Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, затрыманне чыгуначнікаў у Жлобіне: хроніка пераследу 25-26 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў панядзелак, 25-26 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі жлобінскіх чыгуначнікаў
Паводле інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў, у Жлобіне былі затрыманы двое мужчын, іх затрыманне звязана з пратэстнымі настроямі.
Абодва затрыманыя – работнікі чыгункі. Адзін з іх, Аляксей Барсукоў, працаваў у жлобінскім дэпо. Ён быў затрыманы ў чэрвені.
Мяркуецца, што супраць яго арганізавана крымінальная справа за пратэстную актыўнасць у інтэрнеце. Імя другога затрыманага – Ігар. Ягонае прозвішча высвятляецца, піша “Гомельская вясна”.
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў былога мадэратара канала "Страна для жизни"
Паводле сілавікоў, мужчына жыў за мяжой, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён ўдзельнічаў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і размяшчаў у інтэрнеце «экстрэмісцкую сімволіку».
Чарговае абнаўленне ў Спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
25 ліпеня 2023 года ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў чарговае абнаўленне. З нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:
тэлеграм-канал "Кусь за Беларусь!";
тэлеграм-канал "Чат-Беларусы Вільні" (які насамрэч не канал, а чат);
старонка ва "Укантакце" з назвай "Лукашэнка яшчэ прэзідэнт?".
У Беларусі збіраюцца ліквідаваць Партыю БНФ
Іск у Вярхоўны суд падаў Мінюст — яго разгляд прызначылі на 14 жніўня.
Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца за кратамі. Палітвязня прысудзілі да 10 гадоў калоніі па "справе змоўшчыкаў".
Нядаўна была ліквідаваная і апазіцыйная Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, якую ачольвае Зянон Пазняк.
У Беларусі ў выніку "перарэгістрацыі" засталіся толькі праўладныя партыі: камуністы, "ліберал-дэмакраты" Алега Гайдукевіча і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама зарэгістраваная партыя "Белая Русь".
У Гомелі сілавікі затрымалі цэлую сям'ю
Гэта пажылая пара, іх дачка і зяць. Іх усіх збіраюцца судзіць паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Пра затрыманне паведамляе "Гомельская вясна".
У Брэсце затрымалі майстра па шахматах Дзмітрыя Буланава
«Затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК, удзельнічаў у акцыях 2020 года, удзельнічаў у перасылцы "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і быў зарэгістраваны ў плане "Перамога"», — распавёў затрыманы.
Як піша @mediazona_by, ГУБАЗіК атрымаў поўны доступ да закрытага чату «Свабодныя шахматысты Беларусі». Самога Буланава адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе пасля трох дзён арышту.
У Берасці затрымалі лекара-ўролага Брэсцкай абласной лякарні Алега Зыкуна
Па папярэдняй інфармацыі — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, пішуць "Белыя халаты".
Інфармацыя дапаўняецца.