Супраць удзельнікаў марафона салідарнасці з палітвязнямі ўзбудзілі крымінальную справу: хроніка пераследу 3 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Віцебскі абласны суд прыме рашэнне аб ліквідацыі трох грамадскіх аб'яднанняў
Суд разгледзіць пазоў юстыцыі па ліквідацыі ГА «Віцебская абласная федэрацыя кікбоксінга і тайландскага бокса», а таксама яшчэ адной спартыўнай грамадскай арганізацыі — «Хакейны клуб "Паўночная Зорка"».
Таксама па пазове Міністэрства юстыцыі абласны суд разгледзіць ліквідацыю ГА «Міжнародная грамадская арганізацыя па рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей "Алмаз"», якая была зарэгістраваная ў Віцебску ў 2000 годзе, піша «Віцебская Вясна».
ГУБАЗіК затрымаў яшчэ адну супрацоўніцу ТАА «ЮрСпектр»
На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што працуе вядучай спецыялісткай і нібыта ў 2020-ым годзе выходзіла на акцыі пратэсту, а таксама пакідала «абразлівыя каментары пра дзеючую ўладу».
Нагадаем, у мінулы чацвер сілавікі паведамілі пра затрыманне намесніцы выканаўчага дырэктара «ЮрСпектра».
Палітзняволенай Насце Лойцы пакінулі прысуд без зменаў
У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.
Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Хутка яе перавядуць у калонію.
Падтрымаць Насту лістамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Анастасія Юр'еўна Лойка
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы "ШОС Chat", "Малиновка 8/9: ЧАТ", "Бармалеи/партизаны", "Праскаловiч";
- Instagram-старонкі "rushennie", "Borisov ok", "твой Барысау Борисов", "Тот Борисов ТБ";
- TikTok-профіль "beregi_sebia".
Супраць удзельнікаў прамой трансляцыі марафона салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно" завялі крымінальную справу
Па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў прамой трансляцыі пад назвай "Анлайн-марафон салідарнасці з палітзняволенымі "Нам не ўсё адно". Падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек.
"12-гадзінны эфір з развагамі злачынцаў і іншых дэструктыўных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, трансляваўся на youtube-каналах радыкалаў, якія пакінулі Беларусь. Мерапрыемства, завуаляванае пад збор сродкаў для асуджаных нібыта па палітычных матывах беларусаў, арганізатары правялі з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання. Па іх заяве, яны атрымалі больш за 500 тысяч еўра", – заяўляе МУС.
Следчымі распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі).
Раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі відэакантэнт пад назвай "Нам не ўсё адно".