viasna on patreon

Плануецца міжнародная канферэнцыя па сітуацыі са СМІ ў Беларусі

2008 2008-01-25T16:30:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міжнародная канферэнцыя па сітуацыі з мас-медыя ў Беларусі, магчыма, адбудзецца ў траўні г. г. Такая ініцыятыва абмяркоўвалася 24 студзеня ў Страсбургу на паседжанні падкамітэту па СМІ камітэту Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па культуры, навуцы і адукацыі, — паведаміла прэс-службе ГА «БАЖ» адна з удзельніц сустрэчы, кіраўніца брусельскага «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская.

Да ўдзелу ў дыскусіі 24 студзеня былі запрошаныя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці — праваабаронцы, супрацоўнікі недзяржаўных арганізацый, якія бралі ўдзел у Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый. «Мы коратка распавялі пра сітуацыю з мас-медыя ў Беларусі: пра «Новы час», пра Аляксандра Здвіжкова… З нашага боку прагучала прапанова — правесці слуханні па СМІ, падобныя да тых, што ладзіліся некалькі гадоў таму — калі была прынятая рэзалюцыя па сітуацыі з беларускімі мас-медыя», — зазначыла В. Стужынская. 

Па яе словах, на сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці, які падтрымаў ідэю правядзення такой канферэнцыі. Было вырашана, што падкамітэт па СМІ Рады Еўропы ў супрацоўніцтве з АБСЕ падрыхтуе афіцыйную прапанову на гэты конт. 

«Прагучала прапанова — падчас канферэнцыі вынесці на разгляд новы законапраект аб сродках масавай інфармацыі і запрасіць на гэтую сустрэчу ўсе зацікаўленыя бакі, у тым ліку і прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі», — паведаміла спн. Стужынская. 

Адносна інфармацыі пра магчымае адкрыццё ў Беларусі Інфармацыйнага цэнтру Рады Еўропы В. Стужынская пацвердзіла, што «гэтая прапанова прагучала на «круглым стале», прычым не ўпершыню». Пра тое, што пытанне аб адкрыцці Інфармацыйнага цэнтру абмяркоўваецца, паведаміў 24 студзеня на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства