"Я вельмі хачу, каб людзі не баяліся гаварыць". Інтэрв'ю з экс-палітвязняволенай Вольгай Такарчук
Блогерка і экс-палітзняволеная Вольга Такарчук была асуджаная на паўтара года калоніі. Пасля 23 студзеня 2024 года яна пакінула Беларусь дзякуючы BySOL, а яе маці цяпер прызнаная палітзняволенай. У інтэрв'ю "Вясне" Вольга распавяла пра тое, як гэта — быць палітзняволенай, пра падтрымку сімвалічных "хросных", пра суд і калоніі, пра сваіх дзяцей, і пра тое, чаму важна — не маўчаць.
— Да вас прыйшлі з затрыманнем 19 траўня 2021 года, а ўжо 27 траўня 2021 года выйшла заява аб прызнанні вас палітзняволенай. Як вы паставіліся да гэтай навіны?
— Пра гэта я даведалася, калі мяне перавезлі з Акрэсціна ў Жодзіна. Мы меркавалі, што мяне могуць закрыць, таму адразу з бацькамі агаворвалася, каб яны не маўчалі, каб яны не баяліся зрабіць мне горш у турме, а адразу падавалі [маю інфармацыю] на статус палітвязня, як бы іх ні палохалі і што б ні адбывалася далей. Гэта быў мой выбар.
— Чаму?
— Перш за ўсё, гэта галоснасць. Ты заяўляеш, што цябе незаконна ўтрымліваюць, ты палітычны. Калі кожны будзе маўчаць, як тады свет даведаецца пра тое, колькі нас і як нас шмат, як нас незаконна ўтрымліваюць? Плюс для мяне гэта вялікі гонар атрымаць такі статус, таксама як гонар — усе мае артыкулы (крымінальныя). Я імі ганаруся, і яны нездарма называюцца "народнымі". І як бы не было цяжка, як бы не было балюча за людзей, я ганаруся кожным, хто сядзіць па палітычных артыкулах і палітычных матывах. І лічу, што ўсім трэба больш і больш адкрыта гаварыць, заяўляць, нагадваць, асабліва тым, хто выехаў цяпер. Улады ж дамагаюцца таго, каб мы ўсе баяліся, каб мы ўсе маўчалі, каб як мага цішэй адбываліся ўсе тыя зверствы, якія дзеюцца ў Беларусі, таму, мне здаецца, трэба набірацца смеласці і не маўчаць пра гэта.
— Вы ўжо распавялі "Радыё Свабода", што ў Жодзіне ад адчаю спрабавалі рэзаць вены каменем, а затым абвясцілі галадоўку. І яшчэ ў лісце вы напісалі мужу, што не хочаце падымацца раніцай — за гэта вас паставілі на ўлік як "схільную да суіцыду". Што мяняе гэты ўлік у жыцці, і якая псіхалагічная дапамога ў пенітэнцыярнай сістэме?
— Псіхалагічнай дапамогі там няма ніякай ад слова "зусім". Нават перад тым, як ставіць мяне на гэты ліпавы ўлік па суіцыду, са мной не было размовы псіхолага або псіхіятра: з чым звязаны мой стан, які ў мяне маральны стан? А ў мяне назапасілася ўсё. Па-першае, як ты ні рыхтуешся да таго, што цябе могуць затрымаць, ты ўсё роўна маральна не падрыхтуешся, калі ты першы раз сутыкаешся з гэтым, плюс для палітычных створаны ўсякія зневажальныя рэчы: цябе водзяць з сабакамі, з палкамі, з канваірамі, твар у сцяну, адкатваюць пальцы, распранаюць.
Ты да гэтага не гатовы, ты ў прынцыпе не ведаеш, як гэта ўсё адбываецца. І гэта першы шок. У цябе потым рэзка абсякаецца сувязь са знешнім светам, забітыя вокны, ты не бачыш родных, ты не бачыш дзяцей, твае зносіны толькі ў лістах, плюс гэты карцар, які быў практычна з парога (мяне прывезлі ў Жодзіна 26-га, а 7-га чэрвеня я ўжо была ў карцары). Карцар наогул для мяне страшная рэч. Я з жахам уяўляю, як там цяпер нашы хлопцы і дзяўчаткі праз усё гэта праходзяць, з улікам таго, што цяпер усё гэта стала больш жорсткім. І ў мяне яшчэ была "лайт" версія ўсяго, і ў карцары я правяла ўсяго сем дзён, было вельмі холадна.
