У Мінску сёння пройдзе акцыя ў памяць пра зніклых апазіцыянераў
Акцыя ў памяць пра зніклых апазіцыянераў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага пройдзе сёння, 16 верасня, на Кастрычніцкай плошчы Мінску. Пачатак у 18 гадзінаў. Як інфармуе "Хартыя-97", людзі маюць намер выйсці на плошчу з партрэтамі апанентаў улады, якія зніклі без вестак. Сярод іншых, у акцыі прымуць удзел дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты.
Нагадаем, першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар бясследна знік ў Мінску вечарам 16 верасня 1999 года. Разам з ім знік і яго сябар, бізнэсмен Анатоль Красоўскі. Яшчэ ў траўні 1999-га знік без вестак генерал Юрый Захаранка, а летам 2000-га - аператар ОРТ Дзмітрый Завадскі. Пра лёс гэтых людзей дагэтуль нічога невядома.
Пра неабходнасць высветліць лёс беларускіх апазіцыянераў неаднаразова заяўляла міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Савета Еўропы і АБСЕ. Ужо тры гады ў Беларусі і ў замежжы праходзяць акцыі салідарнасці са сваякамі зніклых і рэпрэсаванымі беларусамі.