Дырэктару бабруйскай фірмы прысудзілі тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у двух Маршах
2 чэрвеня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд дырэктару адной з бабруйскіх арганізацый Віктару Арцёму. Суддзя Юлія Шут прызнала яго вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Яго вызвалілі ў залі суда.
"Рухаўся ў складзе калоны"
Згодна з абвінавачаннем, Арцём прыняў удзел у двух з мінскіх Маршаў на праспектах Пераможцаў і Машэрава, а таксама некаторых вуліцах. Ён нібыта прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, дзейнічаў сумесна і ўзгоднена з групай асобаў. Гэтыя дзеянні груба парушалі грамадскі парадак і былі спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.
Згодна з меркаваннем дзяржабвінавачання, удзел Арцёма ў Маршах пацягнуў за сабой парушэнне работы транспарта. Падчас мерапрыемстваў мужчына таксама выкарыстоўваў "у якасці пратэснай сімволікі палатніну бела-чырвона-белага колеру, а таксама V-падобныя жэсты сярэднім і указальным пальцамі абедзвюх рук", а таксама "знаходзіўся і рухаўся ў складзе калоны, у тым ліку, на праезнай частцы".
Адметна, што ў прысудзе не пазначаныя дата, калі мужчына здзейсніў "злачынствы" — толькі час, з 14.35 да 20.00 у першы дзень і з 13.55 да 19.00 — у другі.
Што казаў абвінавачаны?
Віктар Арцём цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што даведаўся пра акцыі ў інтэрнэце, далучаўся да натоўпу пратэстоўцаў рухаўся па праезнай частцы. Ён пацвердзіў, што меў розную атрыбутыку, а таксама здымаў тое, што адбываецца, на мабільны тэлефон. Суд палічыў, што здымкі, якія захавалі абставіны дзеянняў абвінавачанага, цалкам пацвярджаюць ягоную віну.
На судзе таксама прысутнічаў прадстаўнік "Мінсктранса", які выставіў пазоў, аднак ягоная сума невядомая. Арцём прызнаў пазоў часткова.
Суддзя Шут прызнала Арцёма вінаватым паводле арт. 342 і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хатняй хіміі". Пазоў Мінсктранса быў разгледжаны ў межах грамадзянскай вытворчасці. Да моманту вырашэння пытання па пазову маёмасць Арцёма будзе знаходзіцца пад арыштам.