Затрыманні за каментары і мірныя сходы: хроніка пераследу 10-12 жніўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-12 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговага беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што жыве і працуе ў Польшчы, а затрымалі яго за тое, што наведваў мітынгі і пакідаў «негатыўныя каментары» на адрас міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады.
У Смаргоні за «распаўсюд экстрэмізму» затрымалі восем чалавек
Пра гэта мясцовай раёнцы адсправаздачыўся намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі раённага аддзелу міліцыі Андрэй Кавяза.
Усе затрыманыя — работнікі мясцовага прамысловага прадпрыемства. Некаторых затрымлівалі проста на працы, іншых — дома.
Жыхарку Брэста затрымалі за каментары пра Лукашэнку, АМАП і расійскую армію
На пакаяльным відэа жанчына кажа, што нібыта пакідала каментары, у якіх абражала Лукашэнку і «заклікала наносіць цяжкія цялесныя пашкоджанні вайскоўцам РФ і калецтва АМАПу».
Актывісту Яўгену Афнагелю ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму
Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі", асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін.
Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання. Суддзя Віталь Лапко пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну. Яўгена ўжо этапавалі ў Магілёў.
Затрымалі дырэктара сеткі будаўнічых крам «Мацярык»
Аляксандра Апольку абвінавачваюць ва удзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На «пакаяльным відэа» яго прымусілі назваць свой заробак.
Праўладныя тэлеграм-каналы называюць затрыманага «незадаволеным буржуем» і пагражаюць адказнасцю «па ўсёй строгасці».