сродкі масавай інфармацыі, якія часткова фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, а таксама сродкі масавай інфармацыі, адным з заснавальнікаў якіх выступаюць дзяржаўныя органы або арганізацыі, абавязаныя забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступленняў кандыдатаў, правядзення агітацыі па выбарах.
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мае права апублікаваць у сродках масавай інфармацыі сваю перадвыбарчую праграму аб’ёмам да двух машынапісных старонак і прадаставіць тэкст названай праграмы не пазней чым за 20 дзён да выбараў.
Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на роўных падставах маюць права на бясплатныя выступы па дзяржаўным тэлебачанні, а таксама па радыёвяшчанні. Пры гэтым закон патрабуе, каб гэтыя выступленні трансляваліся ў той перыяд, калі тэле- і радыёпраграмы збіраюць найбольшую аўдыторыю.

Агульная атмасфера

У перыяд агітацыі ў краіне быў праведзены адзіны дзень палітінфармавання на тэму: “Грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў”. У матэрыялах да адзінага дня палітінфармавання, размешчаных на сайтах дзяржаўных органаў, указваецца на важнасць правядзення парламенцкіх выбараў у краіне. Ацэнка прадстаўнікоў апазіцыі і іх дзейнасць падаецца стрымана негатыўная (указваецца на невысокі рэйтынг прадстаўнікоў апазіцыі ў насельніцтва). Асноўнае значэнне надаецца фактару пераемнасці стабільнасці ў дзяржаве.
Адпаведна з законам, кандыдаты атрымалі магчымасць выступіць са сваімі праграмамі па асобных тэле- і радыеканалах, надрукаваць іх у вызначаным памеры у дзяржаўных газетах. Па ацэнках медыяэкспертаў, тэлеперадачы кандыдатаў трансляваліся ў вельмі нязручны час. Потым, у сувязі з крытычнымі ацэнкамі назіральнікаў, тэлевыступы кандыдатаў трансляваліся паўторна па рашэнні ЦВК.
Афіцыйныя СМІ апублікавалі рашэнні мясцовых органаў улады «Об установлении мест размещения предвыборных материалов к выборам в Палату представителей Национального собрания Республики Беларусь» і «Об определении помещений для встреч кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь с избирателями». 
Паводле ацэнкі назіральнікаў, у большасці рэгіёнаў, рашэнні на месцах пра выдзяленне месцаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў, як правіла, не давалі дастатковых магчымасцяў для агітацыі кандыдатам. Вылучалася толькі адно месца на ўчастак, чаго было яўна недастаткова. Для выкарыстання плошчаў крамаў, прадпрыемстваў і ўстаноў патрабавалася ўзгадненне з іх кіраўнікамі, што таксама ўскладніла перадвыбарчую агітацыю.  
Назіральнікі па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1 і Брэсцка-Усходняй выбарчай акрузе № 3 адзначылі, што, згодна з пералікам месцаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў, зацверджаным 21.08.2008 Адміністрацыямі Ленінскага і Маскоўскага раёнаў раёнаў г. Брэста, фактычна гэтыя месцы з’яўляліся ўласна выбарчымі ўчасткамі. Адно дадатковае, як правіла, адведзена ў краме.
У шэрагу населеных пунктаў Белавежскай выбарчай акругі № 8 (Камянец, Высокае, Дмітравічы, Відомля ды інш.) назіральнікамі не знойдзена ніводнага спецыяльна абсталяванага інфармацыйнага стэнда на ўчастках для галасавання, прызначанага для матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты. У пастанове Камянецкага райвыканкама ад 19.08.2008 няма пераліку ўстаноў і арганізацый, дзе ёсць такія стэнды. На запыт кандыдата ў дэпутаты па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 В. Лазарэнкава 09.09.2008 ні старшыня і члены акруговай выбарчай камісіі, ні адказная асоба райвыканкама І. Нігерыш не здолелі канкрэтна ўказаць месцы ў акрузе, дзе ёсць абсталяваныя стэнды. 

Вызначэнне памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі


Вызначэнне памяшканняў для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў многіх выпадках не стварыла кандыдатам неабходных умоваў для разгортвання шырокай кампаніі такіх сустрэч. 
Напрыклад, у Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14 для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі вызначаны тры памяшканні, якія знаходзяцца практычна ў цэнтры горада (ГДК, кінатэатр «Победа» і ДК «Трикотажник»). Ніводнага месца для сустрэч не вызначана ў такіх населеных раёнах горада, як Заходні мікрараён, Альбрэхтова, раён вуліц Ракасоўскага і Кляшчова, а таксама раён гарадской бальніцы і парка. Па ацэнках назіральнікаў, падобнае размеркаванне можа служыць рэальнай перашкодай для сустрэчы кандыдата са сваімі выбаршчыкамі. Акрамя таго, два памяшканні, вызначаныя для сустрэч у Пінскай сельскай выбарчай акрузе № 15, знаходзяцца недалёка ад межаў Пінскай гарадской выбарчай акругі № 14, што таксама можа служыць фактарам ускладнення перадвыбарчай агітацыі. 
У Лунінецкай выбарчай акрузе № 13 у пачатку агітацыйнай кампаніі актыўную працу з выбаршчыкамі вяла дэпутат ПП НС трэцяга склікання і кандыдат у дэпутаты Л. Вершыловіч. Сустрэчы з яе ўдзелам адбываліся на многіх прадпрыемствах і ўстановах горада, чаму садзейнічалі гарадскія ўлады. Аднак у сярэдзіне агітацыйнага перыяду ўсе тры кандыдаты па Лунінецкай выбарчай акрузе № 13, са слоў назіральнікаў, мелі роўныя магчымасці сустракацца з выбаршчыкамі ва ўстановах і прадпрыемствах горада. Таксама ў Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14 у пачатку агітацыйнага перыяду гарадскія ўлады садзейнічалі арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі кандыдата ад улады З. Мандроўскай. Яўгенію Перцу, кандыдату ад ПКБ, 03.09.2008 улады г. Пінска двойчы забаранілі сустрэчу з выбаршчыкамі: у актавай зале спорткомплекса ДАСААФ, у краме “Світанак”. У сярэдзіне агітацыйнага перыяду ўсе тры кандыдаты па Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14, як паведамляюць назіральнікі, мелі роўныя магчымасці сустракацца з выбаршчыкамі ва ўстановах і прадпрыемствах горада, а таксама ў школах на бацькоўскіх сходах.

Агітацыя праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі


Дзяржаўныя СМІ актыўна інфармавалі выбаршчыкаў аб дзейнасці асобных кандыдатаў, што працуюць на дзяржаўных пасадах, фактычна праводзячы скрытую агітацыю. 
У Слуцкай выбарчай акрузе №74 у дзяржаўнай газеце “Слуцкі край” сістэматычна з’яўляліся хвалебныя артыкулы пра дзейнасць ГА “БРСМ”, Слуцкага гаркама гэтай арганізацыі, а таксама непасрэдна першага сакратара гаркама Кляшчук Інэсы Анатольеўны (№№ за 29 ліпеня, 12 і 25 жніўня, 2 і 19 верасня). Гэтыя артыкулы пачалі з’яўляцца яшчэ да моманту афіцыйнай рэгістрацыі І. Кляшчук у якасці кандыдата ў дэпутаты. У артыкулах узгадваецца сама І. Кляшчук, прыводзяцца яе каментары да тых ці іншых падзеяў, фотаздымкі з яе ўдзелам. З гэтай нагоды назіральнікі падалі скаргі на рэдакцыю газеты ў Слуцкі райвыканкам па фактах агітацыі да афіцыйнай рэгістрацыі. У адказах выканкама значыцца, што парушэнняў выбарчага заканадаўства ў дадзеных выпадках няма.
Грамадска-палітычная газета Брэсцкай вобласці “Заря” (№ 84 31.07.2008) у рубрыцы “Руководить – не руками водить» змясціла вялікую публікацыю пад назвай “Любить людей – и воздастся» пра прэтэндэнта на кандыдацкі мандат па Пінскай гарадской выбарчай акрузе № 14, дырэктара ЧУП «ЭлКис» ТАА «БелТИЗ» Зінаіду Мандроўскую. “Пінскі веснік” (№ 58 29.07.2008) друкуе артыкул пад назвай “Коллектив как дружная семья” пра віншаванне З. Мандроўскай работнікаў гандлю. Як дэпутат гарадскога Савета народных дэпутатаў З. Мандроўская часта фігуруе на рэдакцыйных старонках раённай прэсы, як напрыклад, у матэрыяле пра прыезд дэлегацыі Краснагвардзейскага раёна Санкт-Пецярбурга ў г. Пінск (“Пінскі веснік”, № 66 26.08.2008). У пачатку навучальнага году газеты “Пінскі веснік” (№ 67, № 68), “Полесская правда” (№ 71) асвятляюць актыўнасць З. Мандроўскай у сферы адукацыі: яе выступ на гарадской нарадзе настаўнікаў, удзел у адкрыцці гарадскога музея маці. Пра З. Мандроўскую пішуць як пра кандыдата ў дэпутаты. Па звестках назіральнікаў, на гарадской нарадзе настаўнікаў кіраўніцтва ГАРАНА звярталася да іх з просьбай падтрымаць З. Мандроўкую на выбарах. 
Грамадска-палітычная газета Пінскага раёна “Полесская правда” (№ 61 06.08.2008) у рубрыцы “Люди земли полесской» падала артыкул пра патэнцыйнага кандыдата па Пінскай сельскай акрузе № 15 Канстанціна Шэўчыка (№ 62 09.08.2008). Цэлы блок матэрыялаў аб дзенасці супрацоўнікаў трэста «Пинсксовхозстрой» пад кіраўніцтвам К. Шэўчыка пад назвай “Жить, чтобы строить, и строить, чтобы жить» надрукаваны ў гэты ж дзень у газеце “Заря” (№ 88 09.09.2008).
Таксама дзяржаўныя СМІ негатыўна падавалі інфармацыю аб апазіцыйных партыях і кандыдатах. 
У артыкуле «Выбор Париса» («Заря» № 97 30.08.2008) негатыўна апісваецца дзейнасць апанентаў улады. Прозвішчы канкрэтных кандыдатаў не называліся, указваліся толькі прозвішчы лідэраў, з якімі асацыюецца тая ці іншая партыя: З. Пазняк, С. Шушкевіч, А. Лябедзька. Газета “Слонімскі веснік” (№ 107 17.09.2008) змяшчае матэрыял пад назвай “Оппозиционные партии политически несостоятельны”.

Выраб агітацыйных матэрыялаў

Некаторыя апазіцыйныя кандыдаты сутыкнуліся з перашкодамі пры вырабе агітацыйных матэрыялаў.
Кандыдату ў дэпутаты па Салігорскай выбарчай акрузе №76 Насановіч Ларысе Уладзіміраўне адмовілі ў публікацыі яе агітацыйных матэрыялаў у салігорскай газеце “Шахцёр”. Пытанне было вырашана пасля ўмяшальніцтва старшыні акруговай камісіі Якімовіча Міхаіла Сяргеевіча. Сітуацыя была справакаваная тым, што Л. Насановіч у сваім выступе па радыё “Сталіца” 17.09.2008 паведаміла грамадскасці пра тое, што галоўны рэдактар газеты Салігорскага райвыканкама “Шахцёр” Капцэвіцкая Вольга Васільеўна доўгі час здзяйсняла дзеянні, якія кваліфікуюцца як крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам. Рэдактар была прыцягнута да крымінальнай адказнасці, пры гэтым ад сваёй пасады не была адхілена, а працягвала працаваць, помсцячы тым, хто на яе скардзіўся. (Рэзананс прамовы Л. Насановіч прывёў да зняцця з пасады В. В. Капцэвіцкай на другі дзень выступу кандыдата па радыё).

Назіральнікі адзначаюць, што падчас дадзенай выбарчай кампаніі меньш, чым у папярэніх кампаніях, выкарыстоўвалася цэнзураванне агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў. Аднак такія факты таксама фіксаваліся.
У Слуцкай выбарчай акрузе №74 падчас друку агітацыйных матэрыялаў кандыдата Юрэвіча Анатоля Віктаравіча былі спробы з боку супрацоўнікаў друкарні прыбраць у агітацыйных улётках А. Юрэвіча надпіс “Голосуй только 28 сентября!”. Дадзены надпіс усё ж патрапіў на перадвыбарную агітацыйную ўлётку А. Юрэвіча пасля ўмяшальніцтва ў справу старшыні агруговай выбарчай камісіі Андрушкевіча Аляксандра Аляксандравіча.
З кандыдатам у дэпутаты А. Юрэвічам падчас падрыхтоўкі да запісу яго тэлевыступа ў студыі знаходзіўся невядомы чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі і папрасіў даць для прагляду тэкст выступа. Пасля папрасіў змяніць у некаторых месцах тэкст. А. Юрэвіч свой выступ змяніць адмовіўся.
Газета «Вечерний Брест» адмовілася змяшчаць перадвыбарчую праграму кандыдата ў дэпутаты Анатоля Ляўковіча, спаслаўшыся на парушэнне ў ёй арт. 47 Выбарчага кодэкса, згодна якому агітацыйныя перадвыбарчыя матэрыялы і выступы кандыдатаў не павінны ўтрымліваць зняваг і паклёпу ў адносінах да службовых асоб і кандыдатаў у дэпутаты. На думку намесніка гадоўнага рэдактара газеты «Вечерний Брест» Б. Паўлоўскага, радкі з праграмы А. Ляўковіча падпадаюць пад дзеянне арт. 47 Выбарчага кодэкса, зневажаючы іншага кандыдата па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1: “Я пытаюся майго канкурэнта А. Вялічка: чыю волю ён выконваў, галасуючы за адмену сацыяльных ільгот мільёнам беларускіх грамадзянаў? Ці раіўся ён са сваімі выбаршчыкамі?”. Такія забароны сур’езным чынам абмяжоўвалі магчымасці для крытыкі дзеючых парламентарыяў.
Назіральнікі адзначаюць, што большасць апазіцыйных кандыдатаў на практыцы атрымалі магчымасці бесперашкодна распаўсюджваць свае і партыйныя агітацыныя матэрыялы, у тым ліку падчас вулічных акцый і нават у тых выпадках, калі такія акцыі праводзіліся без атрымання папэрэдніх дазволаў. 
Таксама як станоўчы факт можна разглядаць правядзенне 19.09.2008 рэдакцыяй дзяржаўнай газеты «Вечерний Брест» круглага стола з удзелам усіх кандыдатаў у дэпутаты па г. Брэсту. Кандыдат ад АДС І. Маслоўскі адзначае, што, перш чым публікаваць матэрыялы дыскусіі, рэдакцыя газеты дала магчымасць самому І. Маслоўскаму і кандыдату ў дэпутаты А. Ляўковічу пазнаёміцца з рэдакцыйнай праўкай. Абодва кандыдаты лічаць, што іх выступы не падвяргаліся цэнзуры. Матэрыялы дыскусіі апублікаваны 26.09.2008 накладам 30 000 экзэмпляраў. 
Завочныя дэбаты кандыдатаў у дэпутаты правяла недзяржаўная баранавіцкая газета "Intex-press" (№ 38 18.09.2008). Але кандыдат ад улады па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5 Ваньковіч Анатоль Сцяпанавіч адмовіўся ад удзелу ў завочных дэбатах, якія праводзіла газета.

Размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў

Некаторыя апазіцыйныя кандыдаты былі пастаўлены у няроўныя умовы пры размяшчэнні агітацыйных матэрыялаў. Агітацыя праз друкаваныя агітацыйныя матэрыялы ў шэрагу выбарчых акругаў праводзілася з выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса. Праўладныя кандыдаты мелі ўсе магчымасці развешваць свае перадвыбарчыя плакаты ў шматлюдных публічных месцах - крамах, дзяржаўных установах, прадпрыемствах. Напрыклад, у Гродзенскай–Паўночнай выбарчай акрузе №51 загадчыкі крамаў, аптэк, паштовых аддзяленняў, дзе ў цэнтралізаваным парадку былі вывешаны агітацыйныя плакаты кандыдата ад улады Марыны Рэмшы, толькі пасля працяглых кансультацый са сваім начальствам пагадзіліся вывесіць адпаведныя плакаты Яраслава Раманчука. А адміністрацыя рынку "Карона" так і не прадаставіла Я. Раманчуку такой магчымасці, спаслаўшыся на тое, што ягоны штаб павінен атрымаць з адміністрацыі Ленінскага раёну г. Гродна спецыяльны дазвол.  

Назіральнікамі зафіксаваны выпадкі, калі падчас правядзення датэрміновага галасавання на ўчастках адстунічалі плакаты з інфармацыяй пра некаторых кандыдатаў. У Мінскай-Усходняй выбарчай акрузе №107 на ўсіх выбарчых ўчастках меліся агульныя плакаты з інфармацыяй пра ўсіх кандыдатаў. Плакаты ж ад саміх кандыдатаў былі размешчаны не на ўсіх участках – на 28 з 39 участкаў не было плакатаў пра кандыдата Бусько Віталя Леанідавіча, на 17 – пра кандыдата Кавальчука Віктара Віктаравіча. Плакаты ж кандыдата Кузняцова Эдуарда Аляксандравіча, намесніка ўпраўляючага аддзялення г. Мінска ААТ «Белаграпрамбанк», былі на ўсіх участках.
Давераным асобам А. Ляўковіча (Брэсцкая-Заходняя выбарчая акруга № 1), кандыдата ад АДС, які ідзе па адной акрузе з А. Вялічкам, у многіх месцах акругі (крамы, аптэкі) адмаўлялі ў размяшчэнні агітацыйных матэрыялаў. Пры гэтым матэрыялы канкурэнта А. Ляўковіча там размешчаны былі. Адмовіла ў размяшчэнні і адміністрацыя “Цэнтральнага рынка” г. Брэста. На сустрэчы 13.09.2008 кандыдата ў дэпутаты з дырэктарам “Цэнтральнага рынка” Д. Глушынскім, падчас якой А. Ляўковіч указаў на наяўнасць агітацыйных матэрыялаў А. Вялічка, дырэктар рынка пагадзіўся размясціць плакаты А. Ляўковіча. Аднак ні адзін з плакатаў, пакінутых кандыдатам у дастатковай колькасці, так і не з’явіўся на гарадскім рынку г. Брэста. 14.09.2008 А. Ляўковіч вусна звярнуўся да старшыні акруговай камісіі Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі № 1 Г. Жук і папрасіў яе выправіць сітуацыю. Аднак старшыня акруговай камісіі не здолела забяспечыць роўныя ўмовы для правядзення агітацыі ў сваёй акрузе. 15.09.2008 А. Ляўковіч даслаў пісьмовую скаргу ў акруговую камісію, у Цэнтрвыбаркам, назіральнікам ад АБСЕ і СНД.
Кандыдат па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 В. Лазарэнкаў 01.09.2008 звярнуўся да загадчыкаў крамаў патрэбкааперацыі (гэтыя магазіны складаюць не менш за 80% ад колькасці крамаў у раёне) з посьбай размясціць на іх плошчах свае перадвыбарчыя плакаты. У выніку было размешчана больш за 50 плакатаў. 08.09.2008 пры аб’ездзе акругі В. Лазарэнкаў заўважыў, што захавалася толькі 3 плакаты. На яго просьбу патлумачыць гэты факт старшыня Белавежскай акруговай выбарчай камісіі № 8 В. Грыцук паведаміў, што распараджэнне аб зняцці плакатаў у магазінах было дадзена прадстаўніком аддзела ідэалогіі Камянецкага райвыканкама І. Нігірыш у адпаведнасці з рашэннем выканкама ад 19.08.2008. З аналагічнай праблемай сутыкнуўся яшчэ адзін кандыдат па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 В. Ваўранюк. Па яго словах, з 18.09.2008 у некаторых вёсках і сельскіх крамах таксама адмаўляліся размяшчаць яго агітацыйную прадукцыю. Незаконнасць дзеянняў адміністрацыі падкрэслівае той факт, што на тэрыторыі Пружанскага раена на той жа выбарчай акрузе падобных праблем не узнікала.
Як адзначаюць назіральнікі, у горадзе Брэсце перадвыбарчыя плакаты кандыдата ў дэпутаты ад АДС па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1 А. Ляўковіча практычна штодзённа заклейваліся налепкамі з надпісам “Байкот”. Практычна ўсе перадвыбарчыя плакаты кандыдата па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3 Ігара Маслоўскага былі пашкоджаны. І. Маслоўскі падаў заяву ў Маскоўскі ГАУС г. Брэста (копіі – у акруговую выбарчую камісію і назіральнікам ад АБСЕ) з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асоб, якія здзейснілі супроцьпраўныя ўчынкі, і прыняць неабходныя меры па папярэджанні падобных дзеянняў.
У перыяд правядзення агітацыі ў многіх рэгіёнах Беларусі назіральнікі фіксавалі друкаваныя матэрыялы, якія заклікаюць да байкоту выбараў. Напрыклад, у паштовых скрынях жыхароў Баранавіч з’явіліся ўлёткі Грамадзянскай ініцыятывы “Беларуская салідарнасць у падтрымку пазіцыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ”. Асноўны матыў улёткі – “Ніхто на фальшывыя выбары!”; “Ударам па планах рэжыму і маскоўцам будзе няўдзел у выбарах”. Ва ўлётцы распавядалася таксама пра выбух у Мінску 04.07.2008 і давалася ацэнка бягучым палітычным падзеям. 
Неабходна адзначыць, што па дадзеных назіральнікаў, у адрозненні ад мінулых выбарчых кампаній, нярэдка апазіцыйныя кандыдаты мелі неабходныя і дастаткова роўныя ўмовы пры вядзенні агітацыі. Як ацэньвае ход агітацыйнай кампаніі кандыдат ад АДС па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3 І. Маслоўскі, падчас сустрэч з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах ён практычна не адчуваў перашкод з боку ўлады. І. Маслоўскі праводзіў перадвыбарчыя пікеты 20-22 верасня з 12.00 да 19.00, інцыдэнтаў падчас якіх не адбылося. Брэсцкі выканкам не задаволіў заяўку А. Ляўковіча на правядзенне перадвыбарчых пікетаў. Падставай гэтаму брэсцкія ўлады назвалі недакладнасць у тэрмінах, якой з’яўлялася нязначная памылка (замест 2008 было напісана 2007-2009).

Агітацыя шляхам правядзення сустрэч з выбаршчыкамі


Па меркаванні назіральнікаў, прынцып роўнасці магчымасцяў для агітацыі парушаўся і пры правядзенні кандыдатамі сустрэч з выбаршчыкамі. У праўладных кандыдатаў не ўзнікала праблемаў у арганізацыі такіх сустрэч. 
У Слуцкай выбарчай акрузе №74 у кандыдата ў дэпутаты Кляшчук Інэсы Анатольеўны, першага сакратара Слуцкага гаркама БРСМ, усе сустрэчы адбываліся, а ў яе канкурэнта - Юрэвіча Анатоля Віктаравіча, сябра партыі БСДП (Грамада), з гэтым узнікалі праблемы. Напрыклад, сустрэча А. Юрэвіча, якая павінна была адбыцца з працаўнікамі аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г. Слуцка, са слоў кіраўнікоў аддзялення банка, сарвалася пасля таго, як ім патэлефанавалі са Слуцкага раённага выканаўчага камітэта і папярэдзілі пра адказнасць за арганізацыю такой сустрэчы з апазіцыйным кандыдатам. Сустрэча І. Кляшчук з выбаршчыкамі 11.09.2008 у адміністрацыйным будынку Цэнтральнай раённай бальніцы па графіку павінна была адбыцца ў 13.00. Але як стала вядома, галоўны ўрач гэтай установы Наўрась Уладзімір Паўлавіч, які з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты І. Кляшчук, вырашыў арганізаваць у гэты дзень ажно дзве сустрэчы: у 8.00 і 13.00. Сустрэча ў 8.00, на якую была запрошана толькі І. Кляшчук, прайшла фактычна ў працоўны час. А. Юрэвіч, які выпадкова даведаўся пра сустрэчу ў 8.00, паспрабаваў таксама пасля прамовы І. Кляшчук выступіць перад выбаршчыкамі, але галоўны ўрач бальніцы запатрабаваў, каб супрацоўнікі ўжо пайшлі на свае працоўныя месцы. У 13.00 гісторыя амаль цалкам паўтарылася.
Ніводная заяўка, з шасці пададзеных штабам кандыдата ад АГП па Гродзенскай-Паўночнай выбарчай акрузе № 51 Яраслава Раманчука на прадпрыемствы і ўстановы, не была задаволена. Адміністрацыя Камбіната будаўнічых матэрыялаў спаслалася на рамонт актавай залы; дырэкцыя мясакамбіната - на рэжымны характар аб'екту, кіраўніцтва палаца культуры "Юнацтва" вярнула заяўку з пазнакай на канверце, што адрасату не існуе; дырэкцыя рынка "Карона" матывавала адмову адсутнасцю месца, прыдатнага для сустрэчы; дырэкцыя СШ №23 матывавала адмову заняткамі па бальных танцах; прадпрыемства "Радыёхваля" адмовіла на падставе таго, што актавая зала знаходзіцца ў аварыйным стане. У той жа час не ўзнікала падобных праблем для праўладнага кандыдата па гэтай акрузе Марыны Рэмшы, напрыклад, у тым жа Камбінаце будаўнічых матэрыялаў.
Агітацыя шляхам правядзення сустрэч з выбаршчыкамі ў шэрагу выбарчых акругаў праводзілася з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса: старшыні сельсаветаў, дырэктары школ абавязваліся арганізоўваць сустрэчу таго ці іншага кандыдата, збіраць на яе людзей.
У Салігорскай сельскай акрузе №76 кандыдат Лаўрукевіч Ганна Мікалаеўна, генеральны дырэктар Дзяржаўнага аб’яднання “Белбыт”, выкарыстоўвала для сваіх паездак па Капыльскім раёне службовыя аўтамабілі сваіх давераных асобаў: намесніка старшыні Капыльскага райвыканкама Раманоўскай А.А., загадчыцы аддзелу па зямельных рэсурсах Матусевіч Л.В. Акрамя гэтага, паездкі з мэтай агітацыі ажыццяўляліся кандыдатам разам з даверанымі асобамі ў іх працоўны час. Падобнае парушэнне зафіксавана і ў Слуцкай выбарчай акрузе №74. Некаторыя супрацоўнікі Слуцкага райвыканкаму вазілі кандыдата ў дэпутаты Кляшчук Інэсу Анатольеўну на сустрэчы па раёне на сваіх службовых аўтамабілях. Гэта намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Даўгучыц Пётр Барысавіч, начальнік ідэалагічнага аддзела Дабравольская Ларыса Генадзеўна, а таксама старшыня Гацукоўскага сельсавета Цвірко Надзея Пятроўна.
Кіраўнік Гродзенскага гарвыканкама Антоненка Аляксандр Ільіч, кандыдат у дэпутаты па Гродзенскай-Занёманскай акрузе № 49, не будучы яшчэ зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіў прыём жыхароў акругі, па якой ён збіраўся вылучацца. Прыёмы адбываліся ў памяшканні ЖЭС № 20. На адзін з такіх прыёмаў 25.08.2008 г. запісаліся назіральнікі БХК Р. Юргель і С. Рудкоўская. На іх заўвагі аб незаконнасці правядзення агітацыі ў падобных формах А. Антоненка адказаў: “Я вывучаю праблемы жыхароў мікрараёна акругі, каб у будучым парламенце дастойна прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў, ведаць іх праблемы. А хто не згодны з гэтымі прыёмамі, няхай іх абскарджвае”. Прыём праводзіўся сумесна з начальнікам УЖРЭП, дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў П. Валадзько і начальнікам ЖЭС № 20 М. Орсікам.
У Жодзінскай выбарчай акрузе №66, на вытворчым аб’яднанні “БелАЗ” 17.09.08 адбыўся сэмінар-вучоба ідэалагічнага актыву. Выконваючыя абавязкі ідэолагаў атрымалі падарункі ў выглядзе апошняга выдання кнігі аб БелАЗе, альбому і СD-дыску ў фірмовым пакунку. У прысутнасці назіральнікаў БХК намеснікам генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і інфармацыйнай працы Станіславам Якубовічам усім удзельнікам былі раздадзены па два агітплакаты (фармату 210х420 і 210х297) з праграмай і біяграфіяй праўладнага кандыдата Васіля Люцікава.

Папярэджанні кандыдатам у дэпутаты

Падчас агітацыйнага перыяду за парушэнне правіл вядзення агітацыі кандыдаты не здымаліся выбарчымі камісіямі, што станоўча адрознівала выбарчую кампанію ад мінулых. Некаторыя кандыдаты, пераважна апазіцыйныя, атрымалі папярэджанні акруговых камісій за парушэнні, дапушчаныя падчас агітацыі. У асноўным яны датычыліся вырабу агітацыйных друкаваных матэрыялаў (запрашэнні выбаршчыкаў на сустрэчы з кандыдатамі, агітацыйныя ўлёткі і плакаты) за асабістыя сродкі.. 

Высновы: 

Вызначаныя ўмовы публікацый праграм кандыдатаў і выступаў на радыё і тэлебачанні, памер дзяржаўнага фінансавання на агітацыю па-ранейшаму недастатковыя для правядзення сур’езнай агітацыйнай кампаніі.

Апазіцыйныя і праўладныя кандыдаты мелі відавочна няроўныя ўмовы для правядзення агітацыі.

Падчас дадзеных выбараў кандыдаты, у тым ліку апазіцыйныя, на практыцы атрымалі дастаткова шырокія магчымасці для распаўсюду друкаваных агітацыйных матэрыялаў, як сваіх, так і партыйных.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства