Віцебск: Кандыдата могуць ізаляваць на 15 сутак
18 верасня кандыдату ў дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Андрэю Левінаву была ўручаная копія пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 9.1. КаАП. Вышэйшая санкцыя дадзенага артыкула -- 15 сутак адміністратыўнага арышту. Андрэя абвінавачваюць у тым, што яшчэ 8 жніўня ён прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджанні кандыдату ў майстры спорту па боксе Захараву А.З., нанёсшы апошняму ўдар рукой у вобласць паясніцы.
19 верасня пратакол з матэрыяламі справы будзе накіраваны ў суд, які павінен яго разгледзець у дзень атрымання.
Пратакол склаў асабіста намеснік начальніка АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна г.Віцебска маёр міліцыі Шастоў А.Н. Склаў у сябе ў кабінеце, уручаць прыехаў у СШ №11 г.Віцебска, дзе кандыдату ў дэпутаты Андрэю Левінаву дырэктарам школы Аберамок Н.Л. было адмоўлена ў выступе з перадвыбарчай праграмай перад сабраўшыміся бацькамі навучэнцаў. Дырэктар з веданнем справы растлумачыла, што выступаць на такіх сходах кандыдатам у дэпутаты забаронена, а вось дзеючым дэпутатам дазволена.
Дазволена аказалася ў гэтай школе, у памяшканні, дзе размяшчаюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі №42 і №43, мець перадвыбарчыя агітацыйныя матэрыялы кандыдата ад улады дзеючага дэпутата Сяргея Сямашкі.
Знайшоўся ў школе і сам кандыдат-дэпутат Сяргей Сямашка са сваёй даверанай асобай Аляксандрам Шэрыковым. Аднак ён, убачыўшы Андрэя Левінава, адмовіўся ад выступу перад выбаршчыкамі і сышоў са школы.
У перадвыбарчы штаб Андрэя Левінава паступіла інфармацыя ад выбарнікаў -- супрацоўнікаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Яны паведамілі, што дырэктар Мішурная Л.А. на сходзе працоўнага калектыва 18 верасня заклікала ўсіх прагаласаваць датэрмінова і абавязала дакладаць аб гэтым ёй асабіста.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"