viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступае за справядлівы разгляд адміністратыўных справаў законным і кампэтэнтным судом

2004 2004-06-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 чэрвеня прэс-служба Адміністрацыі Прэзідэнта распаўсюдзіла інфармацыю пра сутрэчу Прэзідэнта Лукашэнкі з распрацоўшчыкамі Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях. У ходзе дадзенай сустрэчы Прэзідэнт выказаў меркаваньне, што пераход да разгляду большасьці адміністратыўных правапарушэньняў судовымі органамі з’яўляецца неапраўданай мерай. “Распрацоўшчыкі кодэкса не ўлічылі, што судовая працэдура больш складаная, чым, напрыклад, разгляд адміністратыўнай справы ў міністэрстве, яна патрабуе большых выдаткаў і большых ведаў ад удзельнікаў працэсу, -- гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Прэзідэнта – гэткае кардынальнае зьмяненьне працэсу разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях, па сутнасьці, ламае сістэму, да якой прызвычаіліся грамадзяне краіны.” Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў занепакоенасьць магчымай перазагружанасьцю судоў адміністратыўнымі справамі.

У сувязі з выкладзеным Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць неабходным адзначыць, што толькі разгляд адміністратыўных справаў справядлівым судом можа быць сапраўднай гарантыяй выкананьня правоў грамадзянаў. Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” прымалі непасрэдны ўдзел у тысячах адміністратыўных працэсаў як у судах, так і ў несудовых органах. І падчас большасьці гэтых працэсаў былі зафіксаваныя грубыя і сістэмныя парушэньні працэсуальных правоў грамадзянаў. Такая сітуацыя абумоўленая ў тым ліку і састарэлым заканадаўствам – зараз у краіне дзейнічае Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях, прыняты ў 1984 годзе, гэта самы стары з дзеючых кодэксаў.

Таму прыняцьцё сучаснага і прагрэсіўнага Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях, са справядлівай працэдурай судовага разгляду адміністратыўных справаў, заснаванай на павазе да правоў грамадзянаў магло б стаць важным крокам па набліжэньні Беларусі да прававой дзяржавы.

Ва ўмовах, калі ў Беларусі штогод фіксуецца да пяці мільёнаў адміністратыўных правапарушэньняў, па якіх у якасьці правапарушальнікаў фігуруюць тысячы грамадзянаў – дэлегаваньне паўнамоцтваў па разглядзе адміністратыўных справаў органам выканаўчай улады можа стварыць умовы для працягненьня прававога свавольства. Гэта можа павялічыць памеры парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Таму Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае імкненьне да абмежаваньня паўнамоцтваў суда ў разглядзе адміністратыўных справаў як неабгрунтаваны і шкодны для грамадзтва крок.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства