"Гомельская праўда" папросіць прабачэння за няпраўду
Зыск аб абароне гонару і годнасці сябра БАЖ, грамадскага актывіста Леаніда Судаленкі да дзяржаўнай абласной газеты “Гомельская праўда” разглядаўся 18 кастрычніка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. Прадстаўніца “Гомельскай праўды” Алена Аленчанка ад імя рэдакцыі пагадзілася без судовага разбіральніцтва апублікаваць абвяржэнне звестак, надрукаваных у артыкуле “Своих детей – за границу, чужих – “в борцы за демократию” у нумары газеты ад 2 жніўня.
На думку зыскоўца, у артыкуле былі распаўсюджаныя не адпаведныя рэчаіснасці і абражальныя для яго сям'і звесткі.
А.Аленчанка пацвердзіла, што абвяржэнне будзе зроблена на падставе падрыхтаванага Л. Судаленкам тэксту на тым жа месцы і тым жа шрыфтам, як і артыкул, што стаў нагодай да звароту у суд.
У спрэчнай публікацыі аўтар С.Грушэнка (журналіста з такім прозвішчам ў штаце газеты няма) напісаў(ла), што “дарослыя дзядзькі, якія маюць вострую патрэбу ў маладых кадрах, “гарматным мясе” – гатовыя без роздуму ўдзельнічаць у антыграмадскіх мерапрыемствах, падстаўляючы пад удар сваю будучыню”. У гэтым кантэксце называлася імя Леаніда Судаленкі і сцвярджалася, што яго сын паехаў на вучобу ў Польшчу па праграме для апазіцыйных актывістаў.
Па словах Л. Судаленкі, насамрэч яго сын вучыцца па міжнароднай праграме “Дзеці рэпрэсаваных бацькоў”. (Гомельскае ўпраўленне ААТ “Белтрансгаз” скасавала працоўны кантракт з Леанідам Судаленкам пасля яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча.)