viasna on patreon

Правы чалавека і дэмакратыя ў Беларусі – прыкры пачатак новага году

2008 2008-01-18T12:25:40+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Хельсінскай Камісіі Злучаных Штатаў Кангрэсмэн Элсі Хастынгс выступіў у Кангрэсе па пытаньні Беларусі. Прыводзім тэкст ягонай прамовы:

Вашынгтон, аўторак, 15 студзеня, 2008-01-17

№ 59

 

Палата Прадстаўнікоў

 

Правы чалавека і дэмакратыя ў Беларусі – прыкры пачатак новага году

 

Высокашаноўны Элсі Л. Гастынгс

(прадстаўнік штата Флорыда)

Аўторак, 15 студзеня, 2008-01-17

 

Сп. Гастынгс ад Флорыды:

Спн. Спікер, у мінулым месяцы я старшыняваў на брыфінгу ў Хельсінскай Камісіі з дэлегацыяй вядучых апазыцыйных дзеячаў і дэмакратычных актывістаў з Беларусі. Брыфінг, які называўся: “Будучыня Беларусі: Дэмакратыя або Дыктатура”, ішоў пра перспектывы пераменаў у краіне, што знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і мае найгоршыя ў Эўропе паказьчыкі што да павагі правоў чалавека і дэмакратыі. Нажаль, разьвіцьцё падзеяў пасьля візіту дэлегацыі ў Вашынгтон апынулася вельмі прыкрым і не прадракае нічога добрага для дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Малады чалавек, які выступаў на брыфінгу, дзевятнаццацігадовы Зьміцер Федарук, красамоўна распавядаў пра небясьпекі, з якімі сутыкаюцца маладыя актывісты, што змагаюцца за правы чалавека ў Беларусі. Ягоныя словы былі прароцкімі, праз некалькі дзён, па вяртаньні ў Беларусь, ён быў зьбіты да беспрытомнасьці супрацоўнікамі спэцназу, і дастаўлены ў шпіталь на хуткай дапамозе. На мінулым тыдні раённая пракуратура г. Менску адмовілася пачынаць сьледзтва па справе зьбіцьця Зьмітра.

Днём раней мой сябар Анатоль Лябедзька, адзін з найадданейшых абаронцаў дэмакратычных правоў, які таксама сьведчыў перад Камісіяй, быў таксама зьбіты беларускай міліцыяй. Далёка ня першы раз гэты лідэр дэмакратычнай апазыцыі падвяргаецца зьбіцьцю альбо рэпрэсіям з боку рэжыма Лукашэнкі. 4 студзеня рэжым Лукашэнкі забараніў Анатолю выезд за межы краіны, відавочна па палітычных матывах. Зараз Анатоль знаходзіцца ў турме, дзе ён адбывае 15-дзённы арышт, разам з некалькімі дзесяткамі іншых дэмакратычных актывістаў і дробных прадпрымальнікаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэста 10 студзеня супраць абмежаваньняў для дзейнасьці малога бізнэсу. Некаторыя з актывістаў – у асноўным моладзь – атрымалі цялесныя пашкоджаньні падчас затрыманьня. Тацяна Цішкевіч, якая была жорстка зьбітая і прад’явіла сваю запэцканую крывёю куртку ў судзе, атрымала 20 сутак адміністратыўнага арышту. Арсень Пахомаў, пазаштатны фотакарэспандэнт штодзёньніка "Наша Ніва" – аднаго з нешматлікіх незалежных выданьняў, што засталіся ў Беларусі – атрымаў прысуд у 15 сутак адміністратыўнага арышту. У дзень акцыі пратэсту шэраг беларускіх вэб-сайтаў на грамадзка-палітычную тэматыку, як Хартыя’97 і Радыё Свабода, былі часткова альбо цалкам заблякаваныя ўладамі.

 

Гэтыя апошнія рэпрэсіўныя дзеяньні адбыліся пасьля вынясеньня прысуду апазіцыйнаму актывісту Артуру Фінькевічу ў выглядзе пазбаўленьня волі на 18 месяцаў, адвольнага ўжываньня судовай улады для эканамічнага зьнішчэньня незалежных газэт, як “Новы Час”, прыняцьця мераў да ліквідацыі апазіцыйнай Партыі Камуністаў Беларускай, і вынясеньня штрафу баптысцкаму пастару Юрыю Краўчуку за незарэгістраваную рэлігійную дзейнасьць. Беларусь – гэта адзіная краіна ў Эўропе з абавязковай рэгістрацыяй перад ажыцьцяўленьнем рэлігійнай дзейнасьці.

Нажаль, падзеі, што адбыліся ўсяго за некалькі тыдняў Новага году, не натхняюць. Адміністрацыя Прэзыдэнта Лукашэнкі нядаўна адкінула прапанову апазыцыі правесьці перамовы наконт наступных парламенцкіх выбараў 2008 году, адмовіўшыся разгледзець сумесныя прапановы па правядзеньню парламенцкіх выбараў згодна з дэмакратычнымі стандартамі.

Спадарыня Сьпікер як Старшыня Хельсінскай Камісіі Злучаных Штатаў і як чалавек, які доўга займаўся ў рамках АБСЕ прасоўваньнем бясьпекі, супрацоўніцтва, дэмакратыі і правоў чалавека сярод 56 краінаў АБСЕ, уключаючы Беларусь, я глыбока расчараваны тым, што беларускі ўрад ігнаруе абавязацельствы перад АБСЕ, якія ён на сябе дабраахвотна ўзяў. Я вельмі спадзяюся, што сп. Лукашэнка спыніць самаізаляцыю сваёй краіны – напрыклад, нядаўнія пагрозы выслаць Амбасадара Злучаных Штатаў Карэн Сьцюарт – і сур’ёзна падумае пра прапановы аб супрацоўніцтве з боку Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу, калі Беларусь вызваліць палітычных вязьняў і будзе выяўляць павагу да асноўных дэмакратычных нормаў. А зараз рэжым Лукашэнкі можа быць упэўнены, што я і мае калегі па Хельсінскай Камісіі будзем рашуча стаяць поруч з Анатолем Лябедзькам, Зьмітром Федаруком і ўсімі тымі ў Беларусі – маладымі і сталымі – хто змагаецца за свабоду, дэмакратыю, і павагу да правоў чалавека.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства