viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, ліпень-жнівень 2008 году

2008 2008-09-06T17:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У канцы чэрвеня ў Беларусі стартавала парламенцкая выбарчая кампанія і летнія месяцы ліпень і жнівень адзначаныя шматлікімі парушэньнямі ў гэтай сферы. Прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не ўключалі ва ўчастковыя і акруговыя выбарчыя камісіі, аказвўся ціск на сябраў ініцыятыўных групаў вылучэнцаў ад Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў, рабіліся правакацыі, выносіліся адміністратыўныя пакараньні.

Найбольш актыўна перасьлед апазіцыйных дзеячоў выкарыстоўваўся ў межах разьследваньня выбуху самаробнага выбуховага прыстасаваньня, зьдзейсьненага ўначы з 3 на 4 ліпеня ў цэнтры сталіцы падчас урачыстага сьвяткаваньня Дня вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якому зараз нададзены статус Дня Незалежнасьці. Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя, у выніку выбуху каля стэлы “Менск – горад-герой” па медычную дапамогу зьвярнуліся 54 асобы, 47 з іх былі шпіталізаваныя, у тым ліку двое дзяцей. Па факце здарэньня была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.3 арт. 339 КК РБ як асабліва злоснае хуліганства. Да сьледзтва спрычыніліся адразу некалькі дзяржведамстваў: МУС, КДБ і пракуратура. Былі праведзены шматлікія ператрусы, допыты, арышты дэмакратычных актывістаў і шараговых сябраў розных партыяў і грамадзкіх ініцыятываў, сярод якіх аказаліся чатыры былыя сябры даўно спыніўшай дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі "Белы легіён" Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяргей Чыслаў. Таксама ў ізалятар былі зьмешчаныя намесьнік старшыні Моладзі БНФ і праваабаронца Ільля Богдан, сябра Партыі БНФ Антон Койпіш, старшыня аркамітэту па стварэньню Беларускай Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі, сябра АГП Аляксандр Сергеенка і актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Павал Кур’яновіч. Падчас допытаў альбо так званых гутарак следчыя распытвалі не толькі пра выбух, а пра апазіцыйныя арганізацыі, іх дзейнасьць і г.д. Прадстаўнікі апазіцыі заклікалі да незалежнага грамадзкага расьсьледаваньня абставінаў крымінальнага злачынства і засьцералі ўлады ад выкарыстаньня выбуху як нагоды для новай хвалі барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Тым ня менш вялікая колькасьць палітычных дзеячоў і грамадзкіх актывістаў не пазьбеглі цікавосьці да сябе з боку КДБ і міліцыі: допыты, ператрусы, узяцьцё адбіткаў пальцаў, далоняў, сьліны на аналіз – усё гэта ў дачыненьні да некаторых грамадзкіх актывістаў праводзілася нават не адзін раз. Напрыклад, у прэтэндэнта ў кандыдаты па Паўднёва‑Заходняй акрузе № 99 Юрыя Карэтнікава здымалі адбіткі пальцаў 10 разоў і двойчы бралі сьліну.

Таксама ў гэтыя месяцы набрала моц кампанія па праверцы даходаў і маёмасьці вядомых  апазіцыйных дзеячоў, а таксама тых, хто заявіў аб сваім намеры прымаць удзел у парламенцкіх выбарах альбо ажыцьцяўляць маніторынг выбарчай кампаніі.  

У жніўні самай доўгачаканай і галоўнай падзеяй стала вызваленьне сьпецыяльнымі ўказамі, падпісанымі Лукашэнкам, аб памілаваньні трох апошніх палітвязьняў, якія знаходзіліся за кратамі, – былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (16 жніўня), прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча і моладзевага актывіста Андрэя Кіма (абодва 20 жніўня). Уся міжнародная супольнасьць вітала іх вызваленьне. Камісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Еўразьвязу  Бэніта Фэрэра-Вальднэр назвала гэты крок “знакам, які абнадзейвае”. Намесьнік памочніка сакратара Дзярждэпартаменту ЗША па пытаньнях Еўропы і Азіі Дэвід Меркел, які наведаў Беларусь, правёў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі ўладаў дзеля абмеркаваньня далейшых крокаў па нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносінаў. Ён  заявіў, што лічыць магчымай адмену санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Беларусі. Па словах спадара Меркела, ЗША ухваляюць вызваленне палітвязняў і чакаюць правядзеньне дэмакратычных выбараў.

У гэты ж час АДС рыхтуюць прапановы па пашырэньню сьпісу неўяздных у краіны Еўразьвязу і ЗША. Па меркаваньню старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, адмяняць раней уведзеныя супраць чыноўнікаў санкцыі нельга, бо не ліквідаваныя прычыны, па якіх гэтыя людзі трапілі ў сьпіс. “Прывязваць адмену забароны чыноўнікаў на ўезд у краіны Еўразьвязу і ЗША да нейкай падзеі, у тым ліку да вызваленьне палітвязьняў, гэта памылковы падыход”, – сьцвярджае сп. Лябедзька.

Між тым, вызваленыя палтвязьні Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Аляксандар Казулін 25 жніўня распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой патрабуюць сваёй поўнай рэабілітацыі і нагадваюць пра асуджаных па так званаму “Працэсу 14-ці”. “Мы цьвёрда перакананыя, што вызваленьне некалькіх палітзьняволеных сёньня — гэта не гарантыя таго, што заўтра на іх месцы не апынуцца іншыя. Неабходна дамагацца інстытуцыянальных зьмен у беларускім заканадаўстве, рэальнага распадзелу судовай і выканаўчай уладаў, поўнай рэабілітацыі палітзьняволеных і прадухіленьня падобнай практыкі ў будучыні”, — зазначаюць былыя палітзьняволеныя. 

4 жніўня інфармацыйныя агенцтвы БелТА і Інтэрфакс са спасылкай на прэзідэнцкую прэс-службу паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб СМІ». Законапраект быў ухвалены Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня, у сярэдзіне ліпеня дакумент паступіў на разгляд Канстытуцыйнага Суда (КС) РБ, пасля чаго быў перададзены прэзідэнту. ГА «БАЖ» неаднаразова зьвярталася да дэпутатаў з прозьбай накіраваць дакумент на міжнародную экспертызу, а таксама прапаноўвала ўласную экспертную ацэнку, падрыхтаваную юрыстамі, адзнычыўшы шэраг рэгрэсіўных нормаў дакументу. Напрацягу чэрвеня і ліпеня мноства міжнародных арганізацыяў зьвярталіся да беларускіх уладаў з заклікам устрымацца ад прыняцьця гэтага дакументу ў цяперашнім выглядзе і прапаноўвалі эксьпертную дапамогу ў ягонай дапрацоўцы. Сярод іх — прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЕ Міклаш Харашці, дакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні,  Міжнародная федэрацыя журналістаў, Міжнародная кампанія з свабоду слова «Article19», «Рэпарцёры бяз межаў», Фундацыя «Дом правоў чалавека» (Нарвегія), Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Нарвежскі саюз журналістаў, Нарвежскі ПЭН-цэнтр, Дацкі Саюз журналістаў, рэдакцыя часопіса «Index of Censorship», арганізацыя «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія). Закон уступіць у сілу з 8 лютага 2009 г. 

5 жніўня ў Менску адбылася прэзентацыя рускай версіі часткі справаздачы Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў за 2007 год, прысьвечанай краінам Еўропы і СНД. Справаздача паказвае, што свабода аб'яднаньняў і права на мірныя сходы парушаліся ў шматлікіх краінах: дзейнасьць НДА знаходзілася пад пільным назіраньнем, ствараліся перашкоды ў юрыдычным афармленьні дзейнасьці і некаторыя аб'яднаньні былі ліквідаваныя. Нажаль, незаконныя затрыманьні, працэсуальныя парушэньні і перасьлед праваабаронцаў былі па-ранейшаму вельмі распаўсюджаныя ў краінах, сярод якіх увага нададзеная і Беларусі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел прадстаўніца Сусьветнай Арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT), сябра Рады Маладых юрыстаў Грузіі Цінацін Хідашелі і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі. 

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы 

У ліпені Беларускі Хельсінскі Камітэт перадаў ў Падкамітэт па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і ў Венецыянскую камісію Рады Еўропы заключэньне аб неканстутыцыйнасьці крымінальнага артыкулу 193-1, які прадугледжвае пакараньне да двух гадоў зьняволеньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Як патлумачыў кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, юрысты БХК зьвярталіся непасрэдна ў  Канстытуцыйны суд, аднак атрымалі адпіску. Менавіта таму праваабаронцы накіравалі свае высілкі, каб міжнародная супольнасьць, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама вывучылі сітуацыю ў Беларусі і далі свае незалежныя ацэнкі адносна практыкі, якая абмяжоўвае права грамадзянаў на асацыяцыю. 

22 ліпеня калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла ў задавальненьні касацыйных скаргаў 10 моладзевым актывістам па так званаму “Працэсу 14-ці”. Нагадаем, што 13 з іх у два этапы былі пакарныя судом Цэнтральнага раёну сталіцы за ўдзел у студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, а 14-ты навучаецца па праграме Каліноўскага ў Польшчы і аб’яўлены ў вышук. Напачатку судовага разгляду старшыня калегіі Ўладзімер Назаранка адхіліў хадайніцтва аб вядзеньні працэсу на беларускай мове. Нягледзячы на довады абароны аб тым, што вынесены прысуд  не грунтуецца на доказах, што відэаздымкі, якія выкарыстала сьледзтва, былі зробленыя з парушэньнямі закону, судовая калегія пакінула яго нязьменным. Тым ня менш, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за свае палітычныя перакананьні зьбіраюцца абскарджваць прысуд у вышэйшых судовых інстанцыях.  

У Віцебску працягваецца сьледзства па крымінальнай справе за распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, падрабязнасьці не разгалошваюцца, бо гэта тычыцца таямніцы сьледзтва. Віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку зьмянілі статус сьведкі на галоўнага падазраванага.  

Польскiя дэпутаты пачалi працэс вылучэньня былога палітвязьня Аляксандра Казулiна на прэмiю iмя Андрэя Сахарава, якая прызначаецца за дзейнасьць на карысьць правоў чалавека. Iнiцыятарам вылучэньня Аляксандра Казулiна на гэтую прэстыжную ўзнагароду зьяўляецца старшыня камiсii Еўрапарламенту па кантактах з Беларусьсю Яцэк Пратасевiч. "Мы сабралi ўжо больш за 30 подпiсаў, — заявiў польскi дэпутат у iнтэрв'ю Польскаму радыё. — Лiтаральна апошнiя подпiсы мы плануем сабраць падчас блiжэйшай пленарнай сесii Еўрапарламента на пачатку верасня". Нагадаем, што ўпершыню прэмiя Сахарава была прысуджана прадстаўнiкам Беларусi ў 2004 годзе. Тады яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналiстаў. У 2006 годзе лаўрэатам узнагароды Еўрапарламента стаў Аляксандр Мiлiнкевiч. Летась прэмiю атрымаў суданскi абаронца правоў чалавека Салiх Махмуд Асман. 

Пасьля выхаду на волю палітвязьні Аляксандр Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч адзначылі, што ў беларускіх турмах значная колькасьць людзей знаходзіцца менавіта па палітычных матывах і неабходна мяняць саму сістэму правасудзьдзя, якая сталася ў Беларусі карным органам. “Працэнтаў 70 там сядзіць незаслужана, нават калі нехта з іх зьдзейсьніў злачынства – тэрмін за яго атрымаў завялікі. Астатняя частка “злачынцаў” наогул ня мусіць сядзець за кратамі! Калі я знаёміўся з іх справамі, мае валасы, што астрыглі, віртуальна варушыліся. Судзьдзі цяпер актыўна карыстаюцца такім паняцьцем, як “унутранае перакананьне суду”, якое цалкам супярэчыць прэзумцыі невінаватасьці. То бок судзьдзя нават у адсутнасьць доказаў можа вынесьці абвінаваўчы прысуд на падставе сваіх перакананьняў. Менавіта таму ў калоніі я сустракаў шмат выдатных людзей, якія папросту сталіся ахвярамі сістэмы» – распавёў у інтэрвію Радыё Рацыі Андрэй Кім.  

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў  

1 ліпеня група сябраў ліквідаванага ў Брэсьце па рашэньню абласнога суду гарадзкога культурна-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня "Стары горад" накіравала скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Сутнасьць індывідуальных зваротаў сябраў арганізацыі Ірыны Лаўроўскай, Паліны Панасюк, Яўгена Беласіна і Сяргея Панасевіча ў тым, што, па іх меркаваньню, прэтэнзіі, выкладзеныя ўпраўленьнем юстыцыі аблвыканкаму ў іскавой заяве ў суд, якія леглі ў аснову рашэньня аб ліквідацыі аб'яднаньня, надуманыя. Яны прыводзяць факты, якія пацьвярджаюць гэта і перакананыя, што рашэньне аб ліквідацыі зьяўляецца расправай з непажаданай уладам грамадзкай арганізацыяй.  

15 ліпеня сябры аркамітэту праваабарончага асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня  "Рух "За Свободу" падалі скаргу ў Вярховны суд на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб нерэгістрацыі аб’яднаньня. Гэта была ўжо трэцяя адмова Мінюсту напрацягу года. Судовае паседжаньне адбылося 6 жніўня, Вярхоўны суд амовіў заснавальнікам ПАГА “Рух “За Свабоду” у задавальненьні скаргі на падставе тэхнічнай памылкі ў гарантыйным пісьме арганізацыі, якая забясьпечвала юрыдычны адрас. 

16 ліпеня сябрамі аргкамітэту "Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі" у Вярхоўны Суд была пададзеная скарга на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкага аб'яднаньня. Гэта была ўжо другая спроба зарэгістраваць аб'яднаньне. 12 жніўня адбыўся разгляд скаргі, і Вярхоўны суд стаў на бок Мінюсту. "Праз месяц-паўтара мы зноў правядзем устаноўчы з'езд і зробім трэцюю спробу зарэгістраваць аб'яднаньне", — паведаміў сябра аргкамітэту па стварэньні БХД Дзяніс Садоўскі. 

17 ліпеня Міністэрства юстыцыі Беларусі ў чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкага сацыяльна-экалагічнага аб'яднаньня "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў", мэта якога – аказаньне дапамогі асобам, пацярпелым ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы і іншых тэхнагенных катаклізмаў, якія выклікалі радыяцыйнае апраменьваньне. Ініцыятар стварэньня арганізацыі , член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка лічыць, што падставы адмовы, як звычайна, надуманыя: Раней чыноўнікі знаходзілі "памылкі" ў дакументах, цяпер паведамляюць пра "неадпаведнасьць заканадаўству шэрагу палажэньняў статута", але не ўдакладнілі, якія менавіта. Рашэньне Мінюсту заснавальнікі арганізацыі зьбіраюцца аспрэчыць у Вярхоўным судзе Беларусі. 30 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня пенсіянераў да Міністэрства юстыцыі на адмову ў рэгістрацыі, якое знайшло ў статутных дакументаў шэраг недахопаў невыпраўляльнага характару. На думку аднаго з заснавальнікаў Уладзіміра Страха, усе гэтыя парушэньні маглі быць выпраўленыя ў рабочым парадку, аднак Мінюст такой магчымасьці пенсіянерам не даў. Нагадаем, што гэта была другая спроба атрымаць юрыдычны статус сябрамі арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтай абарону сацыяльных правоў сталых людзей.  

Напачатку жніўня ўпраўленьне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама сёмы раз запар адмовіла ў рэгістрацыі абласной суполцы партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Сябры партыі не выключаюць, што супрацоўнікі ўпраўленьня юстыцыі падмянілі пададзеныя на рэгістрацыю дакументы, бо ў адмове гаворыцца пра недакладныя зьвесткі аб месцы працы аднаго з сяброў арганізацыі. Аднак, на думку кіраўніка абласной суполкі партыі БСДГ Віктара Сазонава такога не магло быць у першую чаргу таму, што дакументы на рэгістрацыю падаваліся мноства разоў, і працоўнае месца сябра партыі не выклікала сумневу ў чыноўнікаў. Грамадскі актывіст зьвязвае нежаданьне рэгістраваць суполку з той палітыкай, якую праводзяць улады ў дачыненьні да апазіцыйных партыяў і арганізацыяў. 

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

17 ліпеня калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла ў задавальненьні скаргі карэспандэнта газеты “Народная воля” Марыны Коктыш, якая звярталась ў суд з нагоды неакрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў. Раённы суд не прыняў ейную скаргу да разгляду і менавіта гэтыя дзеяньні  журналістка спрабавала абскардзіць у вышэйстаячай інстанцыі. Тым ня менш, калегія Менгарсуду, чарговы раз стала на бок улады і прызнала правамоцным рашэньне суду першай інстанцыі. Як адзначыў намесьнік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец, які прадстаўляў на судзе інтарэсы Марыны Коктыш, судовая калегія фактычна згадзілася з тым, што журналіст ня мае права на судовую абарону сваіх парушаных правоў. У сувязі з гэтым прадстаўнікі БАЖ зьбіраюцца зьвяртацца са скаргамі далей: на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, а потым і ў Вярхоўны Суд Беларусі. 

24 ліпеня ў Віцебску супрацоўнікі Менскага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў межах сьледзства па крымінальнай справе аб выбуху 4 ліпеня правялі ператрус у кватэры дырэктаркі выдавецкага дому «Витебский курьер» Жанны Паповай, якое выпускае адзіную ў горадзе зарэгістраваную недзяржаўную грамадзка-палітычную газету «Витебский курьер М». У выніку ператрусу з кватэры забралі дыскеты, кампактныя дыскі і флэш-карты, – як патлумачылі міліцыянты, на гэтых носьбітах можа быць схема выбуховага прыстасаваньня. Пасля ператрусу Жанна Папова была дастаўленая ў абласное ўпраўленьне міліцыі па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю «для апытаньня». Напярэдадні, 21 ліпеня, Жанна Папова накіравала ў міліцыю ліст, у якім патрабавала вярнуць затрыманы наклад першага нумару «Витебского курьера М» альбо патлумачыць прычыну, чаму газеты ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца ў міліцыі. 

13 жніўня адміністратыўная камісія Чыгуначнага раёну Віцебска на падставе міліцэйскага пратаколу аштрафавала мясцовага апазіцыянера і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду на 200 тысяч рублёў за парушэньні правілаў гандлю. Па словах сп. Хамайды, ён ня мае намеру аспрэчваць вынесенае рашэньне, бо лічыць, што з 1996 году дзеяньне Канстытуцыі ў Беларусі прыпыненае і, адпаведна, у Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма. Аднак спыняць дзейнасьць па распаўсюду незалежнай прэсы сп. Хамайда таксама не зьбіраецца. 

28 жніўня судзьдзя Ленінскага райсуду Менску  Міхаіл Хома прысудзіў 10 сутак адміністратыўнага арышту актывісту грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паўлу Лукшу, які быў затрыманы за распаўсюд самвыдатаўскай газеты «Выбар» яшчэ 18 жніўня. У выданьні былі зьмешчаныя матэрыя­лы з заклікамі да байкоту верасьнёўскіх парламенцкіх выбараў і пратэстаў супраць магчымых фальсіфікацыяў іх вынікаў. Суд палічыў наяўнасьць у выданьні згаданых публікацыяў заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі і арыштаваў актывіста паводле арт. 23.34 КоАП – Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. 

­У канцы жніўня Міністэрства інфармацыі вынесла недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэце «Бобруйский курьер» адразу два папярэджаньні, якія грунтуюцца на трох артыкулах Закону «Аб друку і іншых СМІ» — арт.11 («Перарэгістрацыя СМІ»), арт. 26 («Выходныя дадзеныя») і арт.32 («Права на атрыманьне інфармацыі»). Рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка, які меў асабістую размову з кіраўніком сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананьнем заканадаўства Мінінфармацыі Віктарам Гурэцкім, агучаныя прэтэнзіі да свайго выданьня лічыць надуманымі. Як зазначыў журналіст у гутарцы з прэс-службай БАЖ, асноўнай нагодай для вынясеньня «БК» папярэджаньня стала публікацыя ў адным з ліпеньскіх нумароў газеты інфармацыі пра тое, што Бабруйск адсьвяткуе 27 ліпеня Дзень падпісаньня дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Акрамя спрэчнай нататкі ў Мініфармацыі ўзніклі прэтэнзіі да тэрыторыі распаўсюду газеты і мовы выданьня.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 1 ліпеня суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёну арыштаваў на 10 сутак актывіста “Маладога Фронту” з Баранавічаў Зьмітра Станкевіча. Ён быў затрыманы ў цэнтры гораду падчас распаўсюду ўлётак з інфармацыяй пра палітвязьня Андрэя Кіма, пратакол міліцыянты склалі паводле арт.17.1 КаАП – дробнае хуліганства.  

2 ліпеня актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч зьмешчаны ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна адбываць 7-суткавы адміністратыўны арышт, вынесены яму завочна яшчэ ў траўні судом Першамайскага раёну Менску за ўдзел у афіцыйным мітынгу прафсаюзаў каля Нацыянальнай бібліятэкі.  Павел Юхневіч вырашыў сам прыйсьці ў Першамайскі РУУС, каб яго не схапілі на вуліцы, як гэта адбылося з іншым актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем.  

11 ліпеня судзьдзя Цэнтральнага райсуду сталіцы Тацьцяна Паўлючук прызнала актывістаў АГП віноўнымі ў парушэньні арт. 17.1 КаАП – “дробнае хуліганства" і вынесла пакараньне ў выглядзе адміністратыўнага арышту  Кірылу Паўлоўскаму тэрмінам на 10 сутак, Міхасю Пашкевічу і Віталю Стажараву – па 15 сутак.  Яны былі затрыманыя раніцай пасьля таго, як хацелі даведацца ў КДБ пра лёс свайго паплечніка Аляксандра Сяргіенкі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі актывістаў АГП у Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратаколы за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы. 16 ліпеня віцебскі праваабаронца Павел Левінаў адпраўлены з бальнічнага ложку адбываць 10-дзённы адміністратыўны арышт, вынесены яму яшчэ 26 траўня. Сябра БХК прызнаны судзьдзёй Чыгуначнага райсуду Валянцінай Кісьмярошкінай віноўным у дробным хуліганстве, а менавіта нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманьні яго 27 сакавіка. Тады праваабаронца спрабаваў трапіць у кватэру да журналіста Вадзіма Баршчэўскага, дзе адбываўся ператрус. Павел Левінаў амаль два месяцы спрабаваў аспрэчыць судовую пастанову, паводле якой апрача арышту ён быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў) па  абвінавачаньні ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Паводле праваабаронцы, увесь гэты час супрацоўнікі Першамайскага РАУС рабілі захады, каб гвалтам даставіць яго пад арышт: дзяжурылі каля ягонай кватэры і адсочвалі ягоныя перасоўваньні па горадзе.  

Раённая падатковая інсьпекцыя на падставе скаргі пакупніцы аштрафавала актывіста прадпрымальніцкага руху Алеся Таўстыку на 4 базавыя велічыні (140 тысяч рублёў) за тое, што ён… размаўляў на беларускай мове.  Азнаёміцца са скаргай прадпрымальніку не далі, а аргументацыя была такая: маўляў, за некарэктную размову з пакупніком.

28 ліпеня судзьдзя Бабруйскага райсуду Аляксей Клімаў прызнаў мясцовага палітыка, прэтэндэнта ў кандыдаты на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах Алеся Чыгіра віноўным у парушэньні трох артыкулаў КаАП (дробнае хуліганства, непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і пашкоджаньне транспартнага сродку – таксоўкі) і пакараў 10-цю суткамі адміністратыўнага арышту і штрафам у памеры 60 базавых велічыняў (2 мільёны 100 тыс.руб.). Палітыку далі магчымасьць абскардзіць прысуд на працягу 5 дзён, таму ён застаўся на волі. 14 жніўня Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі Алеся Чыгіра на пастановы суду першай інстанцыі. Судзьдзя абласнога суду Мікалай Гладкі агучыў толькі прысуд і не прывёў ніякіх аргументаў. 

30 ліпеня па абвінавачаньні ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў у пасёлку Дружным, які адбыўся 27 чэрвеня,  судзьдзя Пухавіцкага райсуду Анатоль Вяжэвіч аштрафаваў грамадзкага актывіста Сяргея Абразоўскага на 50 базаввх велічыняў, што складае 1 мільён 750 тысяч рублёў. Сам сп. Абразоўскі так пракаментаваў прысуд: “Парушэньне правоў чалавека ў Пухавіцкім раёне — гэта яскравая падзея, якая сьведчыць, як улада ў Беларусі зьдзекуецца з чалавека. Нам дэманструюць: людзі, у вас няма аніякіх правоў. Вы ў гэтай дзяржаве ніхто. У гэтай дзяржаве правіць баль чыноўнік.” Сяргея Абразоўскага караюць штрафам ужо трэці раз. За мітынгі, якія адбыліся ўвесну ў пасёлках Дружны і Сьвіслач, зь яго спагналі больш за 1300 даляраў.

У жніўні актывіст БХД Кастусь Шыталь быў выкліканы да судовага выканаўцы Докшыцкага раённага суду «для выплаты прысуджаных 70 тыс. беларускіх рублёў». Як высьветлілася, гэта быў штраф за правядзеньне пікету на рынку ў Докшыцах 9 траўня. Суд адбыўся 10 ліпеня, аднак, па словах Кастуся, позву ён не атрымліваў, хоць у пастанове напісана, што ён быццам «не явился на суд, хотя был надлежащим образом уведомлён». Нагадаем, што 9 траўня 2008 года Кастусь Шыталь правёў у Докшыцах пікет супраць абортаў, які нарабіў шмат розгаласу як сярод мясцовага насельніцтва, так і ў сродках масавай інфармацыі. «Крыўдна, што ў нашай краіне з тысячагадовай хрысьціянскай гісторыяй улада расцэньвае спробы пратэсту супраць антыхрысьціянскіх і антычалавечых дзеяньняў як злачынства», -  камэнтуе Кастусь Шыталь. 
  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

У ліпені Менгарвыканкам не дазволіў правядзеньне пікетаў салідарнасьці са зьняволеным лідэрам БСДП (Грамада) Аляксандрам Казуліным на вуліцы Арлоўская, запланаваных на 6—7 ліпеня і прымеркаваных да другой гадавіны судовага працэсу над палітыкам. У афіцыйным лісьце сталічных уладаў адмова ў правядзеньні пікетаў ніяк не матывуецца. Між тым, пляцоўка насупраць цырка шапіто па вуліцы Арлоўская ўваходзіць у сьпіс месцаў, дзе дазволена правядзеньне масавых мерапрыемстваў.  

14 ліпеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы каля 50-ці прадстаўнікоў палітычных партыяў і рухаў правялі акцыю супраць зьняволеньня актывістаў апазіцыі, арыштаваных пасьля выбуху 4 ліпеня. Мірнае мерапрыемства было жорстка падаўленае, у часе разгону байцы спецназу зьбілі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку. Па выніках медыцынскага агляду у палітыка зафіксаваныя пяць гематомаў, аднак нягледзячы на медычнае падцьверджаньне фізічных пашкоджаньняў, нанесеных міліцыянтамі, палітык ня бачыць сэнсу зьвяртацца ў суд.  

Берасьцейскаму актывісту і праваабаронцу Раману Кісьляку гарадзкія ўлады забаранілі правядзеньне акцыі “Марш дробных хуліганаў”, які быў запланаваны на 30 ліпеня. Гэтай акцыяй праваабаронца зьбіраўся прыцягнуць увагу грамадзкасьці да масавых прыкладаў адміністратыўных затрыманьняў і пакараньняў па абвінавачаньню ў дробных хуліганстве напярэдадні значных грамадзка-палітычных падзеяў ў краіне. Афіцыйная прычына адмовы ў правядзеньні марша – неадпаведнасьць заяўленага месца рашэньню гарвыканакаму “Аб вызначэньні сталага месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў ў Берасьці”. 19 заяўнікоў “Марша” абскардзілі рашэньне гарвыканкаму, які забараніў правядзеньне акцыі, у судзе. Тым ня менш у судзе адмовіліся разглядаць скаргу на падставе непадведамаснасьці. 

12 жніўня суд Цэнтральнага раёна сталіцы асудзіў моладзевую актывістку Людвiсю Атакулаву на 10 сутак арышту. Яна была затрыманая напярэдадні разам з салігорскімі маладафронтаўцамі Iванам i Iльлём Шыламі, Андрусём Тычынам падчас спробы пiкетаваць расейскую амбасаду. Затрыманых  даставілі ў пастарунак, аднак, паколькі хлопцы былі непаўнагадовымі, на iх склалi адмiнiстратыўныя пратаколы і адпусьцілі пасьля зьяўленьня бацькоў, а Атакулава ноч правяла ў ізалятары. Людвiсю Атакулаву судзiлi за зачыненымi дзвярыма, нiхто з яе паплечнiкаў ня змог патрапiць у залу паседжэньня. Пра рашэньне суду стала вядома толькi пасьля таго, як дзяўчыну выводзiлi з будынку суда. 

Менгарвыканкам забараніў правядзеньне 31 жніўня ў цэнтры сталіцы мітынгу супраць ваенных дзеяньняў у падтрымку захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Заяўку на правядзеньне акцыі падавалі актывісты Моладзі БНФ. Фармальнай прычынай адмовы было тое, што запланаванае месца – Плошча Якуба Коласа – знаходзіцца блізка да лініі метро, а гэта супярэчыць закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Разам з тым сталічныя ўлады, згодна з заканадаўствам, не прапанавалі ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў для месца збору.  

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

14 ліпеня адбыўся суд над актывістам “Маладога Фронту” і БХД Паўлам Наздрой па справе, заведзенай Мазырскім ваенкаматам ў чэрвені. Ён абвінавачваўся ў тым, што некалькі гадоў таму не паведаміў у ваенкамат аб сваім звальненьні з працы. Суд прызнаў актывіста віноўным у парушэньні правілаў вайсковага рэжыму і пакараў штрафам у памеры двух базавых велічынь. Аднак, па словах Паўла Наздры, іншыя падсудныя, з якімі ў гэты дзень судзіўся ваенкамат, атрымалі толькі папярэджаньні, таму ён расцэньвае гэты суд як выкананьне загаду і чарговую спробу ціску на яго з-за актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці. 

30 ліпеня актывіста Полацкай філіі Маладога Фронту Алеся Круткіна забралі з кватэры супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі ў Полацкі РАЎС, дзе склалі адміністратыўны пратакол па артыкуле 25.1 КаАП за няяўку ў ваенкамат. Аднак прызыў 18-гадовага Алеся Круткіна ў войска ня можа лічыцца законным, бо напрыканцы чэрвеня ён быў беспадстаўна адлічаны з 1-га курсу гістарычнага факультэта БДУ. Нагадаем, Алесь Круткін зьяўляецца пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і таму паступіў ва ўнівэрсітэт без уступных выпрабаваньняў.  

Кіраўнік Кобрынскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Мех, які зьяўляецца адзіным кандыдатам у сьпісе АДС, звольнены з пасады інжынера Упраўленьня магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. Перад гэтым начальнік Кобрынскага УМГ Уладзімір Галашка і начальнік Кобрынскай управы КДБ Андрэй Басько 16 хвілін вялі з ім так званую прафілактычную гутарку. Пад пагрозай звальненьня з працы яны змушалі Меха адмовіцца ад удзелу ў выбарах, казалі, што ён ня знойдзе працы ва ўсёй Беларусі, ціснулі на тое, што ў Аляксандра ёсьць сям’я — малыя дзеці і жонка. Прапановы начальніка і кэдэбіста Аляксандар Мех запісаў на дыктафон. Гутарка была агучаная ў незалежных СМІ. Рашэньне адміністрацыі не працягваць з партыйным дзеячом працоўны кантракт Аляксандр Мех абскардзіў ў раённым судзе. Судовае паседжаньне працягвалася тры дні, аднак 22 жніўня судзьдзя Кобрынскага райсуду Аляксандар Бабаскін вынес рашэньне адмовіць сябру Партыі БНФ Аляксандру Меху па ўсіх пунктах ягонага пазову. Пастанова суду будзе абскарджаная.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства