viasna on patreon

Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-08-08T16:22:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у самым разгары. Пасля таго, як былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, пачаўся збор подпісаў за прэтэнтэнтаў у кандыдаты.

Пры гэтым прэтэндэнты, якіх падтрымлівае ўлада, і незалежныя альбо прадстаўнікі апазіцыйных партыяў апынуліся ў такіх розных умовах працы, што толькі і застаецца, што “шукаць адрозненні”...

 

Каб аддаць свой подпіс за праўладнага прэтэнтэнта ў кандыдаты, патрэбныя мінімальныя намаганні: назваць сваё імя і прозвішча (нават не даючы пашпартных дадзеных, бо іх потым проста возьмуць у пашпартным стале) ці прынесці пашпарт на працу і аддаць свой подпіс у працоўны час... Наколькі цяжэй прыходзіцца сябрам ініцыятыўных групаў астатніх прэтэндэнтаў, якія сутыкаюцца з запалохваннем, дэзінфармаваннем выбаршчыкаў і стварэннем іншых перашкодаў...

 

Схаваная агітацыя – на старонках дзяржаўных СМІ

Перыяд агітацыі за кандыдатаў яшчэ не пачаўся, а назіральнікі за выбарамі ўжо фіксуюць выпадкі датэрміновай агітацыі. Падобныя факты адзначаныя ў Горках, Гомелі, Магілёве, Оршы, Баранавічах, Бабруйску і іншых гарадах Беларусі. Прычым, у асноўным гаворка ідзе пра публікацыі ў дзяржаўнай прэсе. Тэксты ўтрымліваюць відавочныя элементы агітацыйнай прадукцыі: біяграфічныя звесткі, працоўныя дасягненні, поспехі ў дэпутацкай дзейнасці і нават перадвыбарчыя абяцанні.

 

Так, у рэгіянальнай газеце "Гомельскія ведамасці" 2 жніўня (№ 86) з'явілася інтэрв'ю з Аляксандрам Шаўко. Гэта дзеючы дэпутат па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 і прэтэндэнт на наступны дэпутацкі мандат па гэтай жа акрузе. Аляксандр Шаўко заяўляе: "І надалей буду спрыяць таму, каб у новых мікрараёнах нашага абласнога цэнтра ствараліся нармалёвыя, сучасныя і цывілізаваныя ўмовы для жыцьця людзей. <…> гэта рэальныя справы, праекты, рэалізацыі якіх я буду спрыяць". Ён дэкларуе сваю дэпутацкую пазіцыю, ускосна звяртаючыся да сваёй мэтавай аўдыторыі - людзей старэйшага перадпенсійнага узросту. "Толькі пры стабільнай працы прадпрыемстваў магчыма папаўненне бюджэту, развіццё медыцыны, адукацыі, будаўніцтва жылля …, гарантаваная выплата фінансавай дапамогі і пенсій, што забяспечваюць спакойную старасць нашых людзей. За гэта я выступаў і выступаю ў Парламенце", - кажа дэпутат.

 

Сустракаюцца на старонках дзяржаўных СМІ і водгукі “ананімаў”. Напрыклад, чарговы матэрыял пра дэпутата-генерала Ваньковіча, які зноў зьбіраецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў НС РБ, надрукавала дзяржаўная баранавіцкая газета “Наш край” у нумары 91 за 05.08.2008г. На гэты раз з водгукам аб працы дэпутата Анатоля Ваньковіча выступае жыхар горада, які падпісаўся “Дзмітрый Міхайлавіч”.

 

Між тым, «пад раздачу» трапляюць недзяржаўныя СМІ. Так, 5 жніўня ў Гродна міліцыянты забралі 6 нераспакаваных пачкаў «Народнай волі» ў актывістаў АГП, якія збіралі подпісы ў падтрымку свайго кандыдата Яраслава Раманчука. Як мяркуюць актывісты, газеты будуць правяраць на наяўнасць агітацыйных матэрыялаў. Кіраўніцтва рэдакцыі «Народнай волі» сцвярджае, што ніякай агітацыі ні за каго з кандыдатаў выданне не публікавала.

 

За прадстаўнікоў улады подпісы збіраюць без пашпартных дадзеных

 

Збор подпісаў па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе № 81, дзеючай дэпутаткі Таццяны Асмалоўскай вядзецца з парушэннямі выбарчага заканадаўства. Супрацоўнікі райвыканкаму паведамілі, што іх подпісы за Таццяну Асмалоўскую збіралі проста на працоўных месцах, не правяраючы пашпарты.

Не патрабавалі пашпартоў і сябры БРСМ, якія на вуліцы збіралі подпісы за прэтэндэнта па Гарадзенскай паўночнай акрузе № 51. Грамадзяным было дастаткова толькі паведаміць свае імя і прозвішча.

 

Прымусовы збор подпісаў

 

Супрацоўнікаў асобных прадпрыемстваў вымушаюць прыходзіць на працу з пашпартамі і ставіць свае подпісы ў падтрымку “праўладных” прэтэндэнтаў. Такія выпадкі мелі месца у Менску, Салігорску і іншых гарадах.

 

Напрыклад, у Салігорску на прадпрыемстве трэста "Шахтаспецбуд" начальнікам адміністратыўна-бытавога корпуса было дадзена ўказанне ўсім работнікам трэста прынесці на працу пашпарты для ўнясення пашпартных дадзеных у падпісны ліст па зборы подпісаў за Яўгенія Абаленскага. Намеснік начальніка ўчастку пад’ёму №24-РУП ВА "Беларуськалій", цяперашні дэпутат аблсавета Я. Абаленскі зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па вылучэнні яго кандыдатам па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №75.

 

Аналагічны выпадак меў месца ў сталічным НПА "Інтэграл". Супрацоўнікаў прадпрыемства прымушаюць прыходзіць на працу з пашпартамі і ставіць свае подпісы ў падтрымку намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства спадара Казлова. Аляксей Казлоў зарэгістраваў ініцыятыўную групу і мае намер вылучацца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты па 97-ай выбарчай акрузе шляхам збору подпісаў.

 

На некаторых прадпрыемствах (напрыклад, у Гарадку) на тыдзень забіраюць пашпарты, каб людзі не змаглі аддаць свой подпіс за дэмакратычнага кандыдата. Так, гэта зрабілі напярэдадні наведвання Аляксандрам Мілінкевічам 6 жніўня Гарадка і Віцебска, дзе ён удзельнічаў у працы ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за дэмакратычных актывістаў, якія маюць намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў.

 

Працягваецца ціск

 

... на незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты

 

Супрацоўнікам, якія заявілі аб сваім намеры вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, звальняюць з працы ці пагражаюць звальненнем.

 

За намер вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, пераследуюць віцебскага ўчастковага Андрэя Левінава. Міліцэйскае кіраўніцтва вобласці падобную “самадзейнасць” вырашыла прысекчы на корані. Пасля прапановаў-пагрозаў звольніцца з міліцыі, якія прагучалі з вуснаў начальніка РАУС падпалкоўніка Блажэвіча, пракурор вобласці, дарадца юстыцыі 1 класа Дыско загадаў узбудзіць у дачыненні прэтэндэнта на дэпутацкі мандат ўчастковага Левінава дысцыплінарную вытворчасць. Мяркуючы па разгорнутым шырокамаштабным цкаванні капітана Левінава, далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі яму прыйдзецца праводзіць ужо ў статуце былога супрацоўніка міліцыі…

 

Бабруйскую актывістку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Таісію Кабанчук, якая працавала кладаўшчыцай Бабруйскага складу Баранавіцкай птушкафабрыкі, ужо звольнілі з працы. Таісія Кабанчук з’яўляецца прэтэндэнткай на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

 

... на сябраў ініцыятыўных групаў

 

У Наваполацку (выбарчая акруга № 25) двух сяброў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ад БСДП(Г) Ігара Валяева прымусілі адмовіцца ад свайго сяброўства ў групе праз ціск на працы. Іншых сяброў той жа групы міліцыянты сфатаграфавалі на выхадзе з пад’езду дома, дзе праходзіў збор подпісаў, пасля чаго хуценька селі ў машыну і з’ехалі, не праверыўшы дакументы і не патлумачыўшы свае паводзіны.

 

... на выбаршчыкаў

 

Ва ўсіх рэгіёнах краіны сябры ініцыятыўных групаў “праўладных” прэтэндэнтаў у кандыдаты “апрацоўваюць” жыхароў акругі, гаворачы, што тыя ня маюць права падпісацца за вылучэнне іншага кандыдата, калі ўжо падпісаліся за аднаго. З такой сітуацыяй сутыкнулася прэтэндэнт у дэпутаты Таццяна Севярынец, якая вылучаецца па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №11.

 

Аналагічная сітуацыя мела месца ў Наваполацку. Сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ад улады І.В.Антонавай пры зборы подпісаў паведамлялі выбаршчыкам, што, падпісаўшыся за аднаго прэтэндэнта, яны не маюць права паставіць свой подпіс за кагосці іншага.

 

Фінансавая міліцыя турбуе прэтэндэнтаў у кандыдаты і іх сем’і

 

У камітэце фінансавых расследаванняў ужо пабывала большасць апазіцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Пасля гэтага ва ўстанову сталі выклікаць і родных прэтэндэнтаў — бацькоў, братоў, сясьцёр ды жонак. Усіх іх у камітэце абавязваюць падаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

 

Так, у Магілёве позвы ў фінансавую міліцыю атрымалі прэтэндэнты Юры Новікаў, Уладзімір Новікаў, Аляксандр Ірхо, Ігар Кавленка і Мікалай Расюк і іх сваякі. Дэкларацыю запатрабавалі нават ў 89-гадовай маці старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава.

 

Партыйцаў працягваюць дапытваць адносна датычнасці да выбуху

 

У сувязі з мінскім выбухам у ноч на 4 ліпеня ў "чорны спіс" уладаў трапілі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў.

 

Так, у Берасцейскай вобласці па адбіткі пальцаў прыйшлі да першага сакратара Кобрынскага гаркама ПКБ Аляксандра Чорнага, калі ён выпісаўся з мясцовай лякарні, дзе ён знаходзіўся з хваробаю на пазваночнік. У апытальным лісце яго пазначылі як пікетчыка і ўзялі атбіткі пальцаў і сліну на аналіз ДНК.

 

Таксама ў спісы патэнцыйных тэрарыстаў трапіў і 84-гадовы сябра Партыі БНФ Яўген Ціхановіч з Баранавічаў. Ён "за польскім часам" сядзеў у турме, потым удзельнічаў у камсамольскім падпол'і супраць фашыстаў, ваяваў на фронце, а зараз ледзь рухаецца па кватэры. Падазраваецца ў датычнасці да выбуху і баранавіцкі 82-гадовы партыйца, заслужаны работнік культуры Міхась Мінін.

 

Працягваюцца допыты актывістаў і на Гарадзеншчыне. Адбіткі пальцаў знялі ва Уладзіміра Круцікава з Ліды, які займаецца зборам подпісаў за сябру БНФ “Адраджэнне” Станіслава Судніка.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства