Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 11 палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
24 ліпеня 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Кірыл Клімаў асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам "By_help", "BYSOL", "Честные люди" да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Васіль Якімаў асуджаны паводле арт. 361-3 КК за падрыхтоўку да ўваходжання ва ўзброенае фармаванне для абароны Украіны ад расійскай агрэсіі;
- Ігар Сацюк асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі, да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Віталь Юрэня асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі, да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Вольга Рыбіна ўзята пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
- Аляксандр Фікаў узяты пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
- Аляксандр Хмыль асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
- Дзмітрый Селядцоў узяты пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
- Павал Харытонаў асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
- Максім Драбніца асуджаны паводле ч. 1 арт. 361-1 КК за ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і ч. 2 арт. 290-5 КК за ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі — далучэнне да Плана "Перамога" і намер пашкодзіць чыгуначныя пуці да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
- Мікіта Бруй (непаўнагадовы) асуджаны па адвольным абвінавачанні ў рэабілітацыі нацызму паводле арт. 130-1 КК, за стварэнне экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 КК за публікацыі ў пратэсным тэлеграм-чаце да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.
Мы прызнаем згаданых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітзняволеных Кірыла Клімава, Васіля Якімава, Ігара Сацюка, Віталя Юрэню, Вольгу Рыбіну, Аляксандра Фікава, Аляксандра Хмыля, Дзмітрыя Селядцова, Паўла Харытонава, Максіма Драбніцу, Мікіту Бруя;
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.