Рынкевіч і Вольга Казуліна наведалі прадстаўніцтва Арганізацыі аб’яднаных нацый у Мінску
Прадстаўнік Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч і дачка палітыка Вольга Казуліна 18 жніўня наведалі прадстаўніцтва Арганізацыі аб’яднаных нацый у Мінску і перадалі свае заўвагі і каментары адносна справы экс-кандыдата ў прэзідэнты.
У кастрычніку 2007 году прадстаўнікі Казуліна перадавалі скаргу з патрабаваннем вызвалення палітыка і выплаты маральнай шкоды ў памеры двух мільёнаў еўра. Беларускія ўлады ў адказ таксама скіравалі ў ААН дакумент з просьбай лічыць неабгрунтаванымі патрабаванні прадстаўнікоў Казуліна. Зараз Вольга Казуліна і Ігар Рынкевіч падрыхтавалі яшчэ адзін дакумент з абгрунтаваннем сваёй пазіцыі.
- У сваіх каментарах мы разбілі довады “беларускіх кампетэнтных органаў” і просім разгледзіць нашу скаргу ў тэрміновым парадку на бліжэйшай сэсіі і задаволіць усе патрабаванні, якія яшчэ не рэалізаваныя.
Сам Аляксандр Казулін узяў невялікую паўзу. Як кажуць, ягоныя блізкія – палітыку трэба адчуць глебу пад нагамі. У панядзелак быў распаўсюджаны прэс-рэліз ад яго імя, дзе палітык зазначыў, што прымае рашэнне аб сваім вызваленні, як знак справядлівасці, але не можа прыняць памілаванне з маральнага гледзішча. У сераду былы палітвязень праведзе прэс-канферэнцыю і больш падрабязна апавядзе пра акалічнасці свайго вызвалення.