viasna on patreon

"Вас такіх змагароў шмат. Мы вас усіх схопім. Рыхтуйцеся!". "Хатнія хімікі" пра ўмовы адбывання

2023 2023-11-10T18:30:00+0300 2023-11-11T10:35:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/iljustracyja_khatnjaja-khimija_volha-prankevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусаў і беларусак дагэтуль судзяць па палітычна матываваных справах яшчэ трохгадовай даўніны. Некаторых з іх за ўдзел у Маршах ці за каментары ў інтэрнэце асуджаюць да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, да так званай "хатняй хіміі". Але, нягледзячы на нібы "лёгкі" прысуд, асуджаныя пастаянна зазнаюць ціск, зняважлівае стаўленне з боку міліцыянтаў і парушэнне сваіх правоў.

Асуджаныя да "хатняй хіміі" распавялі "Вясне" пра вялікую цякучку кадраў участковых і іншых супрацоўнікаў, пра іх абсурдныя паводзіны, пра тое, як за сапсаваны дамафон можна атрымаць парушэнне, пра бесчалавечную камунікацыю начальніка інспекцыі і пра пагаршэнне ўмоваў адбывання "хатняй хіміі", праз якія людзі страчваюць працу.

З мэтаў бяспекі мы не пазначаем імёны суразмоўцаў.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Статыстыка

Паводле звестак ПЦ "Вясна", пачынаючы з 2020 года да "хатняй хіміі" асуджана не меней за 1086 чалавек, з іх 437 – жанчыны. Часта беларусаў асуджаюць да абмежавання волі за ўдзел у Маршах (ч. 1 арт. 342 КК), за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) або прадстаўніка ўлады (арт. 369). Але варта адзначыць, што паміж названымі артыкуламі і відам пакарання няма прамой залежнасці і ў падобных палітычна матываваных справах часта прысуджаюць пазбаўленне волі ў калоніі.

"А мне непрыемна з вамі знаёміцца"

Па словах аднаго з "хатніх хімікаў", у яго раёне за год змянілася некалькі ўчастковых інспектараў. Новы супрацоўнік паводзіць сябе жорстка і не хавае сваёй агіды да палітычных.

Суразмоўца распавядае, што ранейшыя міліцыянты заўсёды віталіся.

"Новы ж участковы пры першай сустрэчы на маё вітанне адказаў: "А мне непрыемна з вамі знаёміцца. Вас такіх змагароў шмат. Мы вас усіх схопім. Рыхтуйцеся!"

"За адно парушэнне – адразу суткі"

Іншы суразмоўца, які таксама асуджаны па палітычнай справе да "хатняй хіміі", распавёў, што яго праца звязаная з камандзiроўкамi. Раней ён мог перамяшчацца па ўсёй Беларусі. Ездзіў у камандзіроўкі ў іншы горад і там жа адзначаўся ў мясцовым аддзяленні міліцыі. На другі дзень вяртаўся дамоў. Так ён прапрацаваў пэўны час.

Але пазней інспектар забараніў яму выязджаць за межы свайго гораду. Мужчына вырашыў уладкавацца кіроўцам таксі, але яму не дазволілі працаваць па выходных – у дні, калі ў таксі можна зарабіць больш за ўсё. Да таго ж працаваць яму дазволілі толькі з 9 да 19 гадзінаў.

"У дзяржаўныя структуры не бяруць. У таксі з такімі ўмовамі працы асабліва нічога не заробіш", – дзеліцца суразмоўца.

Мужчына спрабаваў уладкавацца кіроўцам пагрузчыка на складзе. Але калі ён сказаў пра сваю палітычную справу, яму адмовілі.

"Пайшоў вон з кабінету. Ідзі падмятай вуліцы"

Апошнім часам нямала "хатніх хімікаў", якія працуюць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, пазбавіліся магчымасці ездзіць у камандзіроўкі праз забарону выязджаць за горад. Па словах суразмоўцы, гэтая з’ява носіць масавы характар.  

“Інспектар становіцца вельмі агрэсіўным, калі бачыць "хімікаў". Ён проста чырванее. Неяк я прыйшоў спытаць, чаму не магу больш ездзіць у камандзіроўкі. Тым больш, што я старанна выконваў усе правілы і не меў ніводнага парушэння. Інспектар проста паслаў мяне і сказаў, каб ішоў падмятаць вуліцы. А калі не выйду з кабінету, то мяне адправяць на суткі за абразу службовай асобы", - распавёў мужчына.

Пазней умовы адбывання сталі яшчэ больш жорсткімі і "хатніх хімікаў" пачалі арыштоўваць на суткі за тыя парушэнні, за якія раней толькі папярэджвалі. Напрыклад, суразмоўцу арыштавалі за тое, што выехаў на некалькі кіламетраў за межы гораду (падчас адбывання “хатняй хіміі” па-за працоўным часам забаронена выязджаць за горад). Яго адсачылі па білінгу ў тэлефоне. 

Таксама ён распавёў, што падчас абавязковых прапагандысцкіх лекцый ці праглядаў фільмаў супрацоўнік можа падыйсці і пачаць чапляцца, нібы чалавек няправільна стаіць ці не слухае лекцыю. Пасля спробы апраўдацца інспектар пытае яго прозвішча і выпісвае таму парушэнне.

Мужчына нават думаў прадаць сваё жыллё і пераехаць у іншы рэгіён, бо чуў, што там нібы больш лагодныя ўмовы для "хатніх хімікаў".

"Забралі адну гадзіну зранку і адну ўвечары"

Іншая суразмоўца таксама распавядае пра частую змену кадраў у інспекцыі.

"За год у нас змянілася пяць інспектараў. Апошняя горш за ўсіх. Яшчэ на Валадарцы мне распавялі гісторыю, як гэтая новая інспектарка адправіла дзяўчыну з “хіміі” у калонію за адно толькі парушэнне".

Пры новай інспектарцы жанчыне зменшылі час знаходжання па-за кватэрай: "Забралі адну гадзіну зранку і адну ўвечары".

Для "хатніх хімікаў" кожная вольная гадзіна мае значэнне, бо рэжым адбывання пакарання даволі строгі і час, які можна праводзіць на вуліцы вельмі абмежаваны. 

"Не працуе дамафон — выпісваюць парушэнне". Хатнія праверкі ў "хатніх хімікаў"

Участковы інспектар падчас праверак заўсёды звоніць адразу ў дзверы, бо ведае код ад пад’ездных дзвярэй. А ппснікі (супрацоўнікі патрульна-паставой службы) звоняць у дамафон. Але калі дамафон не працуе, то яны не спрабуюць патрапіць у пад’езд, а адразу залічваюць парушэнне нібы чалавека няма дома, распавядае жанчына.

Суразмоўца апісвае сітуацыю з хатнімі праверкамі і распавядае пра абсурдныя выпадкі і адмысловыя захады, якія даводзіцца рабіць, каб не патрапіць пад парушэнне.

"Аднойчы у нас пэўны час не працаваў дамафон. Ведаючы, што за гэта могуць выпісаць парушэнне, мы загадзя тэлефанавалі і папярэджвалі ўчастковага і інспектара. А для ппснікаў клеілі аб’яву на дзверы пад’езда.

Іншыя асуджаныя самі здымалі відэа з камер відэаназірання і неслі ў інспекцыю. Але ж гэта ўсё нервы і дадатковы час, якога і так вобмаль". 

Аднойчы жанчыне ўсё ж прыйшлося аспрэчваць парушэнне. Ёй запісалі, нібы яна не была дома ў належны час. Паразмаўляўшы з іншымі “хімікамі” выявілася, што ўчастковы запісваў несапраўдныя парушэнні ўсім асуджаным, да якіх прыходзіў. Але тады ўсё лёгка вырашылася простай размовай з інспектаркай.

Забаранілі працаваць у выходныя

Як распавядае жанчына, цяпер у яе горадзе "палітычным" забаранілі працаваць як індывідуальным прадпрымальнікам і у выходныя дні. Знаёмыя суразмоўцы, якія таксама адбываюць "хатнюю хімію" па палітычных справах кажуць, што абмежаванні на працу закранулі розныя сферы і ў гэтых дзеяннях не бачна ніякай логікі. Напрыклад, у таксі і ў рамесніцтве працаваць у выходныя нельга, а ў сферы фітнэсу можна. Нельга як індывідуальны прадпрымальнік, а працаваць на прыватную фірму — магчыма. Праваабаронцам невядома, ці падобныя забароны паўсюдныя і наколькі масавы характар яны маюць.

Дзве вольныя гадзіны і адсутнасць адпачынку

"Калі не працуеш на "хатняй хіміі", то маеш толькі дзве гадзіны вольнага часу – іх ледзь хапае, каб схадзіць у краму і паліклініку. Але калі ты працуеш на "хатняй хіміі" і бярэш адпачынак, то таксама маеш толькі тыя ж дзве вольныя гадзіны часу. То бок, ні ў які адпачынак ты не едзеш.

А калі ты хочаш, напрыклад, летам пажыць на лецішчы, то мусіш знаходзіцца там мінімум тры месяцы і адзначацца ўжо ў мясцовым РАУСе. Кватэру можна мяняць значна часцей, хоць раз на месяц", – распавядае суразмоўца.

Калі вы сутыкнуліся з парушэннем сваіх правоў і гатовыя пра гэта распавесці, пішыце нам у Тэлеграм @Viasnainfo.

Гарачая лінія - дапамога, падтрымка і кансультацыі ў выпадку парушэння правоў чалавека:

Тэлеграм @ViasnaSOS@SOSViasna

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства