Ульяна Захаранка працягвае чакаць сына
Дзевяць год таму ў Менску непадалёк ад свайго дома пры нявысьветленых абставінах зьнік былы міністар унутраных спраў Беларусі, адзін з лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Юры Захаранка. У гэты дзень традыцыйна прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці наведваюць ягоную маці, Ульяну Рыгораўну, якой зараз 84 гады.
Існуе шмат сьведчаньняў аб магчымай датычнасьці да гэтага зьнікненьня высокапастаўленых службовых асобаў беларускага кіраўніцтва.
Карэспандэнт “Свабоды” патэлефанаваў Ульяне Рыгораўне Захаранцы — маці зьніклага генэрала.
“Добры дзень, Ульяна Рыгораўна! Хачу запытацца, як Ваша здароўе, як маецеся?”
“Добры дзень! Ну, яшчэ пакуль хаджу паціху. Калі ляжу, калі хаджу. Я ж 72 гады адпрацавала. Але ж і сёньня паціху рухаюся”.
Са словаў спадарыні Ўльяны, якраз сёньня ў яе хаце ў пасёлку Васілевічы Рэчыцкага раёну — госьці. Да гутаркі далучаецца праваабаронца Алег Волчак:
“Ульяна Рыгораўна заўжды рыхтуецца да гэтага дня і чакае нас — сяброў і тых, хто піша пра яе сына. І мы заўважылі, што калі наведваемся,то ў яе вышэйшы настрой і яна нават адчувае сябе здаравейшай. Вось і зараз павесялела, нават жартуе”.
Спадарыня Ўльяна:
“Юру ўспамінаюць, а я расказваю, як жыву, як гарую. Сябры сына прыяжджалі ў дзень яго народзінаў зімою. Цяпер вось дзень выкраданьня...”
Сям’я Юрыя Захаранкі апошнія гады жыве ў Нямеччыне. Бабуля Ўльяна кажа, што нявестка Вольга, унучкі Алена і Юля часта пішуць і тэлефануюць:
“Вось і ўчора тэлефанавалі. Яны жывуць то горш, то крыху лепш. Яны ж там працуюць, нібы рабы. Папрацуюць, да прыкладу, тры гадзіны – атрымаюць 30 эўра. А пасьля яшчэ якую працу адшукаюць. Так працуе Вольга — жонка Юры. Алена — старэйшая дачка — скончыла курсы, працуе ў краме. А меншая выйшла замуж. Што будзе далей, хто ведае?”
Ужо восем гадоў пракуратура вядзе адразу тры справы адносна Юрыя Захаранкі. Першая — крымінальна-росшукавая. Другая — паводле артыкулу “Забойства”. І трэцяя — грамадзянская, аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым. “У ніводнай з гэтых спраў не пастаўлена кропка”, — кажа юрыст Алег Волчак:
“Толькі аднаго разу, у 2001 годзе, перапынялася справа Юрыя Захаранкі. А цяпер тэрміны падаўжаюцца. Ужо дзявяты год. Але ніякіх новых вынікаў няма. Фармальна падаўжаецца. Ніхто нічога не шукае і не дасьледуе”.
Юры Захаранка нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне 1 студзеня 1952 году.
У 1991 годзе, калі Беларусь стала незалежнай, ён быў намесьнікам старшыні Міжрэгіянальнага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС СССР.
У 1994 годзе Юры Захаранка быў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі.
16 кастрычніка 1995 году быў звольнены з пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Далучыўшыся да апазыцыі, быў абраны ў кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Бясьсьледна зьнік увечары 7 траўня 1999 году.