Новы закон аб КГБ: за выкрываньне “стукача” ўводзіцца крымінальная адказнасьць
Радыё Свабода
Палата прадстаўнікоў Беларусі ў апошні дзень сэсыі прыняла ў першым чытаньні закон “Аб ворганах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь”. Гэта – ня першая вэрсыя закона аб КГБ: такі закон у 1993 годзе прыняў Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Тады дэпутатам Апазыцыі БНФ удалося заблякаваць шэраг палажэньняў, якія надавалі КГБ надзвычайныя функцыі.
Супраць цяперашняга законапраекту прагаласавалі толькі тры дэпутаты. Адзначым, што закон пакуль ня дзейнічае – ён прыняты ў першым чытаньні. У другім чытаньні яго, верагодна, будзе прымаць наступны склад Палаты прадстаўнікоў. Аднак некаторыя назіральнікі адзначаюць, што другое чытаньне і канчатковае прыняцьце Закону можа адбыцца яшчэ і гэтым складам – на восеньскай сэсіі, калі будзе зацьверджаны бюджэт. Зьвяртае на сябе ўвагу і тое, што зь некалькіх дзесяткаў законапраектаў, якія павінна была б разгледзець Палата ў апошні дзень сэсыі, быў абраны Закон аб органах дзяржбясьпекі.
Паводле новага законапраету, супрацоўнікі КГБ маюць права ўзламваць дзьверы бяз санкцыі пракурора – гэтую санкцыю “чэкісты” могуць атрымаць пазьней, на працягу дваццаці чатырох гадзінаў. Прычым тычыцца гэта ня толькі памяшканьняў, якія належаць грамадзянам Беларусі альбо беларускім установам і арганізацыям. Паводле артыкулу 14 Закону, супрацоўнікі КГБ могуць пранікаць у службовыя памяшканьні замежных дзяржаваў, якія вядуць выведку і могуць нанесьці шкоду інтарэсам бясьпекі Беларусі. Крытэрыі гэтай шкоды, натуральна, будзе вызначаць сам КГБ.
Зрэшты, і бяз гэтага новаўвядзеньня беларускія «чэкісты» дазвалялі сабе ўмяшальніцтва ў дзейнасьць замежных арганізацыяў; можна прыгадаць уварваньне ў кватэру, якую здымаў супрацоўнік чэскай праваабарончай арганізацыі “Чалавек у бядзе” Міхал Плавец тры гады таму: нагадаем, што Плавец быў дэпартаваны зь Беларусі.
Новы беларускі Закон дазваляе агентам КГБ “укараняцца” ў арганізацыі і фірмы, у тым ліку і прыватныя, пад прыкрыцьцём звычайнага працаўладкаваньня. Прычым калі нехта публічна раскрые агента – дык за гэта ён рызыкуе панесьці крымінальную адказнасьць паводле артыкулу 18 гэтага Закону.
А вось у Латвіі дэпутаты парлямэнту прагаласавалі за тое, каб працягнуць яшчэ на дзесяць гадоў у дачыненьні да агентаў КГБ забарону займаць пасады ў дзяржаўных органах. Паводле латыскага закону, ўсе архівы КГБ будуць рассакрэчаныя.
У Беларусі грыф “сакрэтна” застаецца на большасьці спраў нават 70-гадовай даўніны, у тым ліку й пэрыяду рэпрэсіяў 30-50 гадоў. Да гэтага часу КГБ не абнародавала ніводнага прозьвішча тых, хто расстрэльваў людзей ў Курапатах.
Шмат каму праблема архіваў КГБ падаецца неактуальнай, цікавай хіба для гісторыкаў ды дасьледчыкаў. А вось як у ліпені 1995 году на хвалях беларускай “Свабоды” пра ўзаемасувязь агентурнай дзейнасьці і сучаснай палітыкі выказаўся Васіль Быкаў: “Уся КГБісцкая картатэка, прадбачліва адпраўленая на Лубянку, вызначыла палітычны выбар беларускага кіраўніцтва: ня Захад, а – Усход”.