Прычына звальнення – распаўсюд газеты «Товарищ»?
Актывіст ПКБ Васіль Мамкін, звольнены з ААТ «Электраапаратура», дзе адпрацаваў больш за 25 гадоў, звярнуўся ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля з зыскам да кіраўніцтва прадпрыемства. Сп. Мамкін лічыць звальненне незаконным і патрабуе з адказчыка 10 мільёнаў рублёў за маральную шкоду.
Падчас судовых слуханняў 7 жніўня Васіль Мамкін паведаміў, што 18 ліпеня дырэктар прадпрыемства, дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Жыгар падпісаў загад на яго звальненне за нібыта сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў. В. Мамкіну, які з'яўляўся начальнікам бюро аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, паставілі ў віну пастаўку парашка для вырабу электранагравальнікаў, з-за чаго завод нібыта не выканаў план.
Васіль Мамкін аспрэчвае звальненне і звяртае ўвагу на тое, што акурат у гэты час ён быў у адпачынку. Сапраўднай прычынай свайго звальнення грамадскі актывіст лічыць тое, што яму на прахадную завода прынеслі газету «Товарищ», пра што даведаўся дырэктар.
Суддзя Галіна Чарнашэй выслухала таксама юрыста завода Наталлю Капцякову і вырашыла запатрабаваць дадатковыя дакументы, а таксама выклікаць у суд работнікаў завода, якія адказваюць за забеспячэнне.
Наступнае пасяджэнне прызначана на 20 жніўня. Да гэтага часу дырэкцыя завода мае магчымасць добраахвотна аднавіць Васіля Мамкіна на працы.