viasna on patreon

Затрыманні за каментарыі, "прафілактычныя" допыты: хроніка пераследу 29 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-29T10:01:00+0300 2022-06-30T07:23:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/batura_yauhen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы актывіст Яўген Батура

Сёння раніцай дома ў грамадскага актывіста Яўгена Батуры прайшоў ператрус. Самога Яўгена затрымалі.

Родным мужчыны патэлефанаваў следчы і паведаміў, што Яўген затрыманы, бліжэйшыя 10 сутак правядзе на Акрэсціна. Пасля будзе вызначана далейшая мера стрымання. Па словах следчага, актывіст затрыманы за падзеі 2020 года.

Якія канкрэтна падзеі маюцца на ўвазе, следчы не ўдакладніў.


Палітвязня Мікалая Дзядка пераводзяць на турэмны рэжым

У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня разглядзелі справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў.

Паведамляецца, што, нягледзячы на рашэнне суда, палітвязень у добрым настроі, а гэтыя навіны не сталі для яго нечаканасцю.

Нагадаем, блогера і анархіста ў канцы сакавіка змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту. З 15 па 24 красавіка палітвязня ўтрымлівалі ў ШІЗА па двух пратаколах.

Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.

Падтрымаць палітвязня: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.


Сілавікі разграмілі кватэру маці блогера Антона Матолькі

«Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра «моцнага лідэра з жалезнымі яйкамі», і яго фашысцкую ўзброеную банду, якая настолькі «нічога не баіцца», што праз 2 гады пасля таго, як я выехаў з кватэры — помсціць маёй маме, 1951 года нараджэння.

Мы тое ўсё прыбярэм і паправім. Знайшлі чым палохаць», — каментуе @motolkohelp.


СК масава апытвае жыхароў Віцебшчыны пра «дыверсіі» на чыгунцы

Пра выклікі да следчых паведамляюць жыхары абласнога цэнтру, а таксама Наваполацку і Воршы. Як правіла, усё гэта людзі, якія «засвяціліся» падчас мірных пратэстаў 2020-га году, і праз гэта трапілі ў міліцэйскую «базу нядобранадзейных асобаў». Падчас допытаў гучаць практычна аднолькавыя пытанні, бо следчыя ў Віцебску і іншых гарадах працуюць па замове са сталіцы, дзе распачатая крымінальная права з нагоды «дыверсій» на чыгунцы. Пра сутнасць крымінальнай справы не паведамляюць, а выкліканых на допыт апытваюць у якасці «сведкаў».

Следчыя пытаюцца, што вядома пра факты «дыверсій» (псаванне стрэлак, рэлейных шафаў, рэек і г.д.), ці не звярталіся да апытаных па інфармацыю, што да спецыфікі працы чыгункі ў рэгіёне, таксама цікавяцца наяўнасцю ў тэлефоне Тэлеграм-суполак з удзелам чыгуначнікаў і допісамі ў тэматычных тэлеграм-каналах, піша "Віцебская вясна".


Прад’яўленае абвінавачанне "светлагорскім партызанам"

Абвінавачанне ў падпале на чыгунцы рэлейнай шафы сігналізацыі прад’яўленае траім жыхарам Светлагорска – Дзмітрыю РавічуДзянісу Дзікуну і Алегу Малчанаву.

28 лютага 2022 года на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" быў здзейснены падпал рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй.

Па выніках расследавання мужчынам прад'яўленыя абвінавачванні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

  • арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні);
  • арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў);
  • ч. ч. 2,4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў злучэння, якое пацягнула цяжкія наступствы, а таксама стварыла пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей);
  • арт. 356 (здрада дзяржаве).

Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на агульную суму больш за 57 тысяч рублёў.


Захоплены праўладнымі хакерамі тг-канал "Бінокля” трапіў у спіс “экстрэмісцкіх”

У судзе Ленінскага раёна Брэста адбыліся судовыя пасяджэнні аб прызнанні “экстрэмісцкімі матэрыяламі” адразу некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў.

Дакладней, сайта платформы “Новая Беларусь” (www.newbel.info), YouTube-канала “Новая Беларусь — Рэформы для людзей”, а таксама тэлеграм-канала з назвай “Брэст Live”.

Апошні рэсурс цікавы тым, што прыблізна год таму ён з’явіўся замест тэлеграм-канала незалежнага брэсцкага інтэрнэт-часопіса “Бінокль”.


У Гродне затрыманы 38-гадовы Віктар Русін

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта абражаў прадстаўнікоў улады і іх сем'і ў інтэрнэце. Акрамя таго, Віктар нібыта зарэгістраваўся ў плане "Перамога".


У Мінску затрыманы майстар па рамонце бытавой тэхнікі Аляксей Лісоўскі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 33-гадовы мужчына нібыта быў «зазывалай на пратэстах, ішоў у першых шэрагах, патрабаваў перамен».

Аляксею інкрымінаваны арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).


У Беларусі заблакавалі доступ да сайту Беларускага расследвальніцкага цэнтру

Беларускі расследавальніцкі цэнтр – гэта незалежны праект, які спецыялізуецца на найбольш складаных жанрах журналістыкі. Заснаваны камандай праектаў «Давайце разбірацца», «Лукавыя навіны», «Шчыра кажучы» і «Эканоміка з Чалым», якія выходзяць на тэлеканале «Белсат».

БРЦ з'яўляецца чальцом  Цэнтру па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP. Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах.


Разбілі вакно і затрымалі блогера

У Мінску сілавікі затрымалі блогера Аляксандра Гурніка, разбіўшы для гэтага акно яго кватэры

Як паказана ў апублікаваным праўладным тэлегарм-каналам відэа, міліцыя грукала ў дзверы Гурніка кувалдам. Адкрыць яе такім чынам не атрымалася і сілавікі залезлі ў кватэру праз акно.

Аляксандр Гурнік — аўтар блога «Беларусь у акне». На яго TikTok-акаўнт падпісаны 431 чалавек. У роліках ён гумарыстычна камэнтуе беларускія навіны, піша @mediazona_by


Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства