Небяспечны прэцэдэнт
Суд Іўеўскага раёна прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванага выдання «Свабода» экстрэміcцкім матэрыялам і пастанавіў знішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску, якія трапілі ў рукі праваахоўных органаў.
У распараджэнні ГА «БАЖ» аказалася адпаведная пастанова суда, датаваная 9-м верасня. З яе вынікае, што суддзя Аляксандр Тоўсцік (в. а. старшыні суда - заўв. рэд.) прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам жнівеньскі выпуск газеты «Свабода» (№ 127 за 14-27.08.2008), 5 тысяч асобнікаў якога 19 жніўня супрацоўнікі Іўеўскага РУУС забралі ў грамадзяніна N на ўчастку трасы «Мінск-Гродна». (Прозвішча чалавека, у якога забралі наклад, па яго просьбе не паведамляецца. У судзе ён не прысутнічаў, паколькі атрымаў позву толькі праз 3 дні пасля слуханняў).
Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасня начальнік Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка — той самы, што ініцыяваў грамадзянскі працэс у Гродна аб прызнанні экстрэмісцкімі шэрагу іншых інфармацыйных носьбітаў. (Тэкст заявы быў перададзены прэс-службе ГА «БАЖ» беларускімі праваабаронцамі).
У заяве фігуруе канкрэтны артыкул, які падаўся УКДБ падазроным. Гэта публікацыя «Вайна ў Грузіі», у якім, на думку Гродзенскіх супрацоўнікаў дзяржбяспекі, «прысутнічаюць прыкметы кампраметацыі дзейнасці праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь», якія не далі правесці зарэгістраванаму ў Чэхіі «Маладому фронту» несанкцыянаваны пікет для расійскай амбасады. «Малады фронт» у заяве названы арганізацыяй «радыкальна-экстрэмісцкага накірунку», а сэнс акцыі акрэслены як «салідарнасць з супрацьзаконнымі дзеяннямі грузінскіх уладаў у дачыненні да паўднёва-асецінскага народа».
Такім чынам, на думку УКДБ, «змешчаная ў газеце інфармацыя носіць адкрытую антыбеларускую скіраванасць і звернутая на дыскрэдытацыю асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», а «надрукаваныя ў ёй артыкулы ўтрымліваюць матэрыялы, які прапагандуюць экстрэмісцкую дзейнасць і генацыд грузінскіх уладаў у дачыненні да асецінскага народу».
«Рашэнне суда стварыла вельмі небяспечны прэцэдэнт, які ў будучым можа скончыцца прыцягненнем людзей да адказнасці па крымінальных артыкулах», — так пракаментаваў гэтую навіну намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
І сапраўды: як патлумачылі Радыё Рацыя ў судзе Іўеўскага раёна, тыя грамадзяне, якія пасля вынесенага рашэння будуць затрыманыя за распаўсюд гэтай газеты, могуць прыцягвацца да адказнасці паводле Крымінальнага кодэксу.
Пакуль што асобу, у якой вымалі жнівеньскі нумар «Свабоды», абавязалі выплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры дзвюх базавых велічынь (70 тыс. рублёў), а таксама пакрыць судовыя выдаткі ў памеры 1920 рублёў.
Нагадаем, што 18 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна адбылася папярэдняя сустрэча бакоў па іншай справе, ініцыяванай тым жа гродзенскім УКДБ. Яно прапануе суду прызнаць экстрэмісцкімі шэраг матэрыялаў, якія беларускія мытнікі вымалі ў грамадзян на працягу апошніх трох гадоў: асобнік газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», выданне «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе», «Канспіратар беларускі» + «Малы канспіратар», аўдыёзапіс праграм польскага радыё, кампакт-дыскі з запісам канцэрта «Салідарныя з Беларуссю», выданні «Асновы стратэгіі АДС» і «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл», бюлетэнь «Свабодная думка», кнігі «Лісты з лесу» (аўтар – Павел Севярынец) і «Выпадковы прэзідэнт» (аўтары – журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет) і іншыя матэрыялы. Слуханні па справе пачнуцца ў кастрычніку.