Па тры гады "хатняй хіміі" за "вікторыю" і сцяжок прысудзілі стрыечным брату і сястры
Суд Ленінскага раёна Мінска 22 чэрвеня вынес прысуд Арцёму Ждановічу і Кацярыне Стаднік, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзелу ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.
Да суда Арцём Ждановіч знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 Мінска, а Кацярына Стаднік была на волі пад грашовым закладам.
Па матэрыялах абвінавачання Арцём Ждановіч і Кацярына Стаднік, напрыканцы жніўня 2020 года ў Мінску на праспекце Незалежнасці і бліжэйшых вуліцах, “дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі асобамі, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту".
Выкарыстоўвалі ў якасці пратэснай сімволікі сцяжок бел-чырвона-белага колеру, а абвінавачаны Ждановіч пры гэтым дэманструючы ў якасці пратэснага сімвала жэст V пальцамі рук, рухаліся па праезнай частцы дарогі па праспекце Незалежнасці, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту.
Абвінавачаны Ждановіч у судовым пасяджэнні віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў у поўным аб'ёме і суду паказаў, што абвінавачаная Стаднік з'яўляецца яму стрыечнай сястрой.
Яны выйшлі на праспект каб паглядзець, што там робіцца, затым далучыліся да натоўпу і прайшліся разам з усімі па вуліцы. Ждановіч у кагосьці ў натоўпе ўзяў сцяжок бел-чырвона-белага колеру, каб зрабіць некалькі фотаздымкаў. Сцяжок вярнуў асобе, у якога ўзяў. Таксама сфатаграфаваўся, паказаўшы знак перамогі V. Супрацоўнікаў унутраных спраў пры руху натоўпу не бачылі, патрабаванняў разысціся не чулі.
Абвінавачаная Стаднік у судовым пасяджэнні віну ў здзяйсненні інкрымінаванага ёй злачынства прызнала ў поўным аб'ёме.
Прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка КТУП “Мінсктранс” у судзе падтрымала заяўлены пазоў аб спагнанні ў салідарным парадку з абвінавачаных сумы матэрыяльнай шкоды ў памеры 5 839 рублёў 65 капеек.
Суд прызначыў абаім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.