viasna on patreon

Абарона права на асабістую свабоду ў крымінальным працэсе: міжнародныя стандарты і нацыянальная практыка ўзяцця пад варту

2022 2022-07-21T17:39:52+0300 2022-07-21T17:41:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prava_abarona_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Артыкул 9 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей — Пакт) гарантуе кожнаму чалавеку права на асабістую свабоду — свабоду ад таго, каб быць змешчаным у фізічную ізаляцыю. Пра гэта — у падрабязным матэрыяле ініцыятывы "Права на абарону".

Гэтае права не з'яўляецца абсалютным. Як адзначаецца ў Заўвазе агульнага парадку № 35 (пункт 10), у некаторых выпадках Пакт прызнае апраўданым пазбаўленне волі, напрыклад, у кантэксце прымянення крымінальнага заканадаўства. У гэтым кантэксце паняцце "пазбаўленне волі" не зводзіцца толькі да пакарання (як гэта прадугледжана ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь), а ўключае розныя ізаляцыйныя меры (утрыманне ў паліцыі, хатні арышт, адміністрацыйнае ўтрыманне пад вартай, прымусовую шпіталізацыю, прымусовае транспартаванне і іншыя) і нават дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да асобаў, якія ўжо знаходзяцца ў зняволенні (напрыклад, утрыманне ў адзіночнай камеры).

Пазбаўленне волі любым з гэтых спосабаў не з'яўляецца правамерным толькі праз тое, што ажыццяўляецца ў межах крымінальнага працэсу, але ў кожным выпадку залежыць ад таго, ці выконваюцца пры гэтым гарантыі абароны права на асабістую свабоду, вызначаныя артыкулам 9 Пакта.

Рэспубліка Беларусь, з'яўляючыся дзяржавай-удзельніцай Пакта, прыняла на сябе абавязальніцтвы па забеспячэнні гэтых гарантый. Аднак наяўная практыка пазбаўлення волі — і ў якасці пакарання, і ў якасці мер працэсуальнага прымусу — сведчыць пра тое, што міжнародныя стандарты абароны права на асабістую свабоду ў Беларусі не выконваюцца, і гэта носіць сістэмны характар. У гэтым матэрыяле будуць разгледжаныя некаторыя прыклады парушэння гэтых стандартаў пры затрыманні і ўжыванні меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ў крымінальным працэсе.

Паняцці "адвольнага" і "незаконнага" ўтрымання пад вартай

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: medium.com
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: medium.com

Пункт 1 артыкула 9 Пакта вызначае дзве асноўныя забароны пры ўзяцці пад варту: забарона адвольнага арышту і ўтрымання пад вартай і забарона незаконнага зняволення.

Незаконным з'яўляецца такое зняволенне, якое адбываецца ў адсутнасць прадугледжаных законам падставаў і не адпавядае прапісанай у законе працэдуры.

"Адвольнасць" уяўляе сабою больш складанае паняцце. Яго не варта прыраўноўваць да паняцця "супрацьзаконнасці", а варта тлумачыць шырэй, уключаючы ў яго элементы непрымальнасці, несправядлівасці, непрадказальнасці і невыканання працэсуальных гарантый, разам з элементамі мэтазгоднасці, неабходнасці і супамернасці (пункт 12 Заўвагі агульнага парадку № 35).

Зыходзячы з паказаных крытэраў варта ацэньваць кожны факт затрымання і ўзяцця пад варту. Пры гэтым паняцці "незаконнасць" і "адвольнасць" не ўзаемавыключальныя, а "часткова накладваюцца адзін на аднаго ў тым сэнсе, што арышты і ўтрыманне пад вартай могуць мець месца ў парушэнне прымяняльнага права, але пры гэтым не быць адвольнымі, ці могуць дапускацца законам, але пры гэтым быць адвольнымі, ці могуць быць адначасова і адвольнымі, і незаконнымі. Адвольнымі таксама з'яўляюцца арышт ці ўтрыманне пад вартай, якія не маюць пад сабой законнай падставы" (пункт 11 Заўвагі агульнага парадку № 35).

У крымінальна-працэсуальным заканадаўстве Беларусі для ацэнкі правамернасці ўзяцця пад варту выкарыстоўваюцца паняцці "законнасць" і "абгрунтаванасць". Пад першым маецца на ўвазе "выкананне нормаў крымінальна-працэсуальнага закона, якія рэгламентуюць парадак ужывання мер стрымання", што наогул адпавядае зместу паняцця "законнасць" у дачыненні да Пакта.

"Неабгрунтаванае" ж (у тэрміналогіі КПК) узяцце пад варту можна толькі часткова суаднесці з "адвольным" (у тэрміналогіі Пакта).

У пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 23 снежня 2010 года № 12 "Аб практыцы разгляду судамі скаргаў на ўжыванне мер стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, хатняга арышту ці падаўжэнне тэрміну іх дзеяння" (далей — пастанова Пленума), "абгрунтаванасць" вызначаецца як наяўнасць у прадстаўленых суду матэрыялах звестак, якімі пацвярджаецца неабходнасць ужывання меры стрымання (пункт 3). Аднак такога шырокага пераліку элементаў, як прыводзіцца ў Пакце для характарыстыкі "адвольнага" ўзяцця пад варту, у беларускім заканадаўстве не ўтрымліваецца.

У сувязі з гэтым ацэнка абгрунтаванасці ўзяцця пад варту зводзіцца на практыцы да праверкі выканання асобных прадпісанняў КПК, прычым выключна з фармальнага боку (у прыватнасці, правяраецца, ці пазначаныя следчым падставы для ўжывання меры стрымання, пра што гаворка пойдзе ніжэй). З пункту гледжання выканання вызначаных Пактам гарантый, затрыманне і ўзяцце пад варту ў практыцы наогул не ацэньваюцца.

Напрыклад, Пакт безумоўна прызнае адвольнымі арышт ці ўтрыманне пад вартай у пакаранне за законнае ажыццяўленне правоў, гарантаваных у адпаведнасці з Пактам, уключаючы права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне (артыкул 19), свабоду сходаў (артыкул 21), свабоду асацыяцыі (артыкул 22), свабоду рэлігіі (артыкул 18), а таксама права на недатыкальнасць прыватнага жыцця (артыкул 17). Арышт ці ўтрыманне пад вартай праз дыскрымінацыйныя падставы ў парушэнне пункта 1 артыкула 2, артыкула 3 ці артыкула 26 таксама, у прынцыпе, з'яўляюцца адвольнымі (пункт 17 Заўвагі агульнага парадку № 35). Аднак у Беларусі ацэнка ўзяцця пад варту з пункту гледжання абмежавання гэтых правоў ці дыскрымінацыі судамі не робіцца.

Таксама адвольным можа з'яўляцца ўтрыманне ў зняволенні, калі абыходжанне з затрыманымі не адказвае той мэце, якая паказана як падстава для змяшчэння пад варту (пункт 17 Заўвагі агульнага парадку № 35).

У беларускай практыцы ёсць дастатковая колькасць прыкладаў неправамернага абыходжання са зняволенымі, аднак і следчыя органы, і суды адмаўляюцца звязваць правамернасць узяцця пад варту з умовамі знаходжання там. Ад ацэнкі любых парушэнняў яны цалкам ухіляюцца, матывуючы гэта тым, што абыходжанне са зняволеным знаходзіцца выключна ў кампетэнцыі адміністрацый месцаў утрымання пад вартай.

Тэрмін "арышт (затрыманне)"

У Пакце пад тэрмінам "арышт (затрыманне)" маецца на ўвазе любое фізічнае затрыманне асобы, з якога пачынаецца зняволенне, а пад тэрмінам "утрыманне пад вартай" разумеюць зняволенне з моманту першаснага фізічнага затрымання і аж да вызвалення (пункт 13 Заўвагі агульнага парадку № 35).

Падставы ўтрымання пад вартай

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: 4esnok.by
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: 4esnok.by

Як адзначаецца ў пункце 14 Заўвагі агульнага парадку № 35, Пакт не ўтрымлівае пераліку дапушчальных падставаў для пазбаўлення волі, аднак падставы і працэдуры, прадпісаныя законам, не павінны падрываць права на асабістую свабоду.

У гэтым сэнсе агульныя падставы ўжывання мер стрымання, прадугледжаныя артыкулам 117 КПК (наяўнасць звестак пра тое, што абвінавачаны можа ўцячы, перашкодзіць папярэдняму расследаванню, здзейсніць грамадска небяспечнае дзеянне), з'яўляюцца дапушчальнымі. (Для параўнання, у пункце 38 Заўвагі агульнага парадку № 35 гаворыцца пра тое, што ўзяцце пад варту павінна быць неабходна "дзеля такіх мэт, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства").

Тым не менш сам факт дапушчальнасці прадугледжаных КПК падставаў не робіць правамерным само ўзяцце пад варту, бо гэтыя падставы ў беларускай практыцы ўлічваюцца толькі фармальна.

Пастанова Пленума наўпрост прадпісвае судам падчас ацэнкі абгрунтаванасці "зыходзіць з агульных падставаў ужывання мер стрымання, вызначаных арт. 117 КПК". Гэта павінна азначаць, што мера стрымання можа ўжывацца "толькі ў тым выпадку, калі сабраныя па крымінальнай справе доказы даюць дастатковыя падставы меркаваць, што падазраваны ці абвінавачаны могуць уцячы" і здзейсніць іншыя дзеянні, пералічаныя ў частцы 1 артыкула 117 КПК. Нягледзячы на прыведзеныя нормы, падчас разгляду большасці скаргаў на ўзяцце пад варту ў суд не падаецца ніякіх доказаў, якія пацвярджаюць наяўнасць падставаў для ўжывання мер стрымання, але суды гэта ігнаруюць і лічаць дастатковай падставай тое, што ў пастанове следчага працытаваны артыкул 117 КПК.

Відавочна, што такі падыход цалкам супярэчыць нават самому беларускаму заканадаўству. Зразумела, узяцце пад варту без пацверджання падставаў да гэтага не будзе прызнана правамерным і з пункту гледжання КПЧ. Так, у меркаванні па паведамленні 1502/2006, Марыніч супраць Беларусі, было канстатавана парушэнне артыкула 9 Пакта, бо дзяржава не прадэманстравала наяўнасць фактару неабходнасці дзеля таго, каб не дапусціць уцёкаў, перашкаджэння збору доказаў ці паўтору злачынства. У меркаванні па паведамленні 1369/2005, Кулаў супраць Кыргызстана, Камітэт прызнаў узяцце пад варту незаконным, прыняўшы да ўвагі, што следства не мела доказаў таго, што заяўнік меў намер уцячы ці перашкодзіць следству.

Асобна варта звярнуць увагу на тое, што для затрымання КПК не прадугледжвае такога ж пераліку падставаў, як для ўжывання мераў стрымання. У артыкуле 107 КПК паказваецца толькі тое, што затрыманне адбываецца або праз непасрэдна ўзніклае падазрэнне, або на падставе пастановы органа крымінальнага пераследу і суда, аднак крытэраў, паводле якіх затрыманне прызнаецца неабходным, не прыводзіцца. Такім чынам, нацыянальнае заканадаўства фактычна не ўтрымлівае нормаў, якія могуць выкарыстоўвацца як довады падчас абскарджання затрымання, і ў такой сітуацыі крытэры, што змяшчаюцца ў Заўвазе агульнага парадку № 35, з'яўляюцца тым больш неабходнымі для прымянення.

Выключны характар узяцця пад варту

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: medium.com
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: medium.com

Паводле пункта 3 артыкула 9 Пакта "ўтрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць судовага разгляду, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад прадастаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і, у выпадку неабходнасці, яўкі для выканання прысуду". "Утрыманне пад вартай да суда не павінна быць абавязковым для ўсіх абвінавачаных у пэўным злачынстве без уліку індывідуальных акалічнасцяў… Суды павінны разглядаць пытанне пра тое, ці дазволяць альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай, такія як заклад, электронныя бранзалеты ці іншыя умовы, ухіліць неабходнасць ва ўтрыманні пад вартай у дадзеным канкрэтным выпадку" (пункт 38 Заўвагі агульнага парадку № 35). Тым самым падкрэсліваецца, што ўзяцце пад вартай павінна з'яўляцца выключэннем, а не агульнай практыкай.

У КПК збольшага адлюстраваны выключны характар дадзенай меры стрымання за кошт указання на тое, што яна ўжываецца толькі ў выпадках, калі "мэты крымінальнага пераследу не могуць быць дасягнутыя ўжываннем мякчэйшай меры стрымання". Таксама ўзяцце пад варту не ўжываецца пры абвінавачванні (падазрэнні) у злачынствах, пакаранне за якія не перавышае двух гадоў, і некаторых меней цяжкіх злачынстваў. Апроч гэтага, артыкул 117 КПК вызначае агульнае патрабаванне пры ўжыванні любой меры стрымання ўлічваць характар падазрэння ці абвінавачвання, асобу падазраванага ці абвінавачанага, іх узрост і стан здароўя, род заняткаў, сямейнае і маёмаснае становішча, наяўнасць сталага месца жыхарства і іншыя акалічнасці.

Тым не менш, практыка паказвае, што пытанні ўжывання больш мяккай меры стрымання звычайна не разглядаюцца належным чынам. Ні ў пастановах аб узяцці пад варту, ні ў пастановах судоў па скаргах на іх не прыводзіцца крытэраў, паводле якіх неабходным прызнана менавіта ўзяцце пад варту. Абгрунтаванняў таго, з якой прычыны не могуць быць ужыты альтэрнатыўныя меры стрымання, таксама не прыводзіцца. Нават калі бок абароны наўпрост хадайнічае аб ужыванні канкрэтнай больш мяккай меры і прыводзіць адпаведныя довады, гэтым довадам не даецца належнай ацэнкі. Звесткі пра асобу і іншыя акалічнасці могуць быць уключаныя ў пастанову следчага ці суда, але прасачыць, ці паўплывалі яны нейкім чынам на прыманне рашэння, немагчыма.

Больш за тое, КПК вызначае дадатковую падставу для ўзяцця пад варту — "з матываў адной толькі цяжкасці злачынства" (пры абвінавачванні (падазрэнні) у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва, дзяржавы, вайсковага злачынства, злачынства, спалучанага з замахам на жыццё і здароўе чалавека).

Гэтая норма ўваходзіць у супярэчнасць як з прыведзенай вышэй нормай Пакта, гэтак і з палажэннем аб тым, што дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання (пункт 38 Заўвагі агульнага парадку № 35).

Судовы кантроль за ўтрыманнем пад вартай

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: bi-school.ua
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: bi-school.ua

Пункт 3 артыкула 9 Пакта вызначае, што "кожная арыштаваная ці затрыманая паводле крымінальнага абвінавачвання асоба ў тэрміновым парадку дастаўляецца да суддзі ці да іншай службовай асобы, якой належыць згодна з законам права ажыццяўляць судовую ўладу". Пункт 32 Заўвагі агульнага парадку № 35 растлумачвае, што "гэтая ўмова ўжываецца ва ўсіх без выключэння выпадках і не залежыць ад выбару і наяўнасці ў затрыманага магчымасці запатрабаваць яго выканання". Тым самым утрыманне пад вартай змяшчаецца ў сферу судовага кантролю. Пры гэтым у Заўвазе агульнага парадку звяртаецца ўвага на тое, што "неад'емным элементам належнага ажыццяўлення судовай улады з'яўляецца прынцып, паводле якога яна павінна ажыццяўляцца незалежным, аб'ектыўным і бесстароннім у дачыненні да разгляданых пытанняў органам. Таму дзяржаўны пракурор не можа лічыцца службовай асобай, правамоцнай ажыццяўляць судовую ўладу ў адпаведнасці з пунктам 3 [артыкула 19 Пакта]".

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь узяцце пад варту на стадыі папярэдняга расследавання ажыццяўляецца згодна з пастановай следчага з санкцыі пракурора. Суд з дадзенай працэдуры выключаны, яму адведзена толькі функцыя праверкі законнасці і абгрунтаванасці ўжывання меры стрымання, прычым такая праверка ажыццяўляецца толькі ў выпадку абскарджання ўзяцця пад варту абвінавачаным ці ягоным абаронцам.

З гэтага вынікае, што прадугледжаная беларускім заканадаўствам працэдура ўзяцця пад варту наўпрост супярэчыць патрабаванням Пакта. Нормы КПК, якія прадугледжваюць магчымасць судовай праверкі правамернасці ўзяцця пад варту, не могуць падмяняць сабой абавязковага судовага кантролю (тым больш што гэтыя нормы адлюстроўваюць іншую самастойную гарантыю, прадугледжаную пунктам 4 артыкула 19 Пакта — права на разгляд справы аб вызваленні ад незаконнага ці адвольнага ўтрымання пад вартай).

Удзел асобы, узятай пад варту, у судовым пасяджэнні

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: 4esnok.by
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: 4esnok.by

У пункце 34 Заўвагі агульнага парадку № 35 тлумачыцца, што "затрыманы павінен быць фізічна дастаўлены да суддзі ці іншай службовай асобы, упаўнаважанай згодна з законам ажыццяўляць судовую ўладу. Фізічная прысутнасць затрыманых на слуханні дае магчымасць дазнацца аб абыходжанні, з якім яны сутыкаліся ў зняволенні, і палягчае неадкладны перавод у ізалятар, калі прымаецца рашэнне аб далейшым утрыманні пад вартай".

Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства Беларусі вызначае практычна процілеглы падыход да пытання ўдзелу зняволенага ў судовым пасяджэнні: у частцы 2 артыкула 144 КПК абвінавачаны (падазраваны) нават не названы ў ліку асобаў, якая мае права ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні пры разглядзе скаргі на ўжыванне меры стрымання, а ў частцы 3 гэтага ж артыкула прадугледжана, што суддзя мае права выклікаць яго ў суд "у неабходных выпадках". Як можна назіраць з практыкі, такой неабходнасці суддзі не бачаць у абсалютна пераважнай большасці выпадкаў — нават калі пра гэта загадзя пісьмова хадайнічае сам зняволены ці ягоны абаронца.

Тэрміны разгляду пытання аб правамернасці ўзяцця пад варту

Вызначаючы абавязковы судовы кантроль узяцця пад варту, пункт 3 артыкула 9 Пакта падкрэслівае, што арыштаваны ці затрыманы павінен дастаўляцца ў суд "у тэрміновым парадку". На думку Камітэта па правах чалавека, "48 гадзін, як правіла, дастаткова для дастаўкі асобных асобаў, а таксама для падрыхтоўкі судовага слухання; і любая затрымка звыш 48 гадзін павінна насіць асабліва выключны характар і апраўдвацца канкрэтнымі акалічнасцямі" (пункт 33 Заўвагі агульнага парадку № 35).

Як адзначалася вышэй, абавязковы судовы кантроль ўзяцця пад варту ў беларускім заканадаўстве не прадугледжаны, а існуе толькі права асобы абскардзіць у суд сваё затрыманне ці ўзяцце пад варту. Аднак працэдура разгляду такой скаргі не адказвае крытэру "тэрміновасці" і ў пераважнай большасці выпадкаў перавышае 48 гадзін.

З моманту падачы скаргі (праз орган крымінальнага пераследу) да вынясення судом пастановы можа прайсці да шасці сутак (72 гадзіны на перадачу скаргі і далучаных матэрыялаў з органа следства ў суд і 72 гадзіны на разгляд судом). Гэты тэрмін павялічваецца яшчэ на 24 гадзіны, калі зняволены падае скаргу праз адміністрацыю месца ўтрымання пад вартай. Пры гэтым у практыцы лічыцца правамерным прымяняць правіла, паводле якога, калі сканчэнне тэрміну выпадае на непрацоўны дзень, то апошнім днём тэрміна лічыцца першы наступны за ім працоўны дзень (пры гэтым ігнаруецца ўказанне на тое, што дадзенае правіла не прымяняльнае для выпадкаў вылічэння тэрміна пры затрыманні і ўтрыманні пад вартай).

У Заўвазе агульнага парадку № 35 (пункт 33) таксама асобна абумоўлены асабліва строгі стандарт тэрміновасці — 24 гадзіны, які павінен ужывацца ў дачыненні да непаўнагадовых. Аднак беларускае заканадаўства ў дачыненні да непаўнагадовых ніякіх спецыяльных тэрмінаў разгляду скаргі на ўзяцце пад варту не вызначае.

Забеспячэнне права на абарону

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: gestion.com
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: gestion.com

Пункт 35 Заўвагі агульнага парадку № 35 падкрэслівае, што дзяржавам-удзельніцам варта дазваляць і палягчаць доступ да адваката для затрыманых у крымінальных справах ад самага пачатку іх утрымання пад вартай. Асобна абгаворваецца неабходнасць забяспечыць своечасовы і рэгулярны доступ да адваката пры правядзенні судовага разгляду ў пытанні ўзяцця пад варту (пункт 46 Заўвагі агульнага парадку № 35). Адсутнасць доступу да адваката з'яўляецца падставай для прызнання парушэння паводле артыкулу 9 Пакта.

У пастанове Пленума судам падчас праверкі законнасці ўзяцця пад варту прадпісана правяраць, ці не парушана права падазраванага, абвінавачванага на абарону (пункт 4). Аднак дадзенае права тлумачыцца вузка і аднабакова: суды правяраюць толькі тое, ці прысутнічаў адвакат падчас выстаўлення абвінавачвання і правядзення следчых дзеянняў (калі гэта з'яўлялася абавязковым).

У той час як праблема адсутнасці доступу адваката да затрыманага ў Беларусі надзвычай актуальная, суды адмаўляюцца расцэньваць як парушэнне права на абарону факты няўчаснага допуску адваката да кліента ці адсутнасці такога допуску. Адзінай магчымай рэакцыяй на такія довады абаронцы можа стаць указанне ў пастанове суда на тое, што ў рэшце рэшт доступ быў прадастаўлены.

Што да ўдзелу адваката ў судовым пасяджэнні пры абскарджанні ўзяцця пад варту, то такі ўдзел у адпаведнасці з КПК не з'яўляецца абавязковым, і суды, як правіла, не пераносяць пасяджэнняў, на якія абаронца не можа з'явіцца з аб'ектыўных прычынаў. А ў сукупнасці з тым, што і сам зняволены не дастаўляецца ў судовыя пасяджэнні пры разглядзе скаргі на ўзяцце пад варту, выходзіць, што ў такім пасяджэнні ён не можа ні самастойна, ні пасродкам адваката абараняць свае правы і фактычна пазбаўлены належнага права на абарону, што не адпавядае стандартам справядлівага судовага разгляду.

Тэрмін утрымання пад вартай

Ілюстратыўнае фота. Крыніца: newinform.com
Ілюстратыўнае фота. Крыніца: newinform.com

Пункт 3 артыкула 9 Пакта замацоўвае права зняволенага на судовы разгляд на працягу разумнага тэрміну ці на вызваленне. Асобы, якія не вызваляюцца да суда, павінны падлягаць суду ў магчыма найкароткія тэрміны, наколькі гэта ўзгадняецца з выкананнем іх правоў на абарону (пункт 37 Заўвагі агульнага парадку № 35). Дадзенае патрабаванне забяспечвае ў тым ліку і права на справядлівы судовы разгляд, бо "надзвычай працяглае дасудовае ўтрыманне пад вартай таксама можа падрываць прынцып прэзумпцыі невінаватасці паводле пункта 2 артыкула 14" (пункт 37 Заўвагі агульнага парадку № 35).

Пры гэтым у Заўвазе агульнага парадку № 35 дапускаецца магчымасць затрымак з перадачай справы ў суд, і ў выпадку, калі затрымкі становяцца неабходнымі, суддзя павінен ізноў разгледзець альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай (пункт 37). Акрамя таго, вызначана і патрабаванне перыядычна вяртацца да пытання аб неабходнасці ўжывання дасудовага ўтрымання пад вартай на прадмет высвятлення, ці застаецца яно па-ранейшаму абгрунтаваным і неабходным у святле магчымых альтэрнатыў (пункт 38).

Як можна назіраць, у беларускай практыцы тэрмін утрымання пад вартай вызначаецца не зыходзячы з правоў зняволенага, а зыходзячы з інтарэсаў следства. Агульны першапачатковы тэрмін — два месяцы — можа быць максімальна падоўжаны да васямнаццаці месяцаў. Пры гэтым абгрунтаванне неабходнасці такога працяглага расследавання і, адпаведна, утрымання чалавека пад вартай, звычайна палягае ў сцвярджэнні аб тым, што завяршыць расследаванне да заканчэння тэрміну ўтрымання пад вартай не ўяўляецца магчымым, без пазначэння для гэтага канкрэтных і дастатковых прычын.

Тэрмін утрымання пад вартай падаўжаецца пракурорам, а судовая праверка абгрунтаванасці падаўжэння гэтага тэрміна, як і першапачаткова пры ўзяцці пад варту, праводзіцца толькі ў сувязі з падачай скаргі абвінавачаным.

Пры гэтым судамі дэманструецца яшчэ больш фармальны падыход да ацэнкі правамернасці ўтрымання пад вартай. Пастанова Пленума прадпісвае высвятляць, ці захоўваюць акалічнасці, якія паслужылі падставай для прыняцця рашэння аб узяцці пад варту, сваё значэнне для падаўжэння яго тэрміну, і ці не паўстала да моманту разгляду скаргі новых акалічнасцяў, што ўплываюць на абгрунтаванасць падаўжэння тэрміну дзеяння гэтых мер стрымання (пункт 5). Аднак на практыцы суды абмяжоўваюцца канстатаваннем таго, што новых акалічнасцяў, якія маглі б служыць падставай для вызвалення, не паўстала, а законнасць і абгрунтаванасць першапачатковага ўзяцця пад варту, на думку судоў, праверцы не падлягае. Пры гэтым, хоць КПК наўпрост прадугледжвае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай пры адсутнасці падставаў для ўжывання ў дачыненні да абвінавачанага іншай меры стрымання (пункт 3 артыкула 127 КПК), ніякага належнага абгрунтавання немагчымасці ўжыць іншую меру не прыводзіцца ні ў пастановах аб падаўжэнні тэрміна, ні ў судовых пастановах, вынесеных па выніках разгляду скаргаў.

Высновы

Як бачна з вышэйпададзенага, гарантыі права на асабістую свабоду, прадугледжаныя артыкулам 9 Пакта, толькі часткова адлюстраваны ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве Беларусі, і яшчэ менш прымянення знаходзяць у практыцы. Аднак зварот да міжнародных стандартаў у адвакацкай дзейнасці ўяўляецца апраўданым і неабходным. Гэта дазваляе выкарыстоўваць шырэйшы пералік аргументаў для аспрэчвання затрымання і ўзяцця пад варту, не абмяжоўваючыся межамі нацыянальнага заканадаўства і фармальнымі падыходамі, якія склаліся ў практыцы. Акрамя таго, тыя палажэнні Пакта, якія ўсе ж знайшлі адлюстраванне ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве Беларусі, у тлумачэнні Заўвагі агульнага парадку даюць больш поўнае і ўсебаковае ўяўленне пра змест і сутнасць гарантый, якія яны прадугледжваюць. Таму, нават калі суды і следчыя органы не гатовыя ў цяперашні момант да ўжывання міжнародных стандартаў, зварот да іх з боку абароны ўсё адно мае важнае значэнне: тым самым адбываецца фармаванне ўяўлення пра права як пра больш складаную сістэму, якая не зводзіцца да працэдурных правіл.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства