Вынікі прызыўной кампаніі – «ваенная таямніца» для недзяржаўнай газеты?
Карэспандэнту «Нясвіжскага часу» (Мінская вобл.) адмовіўся прадаставіць інфармацыю супрацоўнік мясцовага ваенкамата.
Кіраўнік карэспандэнцкага пункта «НЧ» Ігар Еўтух 15 ліпеня звярнуўся ў ваенны камісарыят з просьбай расказаць для выдання пра вынікі прызыўной кампаніі ў рэгіёне. Але намеснік ваеннага камісара Нясвіжскага ваенкамата Андрэй Марозаў адмовіўся адказаць на пытанні журналіста, матывуючы гэта адсутнасцю ў таго акрэдытацыі. Разам з тым, А. Марозаў не змог патлумачыць, якая менавіта акрэдытацыя патрэбная ў такім выпадку, і накіраваў кансультавацца ў абласны ваенкамат.
«Акрэдытацыя, як вядома, патрэбная для стварэння спрыяльных ўмоў працы журналіста, — зазначыў у гутарцы са службай маніторынгу БАЖ Ігар Еўтух. — Але нідзе ў заканадаўстве не прапісана, што адсутнасць акрэдытацыі можа стаць нагодай для адмовы ў прадастаўленні інфармацыі».
Па словах журналіста, 17 ліпеня рэдакцыя недзяржаўнага рэгіянальнага выдання накіравала ў камісарыят пісьмовы запыт, на які ваенная ўстанова абавязаная адказаць.