Пракурор запрасіў для галоўнай рэдактаркі газеты "Новы Час" Аксаны Колб 2,5 гады "хіміі" Дапоўнена
Сёння, 7 чэрвеня, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска распачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай журналісткі і галоўнай рэдактаркі газеты "Новы Час" Аксаны Колб. Яе абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Аксана паўтара месяца ўтрымліваецца за кратамі. Справу супраць палітзняволенай будзе разглядаць сумнавядомы суддзя Дзмітрый Карсюк.
Нагадаем, раніцай 20 красавіка група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала ў кватэру, дзе жыве журналістка: яны паведамілі, што забіраюць жанчыну на допыт у Следчы камітэт, з якога яе так і не выпусцілі.
На наступны дзень Камітэт абароны журналістаў патрабаваў неадкладна вызваліць затрыманую рэдактарку газеты «Новы Час» Аксану Колб.
"Затрыманне Колб паказвае, што сітуацыя з журналістамі ў Беларусі застаецца вельмі трывожнай, і што ўлады поўныя рашучасці нацэліцца на нешматлікія незалежныя СМІ, што засталіся ў краіне.
Улады павінны неадкладна вызваліць Колб без прад'яўлення абвінавачанняў разам з усімі іншымі журналістамі, якія ў цяперашні час знаходзяцца пад вартай, і дазволіць сродкам масавай інфармацыі свабодна працаваць", — заявіў дырэктар праграмы CPJ Карлас Марцінес дэ ла Серна.
Ужо праз два дні — 22 красавіка — стала вядома, што ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Аксану перавялі ў мінскі СІЗА-1, дзе яна ўтрымліваецца па сённяшні дзень.
У лісце на волю галоўная рэдактарка піша, што марыць па вызваленні сустрэцца з сябрамі і знаёмымі:
"Так прыемна ведаць, што цябе падтрымліваюць і памятаюць. Адчуваеш, што не дарэмна жыў і працаваў.
Мару пра тое, што калі выйду на волю, абавязкова збяру ўсіх сяброў і знаёмых, каб разам парадавацца жыццю і сусвету. Каб як мага больш добрых і сумленных людзей пазнаёміліся паміж сабой. Каб пах чабор і квітнела Беларусь".
Што адбываецца на судзе?
Судовы працэс над Аксанай распачаўся сёння ў 10:30 у судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Як перадае "Новы час", Аксане Колб ставяць у віну ўдзел у шэсці 16 жніўня 2020 года. Аксана віну прызнала поўнасцю. Суд дапытаў яе.
"Мінсктранс" падаў да Аксаны Колб пазоў на суму 5980 рублёў за "перакрыццё дарог". Аксана сваю віну ў гэтым вызнае часткова. Яна сцвярджае, што знаходзілася на праезнай частцы ўсяго некалькі хвілінаў.
Даследванне пісьмовых доказаў па хадайніцтве пракурора можа быць праведзена ў закрытым паседжанні. Суддзя выдаліўся для вырашэння гэтага хадайніцтва. Суд закрылі.
На адкрыты працэс Аксаны прадстаўнікоў амбасадаў Швецыі, Чэхіі і Германіі не пусцілі нават у будынак суда.
Пасля перапынку ў судзе пракурор запрасіў для палітзняволенай 2 гады і 6 месяцаў «хіміі». У судзе абвесцілі перапынак да 15 чэрвеня 2022 года.
Газета «Новы час» выдавалася з 2002 году на беларускай мове. Яна была з нямногіх недзяржаўных газет, якая трапляла ў турмы, — яе можна было выпісаць палітвязням, але ў 2021 годзе газету выключылі з сістэмы афіцыйнага распаўсюджвання, і рэдакцыя стала рассылаць газету ў канвертах, у тым ліку палітвязням у турмы. У жніўні 2021 году «Новы час» перастаў выходзіць на паперы, бо друкарні адмаўляліся яе друкаваць. Восенню 2021 года ў Беларусі заблакавалі і сайт выдання, з таго часу журналісты публікуюць свае матэрыялы на люстэрку сайта і ў сацсетках.
Журналістаў выдання і Аксану раней затрымлівалі, канфіскоўвалі тэхніку. Нягледзячы на ціск на журналістаў, допыт у СК у кастрычніку 2021 года Аксана Колб прынцыпова вырашыла застацца ў Беларусі. Сталыя аўтары "Новага часу" Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок — палітвязні і знаходзяцца за кратамі.