Каліноўская акруговая выбарчая камісія №108 г. Менска вынесла афіцыйнае папярэджаньне кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколе Статкевічу
Лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада прызналі вінаватым у распаўсюдзе ўлётак без выходных дадзеных і ў кампрамэтуючых выказваньнях на адрас улады, якія нібыта рабілі спадар Статкевіч і ягоная давераная асоба Ўладзімер Парфяновіч.
Старшыня акруговай выбарчай камісіі Марыя Бацян на паседжаньні 9 кастрычніка зачытала некалькі заяваў выбарцаў. Гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што Мікола Статкевіч нібыта парушыў правілы агітацыйнай кампаніі:
“У сваіх улётках (частка якіх ня мела выходных дадзеных) кандыдат Статкевіч некарэктна й груба выказваўся пра кіраўніцтва Беларусі й яе дзяржаўны лад. У інтэрвію, зьмешчаным у незарэгістраванай газэце “Зубр”, Мікола Статкевіч гаворыць, што зробіць усё, каб “не дапусьціць фальсыфікацыі выбараў і спыніць чалавека, які імкнецца да бязьмежнай улады”.
Старшыня камісіі таксама цытавала вытрымкі з выказваньняў Статкевіча ды іншых апазыцыйных лідэраў у газэце “Неделя”, называла іх антыдзяржаўнымі і кампрамэтуючымі ўлады. Некаторыя сябры камісіі лічаць сябе абражанымі й выказваньнямі даверанай асобы Міколы Статкевіча Ўладзімера Парфяновіча, які на адной сустрэчы з выбарцамі сказаў, што выбары будуць сфальсыфікаваныя.
Мікола Статкевіч заявіў, што заканадаўства не парушаў, назваў улёткі без выходных дадзеных правакацыяй і папрасіў паказаць яму, якія законы забараняюць агітаваць супраць пытаньня вынесенага на рэфэрэндум. Але яго ўжо ня слухалі. Старшыня камісіі сказала:
(Бацян: ) “Для пачатку мы Мікалая Віктаравіча Статкевіча, кандыдата ў дэпутаты, папярэджваем аб парушэньні Выбарчага кодэксу. Усё”.
Нягледзячы на папярэджаньне, Мікола Статкевіч не зьбіраецца спыняць антырэфэрэндумнай агітацыйнай кампаніі, -- паведаміла Радыё Свабода.