Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
Міністэрства юстыцыі завяршыла праверку дзейнасьці Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паведамляе Радыё Свабода. Паводле яе вынікаў складзены сьпіс выяўленых парушэньняў заканадаўства. Міністэрства юстыцыі палічыла парушэньнем тое, што некаторыя літаратары стала жывуць за межамі Беларусі, а на ўваходзе вісіць “няправільны” герб.
Міністэрства юстыцыі абвінавачвае Саюз пісьменьнікаў у тым, што “пры ўваходзе ў памяшканьне, дзе знаходзіцца юрыдычны адрас аб’яднаньня, маецца шыльда з указаньнем назвы, не адпавядаючай зарэгістраванай, і больш таго, з выкарыстаньнем былога Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь”.
Парушэньнямі названа таксама тое, што Саюз прыняў у свае шэрагі беларускіх літаратараў, якія стала жывуць за межамі краіны, і што сябры Саюзу нерэгулярна сплачваюць штогадовыя сяброўскія складкі.
За гэтыя парушэньні Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне, у якім сказана, што пры наяўнасьці паўторных на працягу году парушэньняў, за якія ўжо выносілася пісьмовае папярэджаньне, арганізацыя будзе ліквідаваная. Сваю рэакцыю на выснову Мінюсту пісьменьнікі намераныя выказаць 15 красавіка на пашыраным паседжаньні рады