viasna on patreon

Назіральнікаў АБСЭ непакояць заявы Цэнтарвыбаркаму, што датэрмінова могуць прагаласаваць 30% выбарцаў

2004 2004-10-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода

Місія назіраньня за выбарамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заяўляе, што вымушаная адаптаваць сваю назіральную мэтадалёгію да спэцыфічных беларускіх умоваў — паводле Выбарчага кодэксу, за пяць дзён да выбараў і рэфэрэндуму дазваляецца датэрміновае галасаваньне. Намесьнік кіраўніка місіі Іэн Горвін сказаў: “Гэта адносна незвычайна, і нам кажуць сябры Цэнтарвыбаркаму, што, мажліва, 20 або нават 30% выбарцаў, як можна чакаць, прагаласуюць датэрмінова”.

На наступным тыдні зьявіцца чарговая прамежкавая справаздача місіі назіраньня АБСЭ, дзе будуць акрэсьленыя тыя праблемы, на якіх будуць канцэнтраваць сваю ўвагу міжнародныя назіральнікі за выбарамі. “Ня мусіць быць ніякіх сюрпрызаў для ўладаў”, — зазначыла кіраўніца місіі Одры Главэр і дадала пра зьмест канчатковай справаздачы, якую абнародуюць пасьля выбараў: “Мы зробім так, каб факты гаварылі самі за сябе, і хочам мець празрыстасьць з усіх бакоў”.

Хаця АБСЭ прасіла накіраваць 300 кароткачасовых міжнародных назіральнікаў, краіны-сябры АБСЭ здолелі набраць толькі 130, якія прыедуць незадоўга да 17 кастрычніка. Акрамя таго, паводле спадарыні Главэр, да іх далучацца каля 50 дыпляматаў, якія стала працуюць у Беларусі.

Недахоп рэсурсаў ёсьць адной з прычынаў таго, што назіральнікі АБСЭ ня будуць сачыць за рэфэрэндумам 17 кастрычніка. Яны будуць ацэньваць толькі яго ўплыў на выбары
Спадарыня Главэр дадала, што назіральнікі АБСЭ заўважылі скасаваньне рэгістрацыі некаторых кандыдатаў і прысутнічалі на паседжаньнях Цэнтарвыбаркаму і Вярхоўнага суду, а тэлевізійнае асьвятленьне кампаніі таксама ўваходзіць у праграму назіраньня. Аднак прадстаўнікі АБСЭ са зьдзіўленьнем даведаліся, што невядомыя людзі назіраюць і за імі: “Была нададзеная пэўная дадатковая ўвага некаторым сябрам місіі, і мы ня ведаем дакладна, што гэта былі за людзі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства