viasna on patreon

Затрыманні і ціск: хроніка пераследу 12 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-12T18:11:00+0300 2022-05-13T12:06:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dubski_2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 12 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі фармацэўта, які зняў на відэа пратэст працоўных у Маладзечне

Работнікі маладзечанскага малочнага камбіната 11 траўня выйшлі на прахадную са скаргамі на малыя заробкі. У сваім інстаграме гэты сход асвятляў мясцовы фармацэўт Расціслаў Чапурны. Як стала вядома "Наша Ніва", у той жа вечар Чапурнога схапілі сілавікі.

«Яго затрымалі ў той жа вечар, калі ён здымаў работнікаў малочнага камбіната. Як і дзе яго схапілі, я не ведаю. Але ў той жа вечар прыйшлі па яго жонку, сказалі: «Прайдзёмце». Яна пацікавілася, дзе Расціслаў, адказ быў: а Расціслаў ужо ў нас, — расказаў «Нашай Ніве» сябар блогера. — Пасля ў іх дома быў ператрус, забралі мабільнікі, камп’ютарную тэхніку».

Дакладна лёс блогера невядомы. Яго сябар кажа, што Чапурному ўжо прысудзілі 10 сутак.


У рэдакцыі Intex-press адбыўся ператрус

Гэта звязана са справай затрыманага палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча, якому было прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 артыкула 361-4 КК Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Журналіста затрымалі за тое, што ён нібыта сфатаграфаваў расійскую ваенную тэхніку і даслаў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

У выніку ператрусу была канфіскаваная фотатэхніка, з дапамогай якой, як пазначана ў пастанове на ператрус, былі зроблены здымкі ваеннай тэхнікі на аэрадроме ў Баранавічах.


Параілі радавацца, што не кранулі родных. У Мінску затрымалі і збілі брата палітвязня, які 11 гадоў жыве ў Польшчы 

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы,11 траўня ў Мінску быў затрыманы былы палітвязень Арцём Дубскі — брат палітзняволенага Іллі Дубскага, асуджанага да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам Арцём з 2011 года жыве ў Польшчы, а цяпер у Беларусь прыехаў наведаць сваякоў.

Мужчына разам са сваёй маці, сястрой і двума пляменніцамі выходзіў з «Гандлёвага дома на Нямізе», калі да яго падбегла 6 супрацоўнікаў у масках. У Арцёма вырвалі з рук тэлефон, затым павалілі на зямлю і збілі, пасля чаго надзелі кайданкі і закінулі ў свой аўтамабіль. Дубскага адвезлі ў будынак КДБ на Камсамольскай.

Там у Арцёма пыталіся, ці завербаваны ён польскімі спецслужбамі, колькі гадоў ужо пражывае ў Польшчы, ці праходзіў ён ваенную падрыхтоўку, ці адносіцца да апазіцыйных структур.

Пасля допыту, які доўжыўся да 1:20, Дубскаму прапанавалі застацца на "службовай кватэры" на ноч, каб 12 траўня ён зноў з'явіўся ў КДБ і даў пісьмовыя тлумачэнні, а таксама прайшоў паліграф.

Калі Дубскі адмовіўся, супрацоўнікі на відэакамеру зачыталі мужчыну позву аб неабходнасці яўкі ў якасці асобы, у дачыненні да якой праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Паўторна з'явіцца ў КДБ яму неабходна было да 14:30 12 траўня.

На заўвагу Дубскага, што пры затрыманні яго можна было і не збіваць, чэкісты параілі радавацца, што не кранулі ягоных родных, якія былі ў той момант побач з ім.

Па дарозе з Мінска ў Асіповічы, дзе жыве зараз Дубскі, яго аўтамабіль пераследваў чорны Volkswagen Jetta. Падчас аднаго з прыпынкаў Арцём падышоў да аўтамабіля і спытаў, у чым справа, на што яму адказалі, што гэта робіцца дзеля яго ж бяспекі. Дадзены аўтамабіль з трыма сілавікамі ўнутры прастаяў каля дома Дубскага ўсю ноч.

Дубскі таксама адзначыў, што пасля збіцця яму моцна баляць рэбры і ныюць ныркі. Асобна мужчына заявіў, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў ён не здзяйсняў і мае намер сёння з'явіцца ў КДБ.

Позна ўвечары магілёўскія праваабаронцы ўдакладнілі, што Арцём Дубскі перастаў выходзіць на сувязь. Прыкладна а 12 гадзіне дня, 12 траўня, ён напісаў, што едзе ў Мінск на допыт і больш на сувязь не выходзіў. Праваабаронцы мяркуюць, што Арцём затрыманы. Падрабязнасці ўдакладняюцца.

*Арцём Дубскі — былы палітвязень і актывіст "Маладога Фронту", былы ўдзельнік "працэсу 14-ці".


Палата прадстаўнікоў Беларусі падтрымала праект аб завочным крымінальным пераследзе і судах

Ён будзе распаўсюджвацца на справы па артыкулах аб злачынствах:

  • супраць міру і бяспекі чалавецтва;
  • супраць дзяржавы;
  • шэрагу іншых злачынстваў, якія прыводзяць да пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Праектам прадугледжана, што вядзенне крымінальнай справы магчыма, калі абвінавачаны ўхіляецца ад яўкі ў вядучы расследаванне орган, у яго выдачы адмоўлена, або на працягу шасці месяцаў не атрыманы адказ на запыт аб выдачы.

Таксама прадугледжваецца правядзенне спецыяльнай вытворчасці без запыту аб выдачы: пастанову на гэта можа выдаць Генпракурор, альбо старшыня СК, КДБ са згоды Генпракурора.


У Брэсце хлопец выйшаў з антываенным плакатам да расійскага консульства — яму прызначылі 10 сутак арышту

Брэсцкай "Вясне" стала вядома, што месяц таму, 10 красавіка, жыхар Брэста Павел Барсук выйшаў з антываенным плакатам да мясцовага будынка Генконсульства Расіі. Час для пікету ён абраў такі, каб вакол абавязкова былі мінакі: каля 18.30.

Амаль імгненна Паўла затрымалі. Змясцілі ў ІЧУ, склалі пратакол па ч.1 арт.24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

На судзе 12 красавіка Павел адзначыў, што выйшаў з плакатам да консульства наўмысна, бо хацеў выказаць сваю нязгоду з уварваннем Расіі ва Украіну. За такое выказванне грамадзянскай пазіцыі Ленінскі суд Брэста ў асобе суддзі Святаслава Каліны прызначыў Барсуку 10 сутак арышту.


Палітзняволенага журналіста «Радыё Свабоды» Андрэя Кузнечыка перавялі ў магілёўскую турму

З чым звязаны перавод, невядома. Акрамя гэтага, ні калегі, ні родныя дагэтуль не ведаюць, па якім артыкуле абвінавачваюць затрыманага ў лістападзе журналіста. Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Андрэя затрымалі 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры адбыўся ператрус. Адразу яго двойчы асудзілі па адміністрацыйных справах, а 23 снежня сваякам журналіста паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу.

Падтрымайце Андрэя: Турма №4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Андрэй Аляксеевіч Кузнечык


СК Беларусі: Польшча адмовіла Беларусі ў выдачы Сцяпана Пуцілы, а Літва адмовіла ў выдачы Святланы Ціханоўскай

Аб гэтым заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гора.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства