Баранавічы: Свята выбаршчыкам -- спіртныя напоі без гандлёвых нацэнак
Салодкія наліўкі, піва, кава, гарбата, марозіва, печыва па нізкіх цэнах чакаюць галасуючых удзень выбараў 28 верасня ў буфетах на выбарчых участках у Баранавічах.
Пра гэта ішла размова на паседжанні штаба па кантролю за спажывецкім рынкам у гарвыканкаме 12 верасня. На ўсіх 66-ці выбарчых участках усё павінна быць на самым высокім узроўні, падкрэслілі чыноўнікі.
Гэта значыць, “павінны быць чыстыя абрусы, аднаразовы посуд, траўмабяспечная прадукцыя, -- падкрэсліў старшыня выканкама Віктар Дзічкоўскі. -- Мы павінны стварыць свята выбаршчыкам”.
Прадпрыемствы ў гэты дзень будуць у буфетах гандляваць танней, чым у крамах. Спіртныя напоі будуць рэалізоўвацца ўвогуле па рознічных цэнах без нацэнак !!! Баранавіцкія пастаўшчыкі прадукцыі падкрэслілі, што гандаль у гэты дзень будзе стратны.
Відаць галоўная задача ўлады – любым чынам зацягнуць выбаршчыка ў кабіну для галасавання, няхай потым паласуецца танным напоем, а палічыць галасы “як трэба” – яны ўмеюць, для гэтага ёсць свая цьвярозая правераная каманда.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”