viasna on patreon

Прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека сп.Бэлхасэн прыехала падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі

2007 2007-10-29T13:58:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сухайр Бэлхасэн жадае сустрэцца з прадстаўнікамі чатырох міністэрстваў — юстыцыі, інфармацыі, замежных і ўнутраных справаў.

Аднак пакуль улады не далі згоды — хоць у амбасадзе Беларусі ў Францыі сказалі, што зрабілі ўсё магчымае для арганізацыі сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў.

Спадарыня Бэлхасэн заявіла:

“Я абавязкова хачу сказаць беларускім уладам, калі мы зь імі сустрэнемся, што Беларусь ня можа падтрымліваць стасункаў толькі з такімі краінамі, як Іран, Куба, Вэнэсуэла Чавэса.

А прадаваць зброю Судану — гэта надзвычай небясьпечна ў сувязі з тым, што там адбываецца. Бо Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека працуе над адваротным — над тым, каб у Судане ды іншых рэгіёнах быў мір”.

Спадарыня Бэлхасэн хацела прыехаць на працэс у Вярхоўным Судзе, дзе разглядалі рэгістрацыю грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. Аднак на тыя дні беларускія ўлады ня выдалі ёй візы.

Якая мэта яе візыту?

Бэлхасэн: “Гэта мой першы візыт у гэты рэгіён — у краіну, дзе сытуацыя з правамі чалавека найбольш напружаная.

Па-другое, гэта візыт у падтрымку праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”, якое зьяўляецца сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. А яе старшыня Алесь Бяляцкі ёсьць віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Мы хацелі б сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і прэзэнтаваць ім працу Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і “Вясны”. Мы папрасілі сустрэчы з чатырма міністэрствамі. Апроч таго, адна з мэтаў візыту —вывучэньне ўмоваў утрыманьня пад вартай у Беларусі й выпадкаў жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні.

У цэлым мэта маёй місіі — гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Карэспандэнт: “Ці вас цікавіць лёс палітзьняволеных? Ці хочаце вы іх наведаць?”

Бэлхасэн: “Гэта адно з нашых асноўных пытаньняў. І наколькі гэта магчыма, я хацела б сустрэцца з палітзьняволенымі. Гэта падкрэсьлівае важнасьць працы нашай місіі што да ўмоваў утрыманьня пад вартай у Беларусі”.

Карэспандэнт: “Як Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?”

Бэлхасэн: “Тое, што мы прыехалі ў гэтыя дні, — невыпадкова. Толькі што завяршыўся працэс адносна “Вясны”, нашай арганізацыі-сябра, якую мы падтрымлівалі й будзем падтрымліваць.

І гэты працэс вельмі добра паказвае тое, што грамадзянская супольнасьць успрымаецца ўладамі Беларусі як пагроза. Тым ня менш, грамадзянская супольнасьць працягвае аказваць пэўны супраціў рэакцыі ўладаў.

Пасьля прыняцьця паправак у Крымінальны кодэкс, на жаль, сытуацыя незалежных арганізацыяў усё больш пагаршаецца. І ў гэтым сэнсе надзвычай засмучае рашэньне Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь, які дэманструе волю на тое, калі ня поўнасьцю ліквідаваць, то ўжо дакладна маргіналізаваць незалежную грамадзянскую супольнасьць.

І арганізацыю, якая змагаецца за захаваньне правоў чалавека, за дэмакратыю, супраць гвалтоўных зьнікненьняў, супраць сьмяротнага пакараньня і карупцыі.

І тое, што я хачу зрабіць, — аддаць належнае працы незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў цэлым, аб’яднаньня “Вясна” ў прыватнасьці, ад імя Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, якая аб’ядноўвае 155 арганізацыяў са ста краін сьвету.

І гэта доказ таго, што мы, усе арганізацыі ў розных краінах, прызнаем важнай тую працу, якая праводзіцца праваабаронцамі ў Беларусі”.

Да абраньня на пасаду прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека спадарыня Бэлхасэн была віцэ-прэзыдэнтам Туніскай лігі правоў чалавека. Яна заявіла, што візытам у Беларусь хоча падкрэсьліць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека мае трывалыя сувязі з уплывовымі міжнароднымі структурамі, у тым ліку з кіраўніцтвам Эўразьвязу.

Паводле спадарыні Бэлхасэн, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека для беларускіх няўрадавых арганізацыяў ёсьць “моцным голасам на міжнароднай арэне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства