Уключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць парламенцкіх выбараў
Уключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць парламенцкіх выбараў. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе бундэстага ФРГ Хольгер Хайбах на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 9 ліпеня ў Мінску.
"Збліжэнне Беларусі і Еўрасаюза магчыма, калі будуць праведзены дэмакратычныя, свабодныя і справядлівыя выбары", — падкрэсліў Х.Хайбах.
Паводле яго слоў, асноўная мэта візіту нямецкай дэлегацыі — азнаёміцца з падрыхтоўкай парламенцкіх выбараў і пераканацца, што яны будуць адпавядаць міжнародным стандартам. Х.Хайбах зазначыў, што пры падрыхтоўцы гэтага візіту нямецкія парламентарыі прасілі беларускі бок арганізаваць сустрэчы з прадстаўнікамі не толькі афіцыйных структур, але і грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі.
"Мы разумеем, што Беларусь разглядае сябе як еўрапейскую краіну. Але, як прадстаўнікі Германіі і Еўрасаюза, мы адчуваем сябе абавязанымі выконваць пэўныя каштоўнасці, якія выражаюцца ў тым ліку ў правядзенні свабодных выбараў", — сказаў парламентарый.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што нямецкая дэлегацыя "высока цэніць магчымасць працаваць з дэпутатамі, абранымі падчас свабодных і дэмакратычных выбараў".
У сваю чаргу старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юрый Кулакоўскі зазначыў, што эканамічныя адносіны Беларусі з Германіяй развіваюцца лепш, чым палітычныя.
"Хацелася б, каб парламенцкія і палітычныя адносіны нашых краін ішлі наперадзе эканамічных", — сказаў ён.
Пры гэтым дэпутат зазначыў: нягледзячы на прынятыя Еўрасаюзам "розныя эканамічныя і палітычныя рашэнні, у нас у бізнесе складваюцца добрыя адносіны". "Калі б нашы парламенцкія адносіны былі больш актыўныя, то эканамічнае супрацоўніцтва ўзрасло б ў некалькі разоў", — лічыць Ю.Кулакоўскі.
Ён падкрэсліў, што расцэньвае гэтую сустрэчу як добры крок наперад па наладжванні беларуска-германскіх адносінаў. "Мы не баімся выносіць смецце з хаты, мы толькі радыя будзем, калі вы ўбачыце нашы недахопы і дадзіце параду", — сказаў Кулакоўскі, паведамляе БелаПАН