viasna on patreon

Гомель: вылучэнец апазыцыі пазьбег бойкі, але ня штрафу

2008 2008-08-08T15:09:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Гомелі на прыпынку грамадзкага транспарту ля заводу вымяральных прыбораў невядомыя асобы спрабавалі завязаць бойку з прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат у Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33, грамадзкім актывістам Зьмітром Гусаковым.

Спадар Гусакоў праводзіў на аўтобус дзяўчыну. Двое хлапцоў разьвязнага выгляду пачалі прыставаць да Зьмітра: маўляў, што ты тут ходзіш па нашай тэрыторыі.

Зьміцер мусіў закрывацца рукамі, каб не атрымаць удару ў твар ці галаву.

Тут жа да прыпынку пад’ехала міліцэйская машына.

“Міліцыя гэтых людзей, якія нападалі на мяне, не затрымлівала, затрымалі толькі мяне і завезьлі ў мэдвыцьвярэзьнік. Пры гэтым на вачах у міліцыі нападнікі пагражалі мне, абражалі”, — распавёў спадар Гусакоў.

Яго абвінавацілі ў тым, што ён п’яны, запатрабавалі дзьмуць у трубку й зачынілі нанач у выцьвярэзьніку. А раніцай выпісалі штраф — 87,5 тысячы рублёў.

Зьміцер не адмаўляў, што спажываў піва, але вартым выцьвярэзьніка сябе ня лічыць. Таму ён зьвярнуўся ў пракуратуру Цэнтральнага раёну з просьбай разабрацца.

Гусакоў кажа: прамых доказаў таго, што інцыдэнт наўмысна справакаваны, ён ня мае, але падобнага сцэнару не выключае.

“Я не выключаю, што гэта зьвязана з маім вылучэньнем кандыдатам у дэпутаты. Каб паціснуць, каб я зрабіў нейкія высновы й ня лез у палітыку. Мне не нагадвалі пра выбары, але казалі, што я нібыта дрэнна сябе паводжу, што мяне трэба судзіць і накіраваць на папраўчыя работы ў Хойнікі альбо Брагін”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства