Дэпутат Сямашка намагаецца "стаць сваім" для выбаршчыкаў
Бурныя дэбаты на паседжанні акруговай камісіі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 адбыліся пры абмеркаванні агульнага плаката з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў (ч.10 ст.45 ВК), выраб якіх ускладзены на камісіі дадзенага ўзроўня.
Страсці кіпелі па кандыдаце ад улады. Сяргей Сямашка ўжо восем гадоў (два тэрміны) засядае ў парламенце, а адпаведна, пражывае ў сталіцы. Але ў дакументах на рэгістрацыю кандыдатам у якасці месца жыхарства ўказаў… Віцебск.
Паводле нормы Грамадзянскага кодэкса (ч.1 арт.19), "месцам жыхарства прызнаецца той населены пункт, дзе грамадзянін стала або пераважна пражывае". Зразумела, усе восем гадоў Сяргей Сямашка большую частку пражывае ў Менску. За гэты час апроч кватэры, якая прадстаўляецца на перыяд дэпутацтва, пабудаваў у сталіцы і ўласнае жыллё. Акрамя таго, двойчы дэпутат мае дом у Гародні, гараж плошчай 22 кв.м., лецішча, машыну. На паседжанні камісіі прагучала, што дадзены сродак перамяшчэння Сяргей Сямашка зарэгістраваў у Менску (як жыхар сталіцы). Машына па цяперашніх часах не раскоша. Тым больш, што мінчук Сямашка - чалавек не бедны. Прыбытак яго за 2007 год склаў 41,5 млн. рублёў (3.5 млн. у месяц). Астатнія кандыдаты па 19-ай выбарчай акрузе, як гаворыцца, і побач не стаялі: гадавы прыбытак спартоўца Ігара Каныгіна - 11,9 млн., міліцыянера Андрэя Левінава - 8,6 млн.
Старшыня камісіі Іван Рыцько (дырэктар Віцебскага ПТВ №19) у выбарчых камісіях больш двух дзесяткаў гадоў. Здавалася бы, павінен быць юрыдычна падкаваным. Аднак трактоўка гэтай службовай асобы "пераважнага" пражывання даволі арыгінальная. Маўляў, Сяргею Сямашку 48 гадоў, у параўнанні з якімі восем гадоў пражывання кандыдата ў сталіцы пераважнымі не з'яўляюцца.
Яркі прыклад руплівасці старшыні акруговай выбарчай камісіі да кандыдата ад улады. Не пацвярджаюцца разлікі Івана Рыцько! Нарадзіўся Сяргей Сямашка ў Гародні, а не ў Віцебску. Вышэйшую адукацыя атрымаў у Ленінградзе, а не ў Віцебску. Падчас СССР працаваў у Прыбалтыцы, а не ў Беларусі. У Віцебску з'явіўся толькі пасля развалу Савецкага Саюза. І ў дачыненні да гэтага часу восем гадоў пражывання ў Менску складаюць… большасць?
Па месцы жыхарства кандыдата Сямашкі акруговая камісія рашэння не прыняла. Будуць чакаць рашэння Цэнтрвыбаркама.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"