Віцебск: Маці кандыдата Андрэя Левінава пагражаюць
17 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна г.Віцебска быў абвешчаны прысуд у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Шушко і Маханькова, якія да поўсмерці збілі ні ў чым не павіннага чалавека. Прысуд -- 4 гады і 6 месяцаў першаму, 4 гады - другому ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нягледзячы на прысуд, Шушко і Маханькоў не былі ўзятыя пад варту ў зале суда. Суд растлумачыў, што да ўступлення прысуду ў сілу яны застаюцца пад хатнім арыштам.
Пры выхадзе з будынка суда Шушко падышоў да групы жанчын, сярод якіх знаходзілася маці пацярпелага, і заявіў: "Нічога вы мне не зробіце, пацалуеце яшчэ ўсё мяне ў с…ку". Жанчыны, сярод якіх была 70-галовая Ефрасіння Левінава, маці кандыдата ў дэпутаты Андрэя Левінава, звярнуліся да афіцэраў міліцыі, якія знаходзіліся побач, з патрабаваннем прыцягнуць правапарушальніка да адказнасці. Афіцэры міліцыі хуценька разышліся. Да Ефрасінні Левінавай падышоў малады чалавек са словамі: "А табе нядоўга жыць засталося". Збянтэжаная жанчына толькі і змагла сказаць: "Што паробіш, узрост". У адказ пачула: "Мы табе дапаможам!". Грамадзянін хуткім крокам сышоў за кут будынка. Да месца здарэння быў выкліканы нарад міліцыі.
Па дадзеных фактах у органы ўнутраных спраў пададзеныя заявы. Ефрасіння Левінава да гэтага часу не можа адысці ад шоку.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"