Офіс грамадзкага абвінаваўцы па Беларусі, які быў створаны ў Нямеччыне, распачаў сваю першую акцыю (Радыё Свабода)
5 ліпеня з офісу, які месьціцца ў нямецкім горадзе Эсьлінгене і які ўзначальвае ўдава вядомага беларускага палітыка Генадзя Карпенкі Людміла Карпенка, у Беларусь накіравана 70 пісьмовых папярэджаньняў аб крымінальнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб выбарах.
Атрымальнікі лістоў розныя — ад старшыні Цэнтарвыбаркаму да службовых асобаў выканкамаў рознага ўзроўню, якія адказныя за арганізацыю і правядзеньне выбарчых кампаніяў. Першапачаткова адабралі 70 асобаў, што трапілі ў сьпіс найцяжэйшых парушальнікаў Выбарчага кодэксу падчас парлямэнцкіх (2000 год) і прэзыдэнцкіх (2001 год) выбараў. Сьпіс гэты падрыхтаваны незалежнымі грамадзкімі назіральнікамі.
Людміла Карпенка нагадвае, што паводле беларускіх законаў (артыкул 192 Крымінальнага кодэксу) прадугледжваецца адказнасьць за падмену дакумэнтаў, парушэньне таемнасьці галасаваньня, няправільны падлік галасоў і іншыя парушэньні: “Да мяне паступілі сьпісы тых, хто парушаў выбарчае заканадаўства ў мінулыя гады. Па гэтых парушэньнях Беларускі Хэльсынскі камітэт ужо спрабаваў прыцягнуць парушальнікаў да адказнасьці. Але ні суды, ні пракуратура не адрэагавалі на гэтыя відавочныя парушэньні. Цяпер я накіроўваю ім папярэджаньні. Яны павінны ведаць, што іх чакае за парушэньні заканадаўства ў будучым”.
Папярэджаньне за №1 пайшло на адрас старшыні Цэнтарвыбаркаму. Лідзія Ярмошына гаворыць, што яна ніякага папярэджаньня не атрымлівала: “Перадусім, яны ня маюць права дасылаць усялякія папярэджаньні. Хто яны такія, каб папярэджваць? Зьвярнуцца як прыватная асоба яна можа да любога, каго захоча. Ну, накіруюць — ну, што? Па-першае, усё залежыць яшчэ ад зьместу. Калі там будуць элемэнты нейкага ціску, нейкага запалохваньня, то гэта абсалютна інакш усё будзе. Канечне, трэба будзе глядзець, што ўяўляе зь сябе гэтая папера”.
Спадарыня Карпенка ўдакладніла, што папярэджаньні накіроўваюцца не праз факс, а выключна адмысловым лістом з паведамленьнем адрасату. Таму, на яе думку, яны дойдуць у Беларусь толькі празь некалькі дзён.
Нагадаем, што асноўныя тры накірункі працы офісу — справы зьніклых палітыкаў, канстытуцыйны пераварот у лістападзе 1996 году, парушэньне выбарчага заканадаўства.