Галадоўка таксама была вымушанай мерай, пачалася яна яшчэ да карцара, але потым, дзякуй богу, хоць бы такім чынам я змагла абмяняць сваё спыненне галадоўкі на цёплыя рэчы, потым у мяне быў жудасны каронавірус. Гэта ўсё супала з тым, што маю справу, якая была перададзеная пракурору, завярнулі назад і накіравалі ў Следчы камітэт на дадатковае расследаванне. У мяне ў гэты час быў Дзень нараджэння ў мамы, на наступны дзень — у сына, праз пяць дзён — у дачкі. І я з тэмпературай, і на вуліцы 33 градусы тады было. І ўсё вось гэтае: што ты прапускаеш дні нараджэння дзяцей, у цябе стрэсавы стан, ты пасля галадоўкі, ты з каронавірусам, з тэмпературай — натуральна, маральны стан быў абсалютна жудасны. І я напісала мужу проста адзін радок: я засынаю і не хачу прачынацца тут. Я прачынаюся ў турме з пытаннем: навошта я прачнулася?
Напэўна, быў яшчэ загад далей прэсаваць мяне, бо яны палічылі гэта схільнасцю да суіцыду і паставілі мяне на ўлік, што я схільная да суіцыду і членашкодніцтва (акрамя агульнага нашага ўліку, што ты экстрэміст, дэструктыўны элемент). Па сутнасці, гэта нічога не памяняла. Акрамя карычневай карткі, якая даецца "экстрэмістам" у Жодзіне, у мяне з'явілася яшчэ жоўтая картка, што я схільная да суіцыду, і на ўсіх праверках я давала не адну справаздачу (што я "схільная да дэструктыўнай дзейнасці і экстрэмізму"), а яшчэ і потым давала другі рапарт, што я "схільная да суіцыду і членашкодніцтва". Ну і плюс, гэта такія нязручнасці, як: ты не можаш купіць станкі для галення і табе не могуць іх перадаць, кліпсер для пазногцяў таксама... У прынцыпе, гэты прафулік нічога жыццёва важнага не закранае, акрамя таго, што ты проста ім лішнія словы кажаш і справаздачышся.
— Потым, пасля Жодзіна, вас перавялі на Валадарку, у СІЗА №1. Там вы сядзелі шмат з кім з палітычных, у тым ліку і з Марфай Рабковай. Раскажыце пра яе.
— Надзвычайны чалавек. І наогул усе нашы палітычныя дзяўчаткі, з якімі я там сядзела, усе цудоўныя. І цябе адпускае вельмі моцна. Бо калі ты ў Жодзіне сядзіш адзін па палітыцы, а тут ты трапляеш у сваё асяроддзе, дзе ўсе па палітыцы.
Марфа была касцяком камеры. З улікам таго, што яна даўжэй за ўсіх сядзела, у адной і той жа камеры, у яе ўжо былі свае міні-правілы. Яна, па маіх адчуваннях, была там асноўная і галоўная. Яна ўставала раней за ўсіх, і ўсім дзяўчынкам запарвала гарбату і каву, яна ведала, хто як любіць. І калі мы прачыналіся і ўставалі, у нас усё ўжо стаяла гарачае. Марфа шалёна моцная, шалёна. Калі я сядзела з ёй, у яе яшчэ ішла "чытка" яе справы, гэтага талмуда. Для яе самае страшнае было падпісаць"памілаванне". Яна вельмі перажывала за бацьку, якога не змагла ўбачыць перад смерцю, мама вельмі хворая ў яе...
Марфа перажывала за ўсіх вакол, але толькі не за сябе. Але яе бясконца муж падтрымліваў. Тады яшчэ ішлі лісты. Ёй лістоў прыходзіла неймаверная колькасць — яна ўсім адказвала. Мы святкавалі там яе Дзень нараджэння, гэта быў самы смачны торт у жыцці, які я ела, хай і турэмны. Яна зрабіла з пячэняк корж і неверагодны крэм з згушчонкі. З намі яшчэ сядзела галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына — яна там нейкі шакалад церла на нешта прыдуманае, каб гэта ўсё ўпрыгожыць. Такая сумесная творчасць. Суткі гэты торт настойваўся, і быў вельмі смачны і сытны. Вось такі вось быў Дзень нараджэння.
Я вельмі ганаруся тым, што з Марфай пазнаёмілася. Марфа вельмі моцная. Я думаю, у калоніі, дзе шмат палітычных, яна таксама ўсіх падтрымлівае. Яна крэмень, яе не зламаеш.
— Потым над вамі пачаўся суд. Вам ставілі ў віну артыкул 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, артыкул 391 — абраза суддзі, і артыкул 188 — паклёп. Што было ў матэрыялах справы?
— 391-ы прад'явілі задоўга да майго затрымання (мяне адпусцілі праз паручальніцтва на падпіску аб нявыездзе) — калі мой youtube-канал быў яшчэ папулярным, у мяне быў першы адміністрацыйны суд па 23.34 КаАП, і калі я выпусціла пра гэта відэа, пад ім пайшлі каментары. І хтосьці напісаў тыпу "суддзя — паскуда". І я адказала: "Так, магла не па максімуму даць" (мне тады прысудзілі 30 базавых), так што яна "сама такая, і праца ў яе такая ж". І вось гэта прывязалі да слова "паскуда" — за гэта завялі крымінальную справу.
188-ы, паклёп, там я была сведкай і да мяне не было ніякіх прэтэнзій па гэтым артыкуле. Але ў дзень, калі мне прад'явілі абвінавачванні ўжо па 342-му за маршы, у гэты ж момант следчы паведаміў, што на мяне заведзена яшчэ адна крымінальная справа: "Ты са сведкі пераходзіш у абвінавачаную. На цябе Мархель Ірына (яна сацыяльны педагог у школе) склала, што ты яе вельмі моцна абгаварыла". Хоць паклёп — гэта загадзя ілжывыя паказанні, а там нават намёку не было на гэта. Я магу зразумець запалоханасць людзей, што яе маглі прыстрашыць роднымі ці яшчэ чымсьці — я не ведаю, якія ў яе былі абставіны. Але самае гідкае было на судзе, калі яна папрасіла маральную кампенсацыю 2 000 беларускіх рублёў, а прайшоў перапынак — і кампенсацыя вырасла да 4 000.
А 342-ы — народны артыкул, па ім дагэтуль людзей затрымліваюць. Толькі што ў мяне быў адзін эпізод, а пад канец яны мне выставілі тры. І то дзякуй богу, таму што хадзіла я на ўсе маршы, уключна з маршамі пенсіянераў, так што думаю, я яшчэ лёгка "адбілася".
— Суддзя Алена Капцэвіч 21 снежня 2021 года вынесла прысуд: паўтара года пазбаўлення волі. А потым у сярэдзіне студзеня 2022 года вас перавялі ў гомельскае СІЗА№3. І 31 студзеня 2022 года Яміла Шэфер, намесніца старшыні Альянсу 90/Зялёныя, дэпутатка бундэстага і Камітэта замежных спраў, стала вашай сімвалічнай "хроснай". Яна пры гэтым заявіла: "Мы павінны працаваць разам, каб такія людзі, як блогерка Вольга Такарчук, не зніклі з поля зроку сусветнай грамадскасці. Не забываць іх імёны і выказваць салідарнасць. Еўразвяз не павінен аслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя без якіх-небудзь умоў". Ці было для вас гэта падтрымкай?
— Я лічу, што пра ўсіх палітычных трэба казаць. Я ўдзячная людзям, якія распавядаюць пра нас і становяцца сімвалічнымі "хроснымі". Дзякуй ім велізарны. Трэба выкарыстоўваць усе шанцы, каб Беларусь і палітычныя зняволеныя не сыходзілі з парадку дня. Таму што, на жаль, чым больш часу мінае, тым менш гавораць пра Беларусь, тым менш памятаюць і задумваюцца пра палітычных зняволеных, якім, на жаль, з кожным днём становіцца ўсё больш невыносна ў турмах.
— У кастрычніку вас этапавалі ў ПК №4...
— Ёсць міні-прэсінг у калоніі на палітычных. Ты як з жоўтай біркай, ты не можаш браць дадатковыя гадзіны працы. Гэта значыць, ты не можаш пайсці на другую змену на фабрыку. Мне заставалася два месяцы — у калоніі) — і мне было ўсё роўна. Але як гэта працуе там: кожны месяц падлічваецца, колькі ты зрабіў, і табе ідзе адсотак выпрацоўкі на фабрыцы. І так як яны не даюць палітычным ніяк падпрацаваць (на другую змену выйсці), у цябе заўсёды маленькі працэнт, і гэта значыць, што ты заўсёды будзеш на ўсіх дзяжурствах, гэта значыць цябе будуць заўсёды ставіць лішні раз мыць прыбіральню, мыць падлогу, мыць калідоры, ісці чысціць гнілую бульбу. Гэта значыць тым, у каго вялікі план, іх не ставяць. А тыя, у каго маленькі працэнт і маленькі план — як бясплатныя рабы. Гэта значыць, ты ўвесь час мыеш "талчкі". Вось такі своеасаблівы прэсінг, і ты нічога не можаш з гэтым зрабіць.
— У інтэрв'ю "БАЖ" вы сказалі: "Дзеці ўжо былі навучаныя, калі хтосьці званіць у дзверы, усе гаджэты выключаць, сядзець ціха, як мышы". Можаце расказаць пра псіхалагічны стан вашых дзяцей праз вашае зняволенне і ўсяго таго, праз што вы прайшлі?
— Малая, дачушка Анюта, калі мяне забралі, ёй было тры гады, яна не моцна зразумела (што здарылася). У дзяцей час цячэ па-іншаму, і яна не надта заўважыла часу, калі мяне няма. З сынам было паскладаней — ён у мяне вельмі баявы, з правільнымі поглядамі, цікавіцца гісторыяй, шмат глядзіць відэа і навін, ён дапамагаў мне мантаваць мае відэа, ён адпраўляў мяне на маршы і сустракаў з іх. Гэта значыць, ён у прынцыпе быў на парадку дня. Яму да апошняга не казалі да суда (калі не ведалі, што мне могуць даць), дзе я. Гэта ўсё было з серыі "мама на каранціне з кавідам".
Вядома, у дзяцей былі пытанні: чаму не тэлефануе па тэлефоне? У іх потым пайшлі страхі, што можа мама памерла ад кавіда, а ім хлусяць; а можа мы дрэнна сябе паводзілі, і мама нас разлюбіла і кінула... Шмат у іх розных думак было, і калі мама мне пра гэта пісала, вядома гэта было самае балючае — тэма дзяцей. Балела 24/7 і не адпускала ніколі. Ты ўяўляеш гэтыя ручкі-ножкі — і гэта такі боль! Гэта горш любой турмы, не бачыць сваіх дзяцей, не мець магчымасці абняць іх, пацалаваць, гадаваць. І ў сына, калі я выйшла, у яго страх міліцыі. Калі хтосьці тэлефануе — (баіцца), каб толькі мяне не забралі, калі хтосьці прыходзіць: "Мама, а хто гэта?"
Зразумела, я ім тлумачыла, што хоць я вызвалілася, наўрад ці ад нас адстануць. Былі нават з імі спробы размовы пра тое, што можа быць давядзецца з'ехаць. Але сынам гэта ўспрымалася вельмі хваравіта і са слязамі, яму ж не патлумачыш усіх абставінаў, ён не разумее: "Ты ж ужо адседзела і нічога не робіш, чаму мы павінны з'язджаць?" Для яго гэта боль. Сяброў страціць, звыклы побыт, дом — усё. І цяпер ён вельмі плаксівы стаў, у яго вельмі шмат страхаў. Я шмат з ім размаўляла, чаму ён плача — у яго самы вялікі страх, што мяне зноў могуць пасадзіць. Гэты страх на першым месцы.
Я разумела, што яны растуць у ненармальнай абстаноўцы. У іх няма нармальнага дзяцінства: смела выйсці, смела адкрыць дзверы, не баяцца гэтага ўсяго. І я ўжо стала прыходзіць да таго, што я ўжо і жыццё сваіх дзяцей ламаю. Псіхіку, бо гэта вечная нервовасць, кожны прыход з РУУС ці нейкія праверкі — гэта ўсё роўна для іх стрэс. Яны бачылі мой стрэс, наколькі я ўзвінчаная, таму што ты кожную раніцу кагосьці чакаеш. Ты прачынаешся — і не ведаеш, да цябе прыйдуць ці не. У цябе могуць выпадкова вырубіцца пробкі, а ты думаеш, што гэта да цябе прыйшлі і вырубілі святло, таму што чакаюць, каб ты выйшла. І ты сядзіш без святла і не ведаеш — гэта пробкі вырубіла, ці цябе за дзвярыма чакаюць. Ты сядзіш, баішся.
Вядома, для дзяцей гэта ўсё было ненармальна. Я вельмі спадзяюся, што нам удасца аднавіцца, іх псіхіку ў першую чаргу аднавіць. Што яны праз гэта пройдуць — і не зламаецца нічога ў іх маленькіх галоўках, і не застанецца траўмы на ўсё жыццё.
— Што б вы хацелі дадаць да сваёй гісторыі?
— Я хачу ўсім падзякаваць, усім неабыякавым. Столькі было дапамогі маёй сям'і, столькі дапамогі цяпер мне, што без слёз... Я першыя дні (учора і пазаўчора) нават не магла пра гэта казаць, таму што гэта бясконца кранае. Таму дзякуй усім велізарны за тое, што мяне чакалі, што мяне памятаюць і любяць.
Я вельмі хачу, каб людзі не баяліся гаварыць. Нават ананімна, тыя, хто знаходзіцца ў краіне. Не баяліся расказваць свае гісторыі. Не баяліся распавядаць пра тое, як іх прэсуюць, або тэрарызуюць, або палохаюць. Гэта важна, свет павінен пра гэта ведаць. Калі мы будзем маўчаць, пра нас забудуць. А мы не маем на гэта права, у нас занадта шмат людзей сядзіць, занадта шмат рэпрэсаваных, занадта шмат пацярпелых. І, калі пра нас забудуць і Беларусь сыдзе з парадку дня, для мяне гэта здрада гэтым людзям.
Усім страшна. Мне таксама страшна было заставацца ў краіне. Але я разумела, што не хачу пакідаць яе ябацькам, я разумела, што хай цішком, але я камусьці магу там дапамагчы, каму гэта трэба. Усім страшна. І ўсё адно трэба быць разам, трэба не забываць, што наша сіла — у нашай салідарнасці і ў нашай падтрымцы. І ўнутры краіны таксама можна партызаніць, неяк дапамагаць адзін аднаму, гэта таксама трэба. Узгадваць, якія мы неверагодныя былі ў 2020-м годзе, і бо нічога не змянілася, мы засталіся такімі ж. Мы адно аднаго тады такімі адкрылі, і ў нашых галовах жа нічога не змянілася, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі ды ўзмацненне жорсткасці рэжымам жыцця ў Беларусі, мы ўсё адно такія ж, якімі былі ў 2020-м годзе, трэба не забываць гэта!
Трэба заставацца моцнымі, нешта рабіць для перамогі. Бо рэжым жа нешта робіць, каб нас прэсаваць — і ў яго атрымліваецца, бо яны робяць. Значыць мы таксама павінны рабіць яшчэ ў сто разоў больш, каб мы маглі супрацьстаяць гэтаму рэжыму, таму што няхай цяпер нейкія баі яны выйграюць, але вайна наша яшчэ не прайграная. І я ўпэўненая, што ўсё роўна перамога будзе за намі, перамога будзе за дабром, перамога ва Украіне, перамога будзе ў нас.
Усё рана ці позна сканчаецца, усё цыклічнае, трэба проста не апускаць рукі, верыць і нешта рабіць. Проста заўсёды нешта рабіць. Любое маленькае дзеянне... Калі шмат маленькіх дзеянняў, ужо атрымліваецца вялікае добрае маленькае дзеянне, і так, як пазлік, складваецца цэлая карціна.
"Рыхтуйцеся — будзе крымінальная справа". Як затрымлівалі маму блогеркі Вольгі Такарчук